«Працуем над павышэннем якасці адукацыі»

Образование

Прафесія педагога ў сучасным свеце застаецца вельмі актуальнай, бо наколькі ў свядомасці дзіцяці будуць закладзены асновы яго станаўлення, настолькі ад гэтага будзе залежаць і будучыня нашай дзяржавы. Напярэдадні прафесійнага свята настаўнікаў адбылася наша сустрэча з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Аляксеем АБРОСІМАВЫМ.

— Аляксей Леанідавіч, ці захоўваецца прэстыж прафесіі педагога ў нашым раёне?

— Хачу пацвердзіць вялікую значнасць гэтай прафесіі, бо ўсе мы праходзім праз школу, праз настаўнікаў. Прыемна адзначыць, што гэту прафесію набываюць нашы выпускнікі. Зараз у навучальных установах раёна ажыццяўляюць адукацыйны працэс 880 педагогаў. Сёлета ў свае рады мы прынялі 21 маладога спецыяліста, якія шукаюць новыя шляхі вырашэння пастаўленых задач, прымяняюць сучасныя тэхналогіі.

— А як ідуць справы ў сферы адукацыі раёна на дадзены момант?

— Падчас жнівеньскіх прадметных секцый, канферэнцыі мы ўзнялі шэраг праблем і намецілі шляхі іх вырашэння. Так, аддзел і ўстановы адукацыі працуюць над паляпшэннем нашых паказчыкаў у алімпіядным руху. Наша задача – дасягнуць пэўных поспехаў на трэцім этапе рэспубліканскіх алімпіяд. Радуе, што ў мінулым годзе мы паспяхова спрацавалі па навукова-практычнай і навукова-даследчай дзейнасці. І сёлета мы нарошчваем абароты ў гэтай галіне. У цэлым кожная ўстанова адукацыі раёна працуе над павышэннем якасці адукацыі, якая запатрабавана ў нашай дзяржаве. Нашы навучэнцы паказалі нядрэнныя вынікі падчас здачы іспытаў цэнтралізаванага тэсціравання. 48% выпускнікоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Да таго ж, усе выпускнікі мінулага года працаўладкаваны.

— Напярэдадні свята прынята вызначаць лепшых прадстаўнікоў сферы. Каго б Вы назвалі ў іх ліку сёлета?

— Я думаю, што неабходна сказаць словы ўдзячнасці кожнаму педагогу, які сее разумнае, добрае, вечнае ў нашым раёне. А ў ліку лепшых хацелася б адзначыць Ж. М. Прохараву і С. Я. Свяцкую з гімназіі №1 г. Капыля, Н. П. Заварзіну, С. У. Калевіч і А. А. Сыса з СШ №2 г. Капыля, І. І. Максіменю з Бучацінскай СШ, А. Х. Дубіну з Грозаўскай СШ, Т. І. Філіпенку з Доктаравіцкай СШ, В. Э. Калеснікаву з Камсамольскай СШ, І. Л. Кандрукевіч   з   Пацейкаўскай   СШ, Н. М. Прохараву з Цімкавіцкай СШ, Т. І. Місько з Грозаўскай школы-інтэрната і многіх іншых паважаных калег. Іх праца, інавацыі заслугоўваюць увагі і распаўсюджвання перадавога вопыту. На іх неабходна раўняцца.

— Аляксей Леанідавіч, у Вас ёсць магчымасць перадаць віншаванні сваім калегам напярэдадні свята.

— Карыстаючыся выпадкам, хачу шчыра павіншаваць сваіх калег з Днём настаўніка – цудоўным святам, якое адрозніваецца асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю вам, педагогі. Спакон веку да настаўнікаў прад’яўляліся самыя высокія патрабаванні, і яны годна спраўляліся з гэтай высакароднай місіяй. Школа заўсёды была і сёння з’яўляецца цэнтрам грамадскага жыцця, прапагандыстам ведаў, культуры і гуманных каштоўнасцей.

Паважаныя калегі, вы паспяхова асвойваеце вучэбныя праграмы, выкарыстоўваеце сучасныя методыкі навучання і выхавання, рэалізуеце інавацыйныя праекты. Дзякуючы вашай стараннасці, прафесіяналізму, энтузіязму, ініцыятыве, творчасці, адказнасці жывуць і развіваюцца школы Капыльшчыны, падрастае новае пакаленне актыўных, творчых дзяцей. Іх поспехі на прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, творчых конкурсах, турнірах, спартыўных спаборніцтвах – ваша заслуга і ваш уклад у будучыню нашай краіны. Выказваю вам удзячнасць за працу, любоў да дзяцей. Жадаю вам здароўя, шчасця, поспехаў у педагагічнай дзейнасці, творчых ідэй, няхай вучні радуюць вас сваімі перамогамі і дасягненнямі.

Хачу выказаць удзячнасць і калегам – ветэранам педагагічнай працы. Ваша праца заслугоўвае ўвагі, свой вопыт вы перадалі маладым настаўнікам. Вашы калегі і выхаванцы заўсёды чакаюць вас у сценах сваіх устаноў. Моцнага вам здароўя, доўгіх гадоў жыцця, радуйце нас заўсёды сваёй прысутнасцю.

Гутарыў Сяргей КОЗЕЛ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *