Бэтлеемскае святло міру было дастаўлена у Мінск і Гродна

Актуально Общество

18 снежня беларускія каталіцкія скаўты даставілі Бэтлеемскае святло міру ў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр дабрачыннай місіі Добрага Самараніна ў Мінску.

Як паведамляецца на сайце дабрачыннай каталіцкай місіі Добрага Самараніна, святая Імша Чацвёртай нядзелі Адвэнту ў капліцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра распачалася з унясення лампады, запаленай ад агню на месцы Нараджэння Хрыста ў Бэтлееме.

Гэты агонь штогод дастаўляецца ў Аўстрыю, а адтуль скаўты перадаюць яго ў розныя краіны свету ў межах акцыі Бэтлеемскае святло міру.

Каталіцкія скаўты Беларусі даставілі агонь у Хрысціянскі сацыяльны  цэнтр і  перадалі  ў  рукі арцыбіскупа эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, які ўнёс яго ў капліцу, дзе ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

А 19 снежня Агонь міру, запалены ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме, прыбыў у катэдральную базыліку святога Францішка Ксаверыя ў Гродне.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, прадстаўнікі польскага згуртавання скаўтаў урачыста перадалі агонь біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу. Звяртаючыся да ўсіх прысутных у гро-дзенскай катэдры, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, між іншым, адзначыў: «Гэты агонь нагадвае, што ўжо хутка мы будзем адзначаць поўныя радасці і хвалы святы Божага Нараджэння». Іерарх падкрэсліў, што з гэтага святла, якое сімвалізуе Езуса Хрыста, «мы хочам чэрпаць святло для саміх сябе, для кожнай і кожнага з нас».

Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *