Лёс, апалены вайной

Калейдаскоп

Падзеі суровых гадоў Вялікай Айчыннай вайны ўсё далей адыходзяць ад нас у гісторыю. І ўжо вырасла пакаленне людзей, якое ведае вайну толькі па кінафільмах, кнігах ды ўспамінах ветэранаў, якіх, на жаль, становіцца ўсё менш і менш. Вось і ў вёсцы Вялікая Раёўка іх засталося толькі трое: Лідзія Паўлаўна Жданко, Леанід Мікалаевіч Нікуліч, Іосіф Якаўлевіч Насевіч.

Рыхтуючыся да сустрэчы з Лідзіяй Паўлаўнай Жданко, я яшчэ раз перагартала ўспаміны У. М. Якаўлева, аднаго з арганізатараў партызанскага атрада імя Шчорса, а ў далейшым начальніка штаба гэтага атрада, перачытала кнігу В. А. Акулы “Юго-западнее Минска”, звярталася да хронікі “Памяць. Капыльскі раён”, гутарыла з жыхарамі вёскі, якія памятаюць падзеі тых вогненных гадоў. Усе гэтыя крыніцы сведчаць пра размах агульнанароднай барацьбы з нямецкімі фашыстамі на Капыльшчыне. У ваколіцах вёскі Вялікая Раёўка дзейнічалі партызанскія атрады імя Шчорса, імя Катоўскага, якія разам з атрадамі імя Будзёнага і імя Чапаева ўваходзілі ў партызанскую брагаду імя Варашылава. А атрад імя Шчорса ў большасці складаўся з жыхароў Вялікай Раёўкі, навакольных вёсак і воінаў-акружэнцаў, якім, рызыкуючы ўласным жыццём, вяскоўцы далі на некаторы час прытулак.

З Лідзіяй Паўлаўнай, былой партызанкай атрада імя Шчорса, мы гутарым у яе ўтульнай цёплай хаце. Весела патрэскваюць дровы ў печцы, якую паліць яе сын Мікалай, а за акном сыпле і сыпле снег. Сёлетняя зіма па-сапраўднаму валадарыла ў прыродзе: то мароз трашчыць, то завіруха разгуляецца. Гаспадыня няспешна апавядае:

— Калі пачалася вайна, мне было шаснаццаць гадоў. Мой брат Юзік у самым пачатку вайны трапіў у палон, але яму ўдалося ўцячы і дабрацца да дому. Ён адразу ж пайшоў у партызанскі атрад Шчорса, быў разведчыкам. Праз некаторы час у атрад падаліся бацька, Жданко Павел Сцяпанавіч, і сёстры — Алена і Паўліна, а маці, Вольга Васільеўна, я і сёстры Зоня і Алімпа засталіся дома. Увогуле ў партызаны пайшло шмат нашых вяскоўцаў, а многія падтрымлівалі з імі сувязь, дапамагалі чым маглі. За гэта немцы два разы палілі вёску, стралялі і вешалі яе жыхароў.

Асабліва страшным быў дзень 6 лютага 1943 года. Немцы з’явіліся ў вёсцы напярэдадні, пасля крывавай расправы з жыхарамі вёскі Жавалкі. Хоць у той дзень у нас яны нікога не чапалі, у вёсцы было вельмі трывожна. Назаўтра раненька мама выправіла нас, дзяўчат, у Раёк, суседнюю вёсачку. За нашай вёскай стаялі вартавыя, але нас яны, праўда, не запынілі. Так мы і выратаваліся. А ў В. Раёўцы ў гэты час разгортваліся жахлівыя падзеі. Фашысты рабавалі, катавалі людзей, а тых, хто меў сувязь з партызанамі, зганялі ў хату Лабацэвіча Антона. У нас быў свой конь, і маму забралі ў абоз — везці нарабаванае ў Капыль. Не паспелі ад’ехаць ад Раёўкі, як маму вярнулі: высветлілася, што яна партызанская жонка і маці. Яе таксама кінулі ў Лабацэвічаву хату, а потым усіх расстралялі.

Там было васемнаццаць чалавек — старых, жанчын, дзяцей. Іх пахавалі ў брацкай магіле на вялікараёўскіх могілках. А мяне, Зоню і Алімпу прытуліла Муравіцкая Ядзя. Неўзабаве з палескіх лясоў вярнулася партызанская брыгада імя Варашылава, і мы даведаліся, што 5 лютага, за дзень да смерці мамы, трапіўшы ў засаду, загінуў наш брат Іосіф. Бацька забраў нас у атрад. На аперацыі мы не хадзілі. Алена была кухарам, а мы даглядалі параненых, выконвалі розную гаспадарчую работу.

Пра сваё партызанскае жыццё Лідзія Паўлаўна расказвае вельмі сціпла, але пра яго яскрава сведчаць яе ўзнагароды: ордэн Айчыннай вайны другой ступені, ордэн “Партызан Беларусі”, медаль Жукава, шматлікія юбілейныя медалі.

Пасля вайны мая суразмоўца спачатку працавала ў паляводчай брыгадзе, потым да выхаду на заслужаны адпачынак і пяць наступных гадоў — даяркай у калгасе “Памяць Леніна”. У 1949 годзе выйшла замуж за Віктара Іосіфавіча Насевіча, інваліда Вялікай Айчыннай вайны. У іх нарадзілася чацвёра дзяцей. Жыццё было вельмі цяжкае: муж вярнуўся з фронту без нагі, таму, пакуль падрастаў сын, частку мужчынскай работы даводзілася браць на сябе. Працаваць даяркай таксама нялёгка было. З удзячнасцю Лідзія Паўлаўна ўспамінае Сей Марыю, Зянько Вольгу і яе дачку Людмілу, што працавалі побач і не раз выручалі яе. Яны ніколі не пакідалі Лідзію Паўлаўну адну.

Лёс не песціў гэтую мужную жанчыну. У 1973 годзе памёр муж. Малодшая дачка Валя толькі тады пайшла ў першы клас. Ад цяжкай працы дома і ў калгасе балелі рукі і спіна, а душа прагла прыгожага. Лідзія Паўлаўна — сапраўдная народная майстрыха. Яна і прала, і ткала, і выбівала, і вышывала. Спачатку па неабходнасці — не было чаго апрануць, а потым — для душы. Сваёй дзівоснай прыгажосцю ўражваюць выбітыя ёю вялікія, на ўсю сцяну, дываны. А меншымі, але таксама яркімі і прывабнымі, засланы ложкі. На канапах і крэслах ляжаць ажурныя накідкі, звязаныя шыдэлкам. Не раз вырабы Лідзіі Паўлаўны бралі на розныя выставы. Яшчэ не так даўно, у свае восемдзесят чатыры, яна звязала пальчаткі ўнуку Яраславу. Цяпер хацела яшчэ звязаць камізэльку дачцэ, але не слухаюцца ўжо рукі.

Час ідзе. Выраслі дзеці і ўнукі, падрастаюць два праўнукі. Дочкі Лідзіі Паўлаўны, Таня, Рая і Валя, жывуць у Мінску, а сын Мікалай дома, з маці. Цяперашнім сваім жыццём яна задаволена, бо адчувае клопат і ўвагу як з боку дзяржавы, так і ад сваіх дзяцей. Аднавяскоўцы паважаюць Лідзію Паўлаўну за працавітасць, акуратнасць, сумленнасць і шчырасць. Скаргі толькі на здароўе. Чатыры перанесеныя інфаркты — гэта не жартачкі.

І сёння хочацца пажадаць паважанаму ветэрану вайны і працы здароўя, цеплыні і разумення ад блізкіх.

Лідзія КАЗЮЧЫЦ, метадыст ДУА “Капыльскі раённы Цэнтр дзіцячага турызму і краязнаўства”



7 комментариев по теме “Лёс, апалены вайной

  1. «ордэн “Партызан Беларусі”», что-то я о таком ордене вообще никогда не слышал, у автора фонтазия разгулялась, или новые ордена появились в Отечестве нашем?

  2. Есть не орден и даже не медаль, а памятный знак « Партизан Беларуси 1941-1944 гг.». Одним словом, автор, учи матчасть.
    И неужели на Копыльщине не осталось ни одного ВОЕВАВШЕГО ветерана?

  3. ВОЕВАВШИХ ветеранов, к сожалению, на Копыльщине осталось очень мало, и об их жизненном пути рассказывали на страницах газеты не раз. А Лидия Павловна, мы думаем, заслуживает к себе внимания хотя бы тем, что будучи ребенком, пережила ужас потери матери и своих 17 односельчан. Не правда ли?

  4. А односельчан может все-таки 19???

  5. Если читали внимательно, то всех расстрелянных жителей Великой Раевки было восемнадцать. А для Лидии Павловны — мать и еще 17 односельчан. Не правда ли?

  6. Дорогие Алевтина и Игорь Николаевич! Проявите инициативу по теме о солдате Иване Изосимовиче Васькове, захороненном в Жилихово. Очень просим! Сообщения ждут родственники, а просто так,»партизанами» ехать не решаются- из-за возраста и болезней С уважением, Людмила Привалова. газета «Среднеуральская волна».

  7. В адрес работницы библиотеки дер. Жилихово Копыльского района Минской области Валентины Радкевич огромная просьба: помочь организовать приглашение снохи погибшего в Жилихово И. И. Васькова А. И. Васьковой к месту захоронения ее свекра. В 70-х годах родственников приглашали пионеры, но дети и жена бойца приехать тогда не смогли. Сейчас матери нет, но она очень хотела побывать на могиле мужа до самой смерти.Если это возможно, пожалуйста побеспокойтесь. Спонсоры для поездки найдутся. Нужно только пригласить и встретить, они пожилые люди. Ждем весточки. С уважением, Привалова Людмила

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *