Мікалай Чарнушэвіч — з кагорты генералаў

Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай

Гады ідуць так хутка, што многія падзеі, здаецца, адбываліся толькі ўчора. У гэтым годзе Капыльшчына будзе адзначаць 115-годдзе з дня нараджэння ўдзельніка грамадзянскай вайны, генерал-лейтэнанта Савецкай Арміі Мікалая Антонавіча Чарнушэвіча.

Нарадзіўся Мікалай у 1896 годзе, у сям’і местачкоўца Антона Чарнушэвіча на вуліцы Нясвіжскай (зараз Савецкая). Нялёгка бацьку было гадаваць чацвярых дзяцей, хоць і жылі не горш за суседзяў. Аднак яны вырашылі паслаць сына ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Хацелі, каб у яго склалася лепшае жыццё. Тут Мікалай пасябруе з землякамі Міхаілам Марозам, Васілём Гулейкам і Аляксандрам Сташэўскім. Кожны з іх перажыве пекла вайны. Чарнушэвіч, Гулейка, Сташэўскі, Мароз будуць гібець у акопах Першай сусветнай вайны. Мікалай, у час адной з атак на пазіцыі немцаў, быў паранены і трапіў у шпіталь. Пасля выздараўлення капыляніна накіроўваюць на вучобу ў школу прапаршчыкаў. На фронце ён ужо ў чыне афіцэра.

Вайна ламае лёсы людзей, прымушае іх ненавідзець самадзяржаўе, а тут яшчэ бальшавіцкія агітатары перацягваюць на свой бок. Неўзабаве адбываецца рэвалюцыя і апора царызму — армія, пераходзіць на бок рэвалюцыйных мас. Савецкі ўрад стараецца арганізаваць работу народнай адукацыі, і таму настаўнікі дэмабілізуюцца з арміі і накіроўваюцца на месца сваёй былой работы. Мікалай Антонавіч вяртаецца ў 1918 годзе ў родны Капыль, але яму тут нядоўга давялося настаўнічаць. У гарадку неспакойна, спачатку ўлада ў руках мясцовых буржуяў, затым немцаў. Калі немцы паспешна ўцяклі на Захад, бо ў Германіі адбылася рэвалюцыя, на Капыльшчыне ўстанавілася Савецкая ўлада. На з’ездзе Саветаў арганізуецца Пацейкаўскі валасны выканкам. Яго старшынёй абраны Антон Данілавіч Шкадарэвіч, які ў 1924 годзе стане першым старшынёй райвыканкама.

Вайсковую падрыхтоўку насельніцтва воласці і Капыля Шкадарэвіч даручыць Мікалаю Антонавічу Чарнушэвічу і прызначыць яго начальнікам Усенавуча. Педагагічныя здольнасці былога настаўніка і афіцэра дапамагалі хутка арганізаваць падрыхтоўку чырвонаармейцаў. Нашы байцы ўмела ваявалі з белагвардзейцамі Дзянікіна, Юдзеніча і бандамі Махно. У 1919 годзе сам Чарнушэвіч дабраахвотна ідзе ў Чырвоную Армію. Ён, як і яго курсанты, будзе ўдзельнічаць у баях з падраздзяленнямі Дзя-нікіна. Спачатку камандуе ротай, а затым палком. У адным з баёў яго параніла, і ён думаў, што пасля хваробы паедзе ў водпуск у Капыль. Але Капыльшчына была занята белапалякамі, і ён просіцца адправіць яго на фронт. На гэты раз ён удзельнічае ў баях з войскамі барона Урангеля. 3 разгромам Крымскай групіроўкі белага генерала заканчваецца грамадзянская вайна, і Чарнушэвіч застаецца служыць у Чырвонай Арміі. Ён вучыцца ў розных ваенных школах, а ў 1932 годзе заканчвае ваенную акадэмію імя Фрунзе. У будучым ён стане і сам выкладаць ваенныя навукі.

Пачынаецца Другая сусветная вайна. Мікалай Антонавіч, які прайшоў пекла Першай, мае добры вопыт у вайне з белафінамі. Ён беражэ сваіх салдат, і перш чым пускаць у атаку байцоў, праводзіць добрую артпадрыхтоўку. Пасля фінскай ужо вопытны камандзір удзель-нічае ў баях пад Смаленскам і Масквой. Яго камандзір-скія здольнасці заўважаюць, і ў 1943 годзе капыляніну прысвойваюць званне генерал-маёра. За ўмелае правядзенне баявых аперацый урад узнагароджвае яго ордэнам Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга і іншымі ўзнагародамі. Давялося яму папрацаваць у Генштабе Савецкай Арміі, а калі пайшоў у адстаўку ў чыне генерал-лейтэнанта, удзельнічаў у абаронна-масавай рабоце ДТСААФ.

Іван ІГНАТЧЫК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *