Рэкорды асенняга кросу

Спорт

У суботу, 1 кастрычніка, адбылося першынство раёна па лёгкаатлетычным кросе сярод навучэнскай моладзі. Каля 200 юных бегуноў розных узростаў  выстраіліся на ўрачыстым  адкрыцці мера-прыемства на фізкультурна-аздараўленчым комплексе г. Капыля. Пасля ўдзельнікі перамясціліся ў гарадскую зону адпачынку, дзе і адбывалася асноўнае дзейства.

На дыстанцыі

Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе з’явілася шмат новых прозвішчаў сярод лепшых спартсменаў.  Дарэчы, многія з іх ці паляпшалі, ці паказвалі аднолькавыя рэкордныя секунды мінулых гадоў (за выключэннем старэйшай групы). Сёлета ў тройку мацнейшых часта траплялі вучні сельскіх школ.

Першымі ўзялі старт дзяўчынкі 2000 года і маладзей. Самай хуткай на дыстанцыі была Паліна Кіончык з Бучацінскай СШ (1.47), якая палепшыла вынік леташняга пераможцы ажно на 5 секунд. Ганна Баразнёнак з гімназіі №1 паказала другі вынік (1.51), а вучаніца Цімкавіцкай СШ Марына Нікалаеня стала трэцяй (1.55). Хлопчыкі гэтай узроставай групы пераадольвалі дыстанцыю 1000 м. Усяго секунда раздзяліла пераможцу Руслана Гарнастая з Лясноўскай СШ (3.31) і “сярэбранага” прызёра на гэтай дыстанцыі Улада Кульбіцкага з СШ №3. Трэці час паказаў цімкаўлянін Вадзім Парэйка (3.37).

Падчас узнагароджання

На тысячу метраў выйшлі і дзяўчынкі 1998-1999 г. н. Дастойны вынік тут паказала Вікторыя Шкуцько з Навасёлкаўскай СШ (4.12). Настасся Коршук са Старыцкай адзі-наццацігодкі саступіла ёй толькі дзве з паловай секунды. Трэцяй (другі раз на асеннім кросе) стала выхаванка СШ №2 Жанна Кандраценя (4.14,8). У хлопчыкаў гэтай узроставай групы перамогу святкаваў Ігар Васілевіч з Грозаўскай СШ (3.20). На дзве секунды адстаў ад яго Дзяніс Дубіна з Жыліхаўскай сярэдняй школы (3.22). А трэцім стаў Яўген Сях з Бучацінскай адзінаццацігодкі (3.23).

Адна з мацнейшых спартсменак СШ №2 Наталля Ібель у чарговы раз святкавала перамогу на тысячамятровай дыстанцыі ў дзяўчат 1996 – 1997 г. н. (3.57). Другой фінішавала Наталля Аралава (4.13) з гімназіі №1 і трэцяй – Карына Нікалаеня (4.16) з Грозаўскай адзінаццацігодкі. Дзмітрый Трыгубовіч з гімназіі №1 упэўнена перамог на 2000 метраў (6.33). Ажно 23 секунды саступіў пераможцу Мацвей Пінчук з СШ №2, а яго сябар па камандзе Антон Смольскі стаў трэцім (6.56,5).

Магчыма, моцны вецер не даў палепшыць мінулагоднія рэкорды старэйшым школьнікам як у дзяўчат, так і ў юнакоў. Тым не менш, яны паказалі дастаткова хуткія секунды.

З дзевяцісекундным запасам ад бліжэйшай саперніцы ў групе дзяўчат 1994-1995 г. н.  фінішавала Настасся Ляўко з СШ №3 (9.40.) Другой стала Яўгенія Дубоўская з гімназіі №1 (9.49), а Настасся Касмінка з гэтай жа навучальнай установы стала трэцяй (9.53).

Пераможцы і прызёры кросу

Старэйшая група юнакоў стартавала на 3000 метраў. Андрэй Фурык з гімназіі №1 упэўнена пераадолеў дыстанцыю за 10 хвілін 19 секунд і заняў першае месца. Іван Позняк з Лясноўскай СШ паказаў другі вынік (10.28), а Кірыл Рудэнка, таксама з гімназіі №1, стаў трэцім (10.30).

Пераможцы і прызёры ў асабістым заліку атрымалі граматы ад арганізатараў мерапрыемства – аддзела адукацыі райвыканкама і аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *