Святочныя цуды на старонках «Слава працы»

Актуально Общество

Навагоднія святы – час чакання чагосьці незвычайнага і чароўнага, казачнага і неверагоднага, калі ў цуды і спаўненне жаданняў вераць і спадзяюцца нават дарослыя, не кажучы ўжо пра дзяцей. Чаму ж радаваліся жыхары Капыльшчыны на працягу розных гадоў, даведаемся, гартаючы архіўныя нумары раёнкі.

      1967 год

Напрыклад, у заметцы «Новыя магазіны» гаворыцца: «Добрыя падарункі прыпаднеслі будаўнікі жыхарам вёсак Цялядавічы і Кукавічы. На Новы год у населеных пунктах адкрыты новыя магазіны. Сюды завезены харчовыя і прамысловыя тавары. Хутка пачне працаваць новы сельмаг у вёсцы Семежава».

«Шчаслівыя білеты» – так называлася паведамленне пра тое, што загадчык склада саўгаса «Прамень» Яўген Фёдаравіч Чайкоўскі набыў 5 білетаў аўтамоталатарэі. Адзін з іх – нумар 981281 – аказаўся самым шчаслівым. На яго выпаў самы буйны выйгрыш – аўтамашына «Волга». Па білетах аўтамоталатарэі аўтамашыну «Запарожац» выйграў загадчык магазіна вёскі Вясёлае Іосіф Іосіфавіч Абцэшка, матацыкл «ІЖ-ЮПІЦЕР-2» з каляскай – брыгадзір першай паляводчай брыгады калгаса «Пралетарый» Аляксандр Іванавіч Макаўчык.

1972 год

У інфармацыі «Высокае званне» расказваецца пра тое, што ў пераднавагоднія дні вялікая колькасць педагогаў Беларусі з радасцю ўспрыняла вестку аб прысваенні ганаровага звання «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР». За дасягнутыя поспехі ў выхаванні падрастаючага пакалення яго ўдастоена намеснік дырэктара Старыцкай сярэдняй школы З.І. Хілько.

1978 год

У першым нумары 1978 года на пытанні карэспандэнта адказвае механізатар калгаса «Шлях камуны» Станіслаў Зянонавіч  Дзічкоўскі.

– Чым знамянальны для Вас 1977 год?

– У гэтым годзе я атрымаў высокую ўрадавую ўзнагароду – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

– Якія планы і задумы Вы звязваеце з 1978 годам?

– Мне здаецца, што нашы планы, задумы, а тым больш мары заўсёды павінны быць крышку большыя за рэальныя магчымасці.

У гэтым – адна з крыніц нашага росту. У трэцім годзе пяцігодкі хачу пацвердзіць званне «Лепшы араты», заняць адно з першых месц па вывазцы арганічных угнаенняў, дабіцца ўраджайнасці бульбы ў 1978 годзе (узначальваю бульбаводчае звяно ў брыгадзе «Сцяпуры») не менш 200 цэнтнераў з кожнага гектара. Хачу выканаць абавязацельствы па выпрацоўцы ўмоўных гектараў мяккага ворыва.

1980 год

Былі ўспаміны і пра ваенны Новы год. Імі падзяліўся ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Сцяпан Чуеўскі: «Было гэта ў апошнюю ноч 1943 года, калі наша армія рыхтавалася да вызвалення Беларусі. А мы, партызаны, усімі сіламі стараліся дапамагчы воінам наблізіць дзень вызвалення.

Наша падрыўная група знаходзілася тады ў Колаўскім лесе на Мінскім напрамку. У навагоднюю ноч, як да гэтага здаралася вельмі часта, мы выйшлі на чыгунку, каб падарваць чарговы фашысцкі эшалон. Нягучна падпаўзлі да чыгуначнага насыпу. Заставалася прапаўзці яшчэ дзясятак крокаў, як дарогу перагарадзіў калючы дрот. На белым фоне ярка вымалёўвалася фігура  нямецкага патруля, які бегаў з аўтаматам па насыпу, ратуючыся ад холаду.

Рашылі пазбавіцца ад гэтага бегуна. Метр за метрам набліжаемся да рухомай постаці. Якім доўгім здаўся гэты шлях у некалькі метраў! Вось ужо да патруля застаецца тры, два, адзін метр…

Выканаўшы заданне, з жывым трафеем вярталіся мы ў месца размяшчэння партызанскага атрада. А сябры падрыхтавалі нам радасную сустрэчу. На заснежаных ёлках былі развешаны чырвоныя сцяжкі, у катле гатавалася святочная вячэра. У тую ноч пад хваёвымі шатамі доўга не заціхала вясёлая гамонка. Наступаў 1944 год».

1981 год

У заметцы «Добры старт» паведамляецца: «У ноч пад Новы год на хлебапякарні Капыля працавала брыгада пад кіраўніцтвам Марыі Мікалаеўны Чарнушэвіч. Было выпечана больш 5000 кілаграмаў хлеба пры абавязацельстве 4000. Пасля дванаццаці гадзін, калі Крамлёўскія куранты абвясцілі аб пачатку Новага года, на змену брыгадзе Чарнушэвіч заступіла брыгада пад кіраўніцтвам Тэрэзы Іванаўны Бярновіч, якая таксама дабілася выдатнага працоўнага поспеху».

1991 год

У навагоднім нумары сустракаем наступную навіну: «Раённы камбінат бытавога абслугоўвання адчыніў свой фірменны магазін. Адрас: г. Капыль, вул. Трактарная. Тут можна   набыць адзенне, галаўныя ўборы, мэблю – усё ўласнага вырабу.

Магазін будзе выконваць камісійныя функцыі – скупляць і рэалізоўваць паношаныя рэчы, асабліва дзіцячага асартыменту. Загадчык магазіна – Рыгор Іванавіч Прадун».

Старонкі гартаў Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *