Важкi капыльскi каравай

Актуально

У мінулую суботу ў Капылі адбыўся першы сельскагаспадарчы кірмаш, да якога далучылася яшчэ адна надзвычай важная падзея — узнагароджванне пераможцаў раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур у 2011 годзе.

Старшыня райвыканкама А. Жданеня, начальнік упраўлення райсельгасхарчу І. Кісляк, дырэктар ААТ «Семежава» І. Лянько

На цэнтральнай плошчы Капыля было шматлюдна. Гараджане тоўпіліся ля машын з сельскагаспадарчай прадукцыяй і “маталі на вус”, якія ж цэны сёлета будуць устанаўліваць вяскоўцы на сваю прадукцыю. Многія ўжо пачалі рабіць запасы на зіму, справядліва мяркуючы, што ў наш час усё мяняецца вельмі хутка. Іншыя выбіралі самыя апетытныя кавалачкі свініны (па 22 тыс. руб.) ці ялавічыны (20 тыс. руб.), курыныя яйкі (цана вагалася ад 5400 да 3990 рублёў за дзясятак у залежнасці ад катэгорыі), мёд (ад 55 000 да 49 150 руб. за літровы слоік). Найбольшым попытам карысталася збожжа (ячмень прапаноў-валі па 22 250 руб. за мяшок у 40 кг, пшаніцу — па 31 250 руб.). Куплялі мяса птушкі, кошыкі, на продаж чатыры гаспадаркі прывезлі парасят па 18 тысяч рублёў за кіла-грам. Гараджане з цікавасцю разглядалі сялянскія падвор’і, якія, не шкадуючы фантазіі і намаганняў і імкнучыся ўразіць не толькі капылян, але і сваіх суседзяў-аграрыяў, падрыхтавалі большасць гаспадарак.

Але ўвага і пакупнікоў, і прадаўцоў імкліва пераключылася на адкрытую сцэнічную пляцоўку, як толькі там з’явіўся народны ансамбль народнай песні “Спадчына” і загучала вясёлая мелодыя. Так пачалося свята-ўшанаванне перадавікоў жніва-2011.

На сцэне — «Спадчына»

Шчыра павіншавала прысутных з “Дажынкамі” першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк. “Сёння ў нас цудоўнае свята, — сказала Ірына Мікалаеўна, — нашы аграрыі ўнеслі значны ўклад у агульны каравай вобласці — намалацілі звыш 146 тысяч тон, што на 16 тысяч тон больш, чым у мінулым годзе. За гэта ім самая вя-лікая ўдзячнасць.” Прыгожым караваем з мукі новага ўраджаю віталі на сцэне старшыню Капыльскага райвыканкама Анатоля Жданеню, які таксама выказаў вялікую ўдзячнасць працаўнікам сельскай гаспадаркі і ўсім тым, хто ім дапамагаў, за плённую працу.

Згодна з рашэннем Капыльскага райвыканкама пераможцам уборачнай кампаніі сёлетняга года сярод гаспадарак першай групы прызнана ААТ “Семежава” (дырэктар Іван Лянько),  дзе  атрымана  па  58,1 ц/га (на 9 ц/га больш, чым летась) і па 152 кг з 1 бала-гектара, валавы збор склаў 11 041 тону, ці 112,7 % да мінулага года. Сярод лідараў таксама ААТ “Скабін” (дырэктар Віктар Станкевіч) з рэзультатам 56,2 ц/га (на 10,5 ц/га больш), 159 кг з 1 бала-гектара і 6293,5 тоны (118,1 %), ААТ “Піянер-Агра” (Аляксандр Макарчук), дзе намалацілі па 53,7 ц/га (на 3,7 ц/га больш), па 125 кг на 1 бала-гектар, валавы збор — 7789 тон (111 %), ААТ “Старыца-Агра” (Уладзімір Рудакоўскі) — ураджайнасць у гаспадарцы 51,4 ц/га (на 7,3 ц/га больш), з 1 бала-гектара атрымана па 143 кг зерня, валавы збор — 10 366 тон (105,8 %). Гаспадаркі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі,  а  іх кіраўнікі — грашовымі  прэміямі.

Попыт на мяса быў добры

Сярод гаспадарак другой групы перамог філіял “Лакнея” УП “Прыорлізінг” (кіраўнік Алег Шахновіч), дзе намалацілі па 46,2 ц/га (на 11,2 ц/га больш), атрымалі  па  124  кг  зерня  з 1 бала-гектара, валавы збор склаў 6014 тон (161,3 %). Гаспадарка таксама была ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама, а кіраўнік — грашовай прэміяй.

Сярод узнагароджаных былі кіраўнікі МАУП “Доктаравічы” Уладзімір Дземянкоў, філіяла “В. Раёўка” Леанід Петрушэня, ЗАТ “Жыліхава” Аляксандр Кукраш, ААТ “П-з “Дусаеўшчына” Сяргей Кавалеўскі — такім чынам адзначана плённая праца гэтых гаспадарак па павелічэнні валавога збору збожжа да ўзроўню 2010 года і выхаду зерня на 1 бала-гектар не менш за 100 кг.

Былі падведзены вынікі работы і ў індывідуальным спаборніцтве. Пераможцамі з уручэннем Ганаровых грамат і прэмій прызнаны (у сваім класе машын) экіпаж ААТ “Старыца-Агра” ў складзе Міхаіла Дарашэвіча і Мікалая Міхайлоўскага, Сяргей Пяцігорац і Андрэй Міцько з ААТ “Ціміразеўскі”, Аляксей Пісарэнка і Уладзімір Бізеў з гэтай жа гаспадаркі. Вызначыліся лідары сярод вадзіцеляў і аператараў збожжасушыльных комплексаў. Заслужаную ўзнагароду атрымалі вадзіцель МАУП “Доктараві-чы” Вікенцій Кухарчык і звяно аператараў з ААТ “Старыца-Агра” ў складзе Аляксандра Андрэева і Андрэя Якубовіча.

Сялянскія падвор’і

Былі  падведзены і вынікі работы сярод маладых удзельнікаў уборачнай кампаніі. Для ўручэння заслужаных узнагарод на сцэну запрасілі першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Наталлю Гарбацэвіч. Згодна з рашэннем Капыльскага райвыканкама лідарамі жніва прызнаны (па сваіх групах камбайнаў) маладзёжныя экіпажы з ААТ “Ціміразеўскі” ў складзе Івана і Сяргея Каралёў, Алега Пяцігорца і Аляксея Астахава, вадзіцелі Сяргей Турэйка з гэтай жа гаспадаркі і Сяргей Байчык з ААТ “Мажа-Агра”. Яны ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама і грашовымі прэміямі.

А дадаткам да ўсіх атрыманых віншаванняў і падарункаў стаў цудоўны канцэрт, падрыхтаваны народным ансамблем народнай музыкі “Спадчына”.Спакон веку для беларуса не было большай каштоўнасці, чым хлеб. І той, хто яго вырошчвае, ведае яго сапраўдную цану. Таму і заслугоўвае самых шчырых слоў прызнання і ўдзячнасці за сваю плённую працу.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *