Цяпла яе душы на ўсіх хапае

Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай

Гэтую шчырую, прыветлівую жанчыну ведаюць многія капыляне. Хоць нарадзілася і вырасла яна ў Скабіне, але амаль усё свядомае жыццё Святланы Іванаўны Апанасевіч прайшло ў райцэнтры. Тут выраслі, сталі на ногі і стварылі ўласныя сем’і яе дачка Наташа і сын Аляксандр, тут на працягу дваццаці гадоў поплеч з любімым мужам Леанідам Васільевічам яна спяшалася на працу ў друкарню. Ужо практычна дзесяць гадоў як яна на заслужаным адпачынку, усю сваю ўвагу аддае блізкім. Асаблівая любоў і клопат — унукам. Найбольшае замілаванне выклікае самая маленькая — Ганначка. Напэўна, гэта малеча прымусіла бабулю забыцца на ўсе перажыванні і паверыць у тое, што, нягледзячы на ўсе нягоды, жыццё прадаўжаецца.

Днямі Святлана Іванаўна адзначыла свой юбілей. Самыя шчырыя словы віншавання і найлепшыя пажаданні ёй выказалі не толькі родныя і блізкія, але і многія з тых, хто яе добра ведае. Гэта былыя калегі — работнікі друкарні і рэдакцыі, якія памятаюць яе працавітасць і вясёлы завадны характар; суседзі па доме і пад’ездзе, якія цэняць Святлану Іванаўну за яе добрае шчырае сэрца, гатовае адгукнуцца на любую радасць і бяду; аднавяскоўцы яе старэнькай матулі, якія ледзь не штодня бачаць тут любячую і клапат-лівую дачку.

Вельмі добра памятаем, як дзесяць гадоў таму мы адзначалі Ваш залаты юбілей, шаноўная Святлана Іванаўна. У засені маладых бярозак гучалі вясёлыя песні, да якіх Вы заўсёды былі вельмі здольная. Хочацца верыць, што мы яшчэ не раз пачуем Ваш цудоўны голас, убачым лагодную ўсмешку і адчуем Вашу гасціннасць. Дабра і міру Вам, дарагая Святлана Іванаўна! Няхай толькі добрыя навіны прыходзяць у Ваш дом!

Калектыў рэдакцыі газеты “Слава працы”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *