Герой з Балгавiч

Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай

Назаўсёды маладым застаўся ў памяці сваіх равеснікаў Герой Савецкага Саюза Аляксандр Іванавіч Радкевіч, які нарадзіўся ў вёсцы Балгавічы.

А. І. Радкевіч (справа) з начальнікам штаба 218-га батальёна 33-й арміі, 1944 г.

Вучыўся Саша ў Грозаўскай сямігодцы. Захаваўся фотоздымак выпускнога класса — вучні і іх настаўнікі. Аднакласнік героя настаўнік-пенсіянер Мікалай Піліпавіч Хільчык сядзеў з ім за адной партай і адразу пазнаў свайго сябра на здымку. А таксама ён перадаў у школьны музей гэту памятку юнацкіх гадоў.

У школе сабрана шмат дакументаў пра працоўную дзейнасць і баявы шлях яе знакамітага выпускніка, маецца шмат фотаздымкаў. Аб гэтым паведаміў мне былы дырэктар Грозаўскай СШ Леанід Іванавіч Лобан. Са школьнага архіва нам становіцца вядома, што Аляксандр Іванавіч наспяхова закончыў Мінскі будаўнічы тэхнікум і 2 гады плённа працаваў прарабам у Капыльскай МТС. Шмат узвёў вытворчых аб’ектаў і тым самым унёс  уклад у калектывізацыю.

У 1935 годзе Радкевіч за-лічаны курсантам Ленінградскага інжынернага вучылішча, пасля заканчэння якога яму было   прысвоена   званне лейтэнанта.   Малады  афіцэр удзельнічае ў паходзе па вызваленні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, а затым у жорсткіх баях з белафінамі. Але гэта было толькі рэпетыцыяй перад Вялікай Айчыннай вайной. Фашысты аказаліся самым страшным і каварным ворагам, але і наш зямляк ужо быў не навічок, і ў баях паказаў сябе мужным і ўмелым воінам. Сваіх байцоў, якія не мелі ваеннага вопыту, ён вучыў пры адступленні мініраваць і ўзрываць масты і пераправы, весці інжынерную разведку.

Ужо ў лютым 1942 года яго накіроўваюць на Паўднёвы фронт і даручаюць камандаваць 116-м батальёнам 37-й арміі. Начальнік інжынерных войск арміі генерал Галдовіч успамінаў: “Сапёры Радкевіча хутка набылі баявы вопыт, умела наладжвалі перашкоды для гітлераўцаў, мініравалі ўчасткі ў Сальскіх стэпах, на Паўночным Каўказе, а калі нашы пайшлі ў наступленне пад Растовам і на Кубані, — размініравалі мінныя полі ворага”.

Ён, можна сказаць, быў першапраходзец незвычайных ваенных праектаў. У 1942 годзе ўлетку праз раку Паўночны Данец ажыццявіў пабудову маста даўжынёю больш за сто метраў. Яго кемлівыя сапёры за пяць дзён праклалі пераправу пад 40-сантыметровым слоем вады. Гэта давала магчымасць схаваць збудаванне ад пільнага вока нямецкіх лётчыкаў. Затое наша тэхніка і воінскія падраздзяленні лёгка перапраўляліся на другі бераг. Такое збудаванне ў армейскай практыцы было зроблена ўпершыню.

Такія героі, як наш зямляк, пракладвалі шлях для наступлення войск Стэпавага фронту. Нялёгка было браць Усходні вал, які фашысты лічылі непрыступным. Немцаў гналі ад Харкава і, каб яны не замацаваліся па правым беразе Дняпра, на плечы Радкевіча і яго батальёна лягла задача хутка наладзіць пераправу праз бурлівую раку. Аляксандр Іванавіч правёў разведку каля ракі, берагі Дняпра былі хоць і адкрытыя, але забалочаныя, і гэта стварала для батальёна Радкевіча вялікія цяжкасці. Але сапёрам дапамагалі наладзіць пераправу байцы стралковай дывізіі. На яе будоўлю ішло ўсё, што трапляла пад рукі: бочкі, вароты, дзверы, бярвенні. Перад начным штурмам байцы маёра Радкевіча праклалі 4 дарогі да ракі, добра замасціўшы іх. Нашы паспяхова замацаваліся на правым беразе. Каб немцы не скінулі наступаючых чырвонаармейцаў у Днепр, камбат Радкевіч са сваім рухомым атрадам устанавіў перад контратакай немцаў загароджанне з мін. Гэтае мініраванне спыніла танкі і аўтаматчыкаў ворага. А калі плацдарм расшырыўся, сапёры Радкевіча знялі загароджанне, пагналі далей ворага. Дзякуючы забяспячэнню сапёрамі батальёна Радкевіча хуткай пераправы, пастаўленая задача па прарыве нямецкай цвярдыні праз Днепр воінамі 37-й арміі была выканана. Яе камандуючы генерал-лейтэнант Шарохін і член Ваеннага Савета арміі Багнюк далі прадстаўленне на прысваенне звання Героя Савецкага Саюза Аляксандру Іванавічу Радкевічу. Не былі абдзелены ўвагай салдаты і афіцэры яго батальёна.

Затым франтавыя дарогі прывялі яго ў Малдавію.  У Ціраспалі ён не верыў і не чакаў — сустрэнецца з родным братам Віктарам, ваенным лётчыкам, грудзі якога ўпрыгожваў ордэн Чырвонага Сцяга. Яны сфатаграфаваліся. Памятны здымак захоўваецца ў роднай школе. Затым вызваляў Чэхію, Польшчу, за што мае польскія ўзнагароды. Улетку 1956 года палкоўнік Радкевіч наведаў родныя Балгавічы з жонкай Нінай Паўлаўнай, сынам Валерыем і дачкой Галінай. Але праз год, на 42-м годзе жыцця, яго не стала. Пахаваны ў Маскве на Ваганькаўскіх могілках.

Іван Ігнатчык,

член Беларускага Саюза журналістаў

Фота з архіва Грозаўскай СШ

 



2 комментария по теме “Герой з Балгавiч

  1. Огромное спасибо землякам моего деда за то что хранят память о нём ! Светлая ему память !

  2. Вельмi прыемна чытаць пра герояу з роднай вёскi. Дзякуй вялiкi!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *