Бурак — смачны карняплод, чырвоны і бардовы, еш у салаце круглы год і будзеш ты здаровы

Общество Смачна есці!

Буракі сталовыя былі завезены з Візантыі яшчэ ў Х стагоддзі. У старажытнасці гэту расліну вельмі шанавалі за яе гаючыя ўласцівасці. Так, напрыклад, Гіпакрат выкарыстоўваў яе для лячэння інфекцыйных і скураных захворванняў.

У цяперашні час буракі трывала ўвайшла ў наш рацыён, акрамя таго, існуе мноства рэцэптаў народнай медыцыны, у якіх знайшоў прымяненне гэты карысны караняплод.

Многую гародніну можна назваць скарбніцай здароўя. Да яе па праве адносяцца і сталовыя буракі, багатыя фосфарам, каліем і такімі мікраэлементамі, як жалеза, бром, кобальт, цынк і медзь, якія дапамагаюць нейтралізаваць шкодную і залішнюю кіслотнасць і рэгуляваць многія фізіялагічныя і біяхімічныя працэсы ў арганізме чалавека. Карысныя ўласцівасці сталовых буракоў вызначаюцца тым, што яны ўтрымліваюць шмат калію (каля 25%), які рэгулюе працу сэрца, а таксама на 8% складаюцца з арганічна звязанага хлору, які стымулюе ў нашым арганізме рух лімфы і выдатна ачышчае печань, жоўцевы пухір і ныркі. Да таго ж буракі змяшчаюць і важныя для нас вітаміны, а менавіта вітаміны групы В, нікацінавую і фоліевую кіслоты, руцін, якія паляпшаюць эластычнасць сасудаў і імунную абарону арганізма. У складзе сталовых буракоў прысутнічае шмат бялкоў, цукру, арганічных кіслот і мінеральных солей, а таксама ёду. У сувязі з гэтым карысныя ўласцівасці буракоў выкарыстоўваюцца пры захворваннях шчытападобнай залозы і пры атэрасклерозе. Аднак сярод усіх рэчываў, што ўтрымліваюцца ў бураках, асаблівую каштоўнасць уяўляе бэтаін. А карысныя ўласцівасці фермента бэтаіну вызначаюцца яго здольнасцю запавольваць развіццё злаякасных пухлін. Вельмі карысны для здароўя чалавека і сок са сталовых буракоў. Гэта найбольш каштоўны напой для паляпшэння складу крыві і ўтварэння чырвоных крывяных шарыкаў. Да таго ж бурачны сок выкарыстоўваюць для зніжэння высокага крывянага ціску, яго карысна ўжываць пры такіх хваробах, як атэрасклероз, гіпертанія, анемія, атручванні, а таксама для аднаўлення арганізма пасля перанесеных грыпу і іншых вірусных інфекцый. Калі змяшаць сок з буракоў з маркоўным, атрымаецца вельмі карысны напой для людзей, якія пакутуюць на малакроўе. Прымаць яго рэкамендуецца па 1-2 ст. л. перад ежай. Карысныя ўласцівасці бурачнай кашыцы здаўна ўжываліся пры запаленні гнойных ран. Акрамя таго, такую кашыцу можна прыкладваць і да язваў. Гэта дапаможа паменшыць запаленчыя з’явы.

Між іншым, варта асабліва адзначыць і ролю гэтай агародніны ў барацьбе з анкалогіяй. Лічыцца, што арганічныя злучэнні, якія ўваходзяць у склад буракоў, здольныя запавольваць развіццё злаякасных пухлін. Каб караняплод захаваў гаючы комплекс, яго не трэба чысціць. Дастаткова старанна прамыць губкай. Варыць буракі варта не больш за 30 хвілін, пасля чаго іх трэба адразу астудзіць у халоднай вадзе.

Тым, хто хоча захаваць і прымножыць сваё здароўе, раім есці гэту гародніну кожны дзень. А каб яна не надакучыла, можна скарыстацца наступнымі рэцэптамі. Тым больш, што зараз ідзе пост.

Пюрэ з буракоў з яблыкамі

Запячыце буракі ў духоўцы, ачысціце і працярыце. Дадайце нацёртыя на тарцы сырыя яблыкі без лупіны, запраўце пюрэ алеем, смятанай, цукрам і тушыце 10 хвілін.

Салата з селядца «Калядная»

Спатрэбіцца: філе селядца – 2 шт., бульба – 1-2 шт., цыбуля – 1 шт., маянэз – 3 ст.л., смятана – 3 ст.л., буракі – 1 шт., ігруша – 1 шт., журавіны – 50 г, алей – 2 ст.л., цукар – 2 ст.л., соль, белы перац – на смак, лімон, зеляніна пятрушкі.

Буракі і бульбу запячы ў духоўцы, загарнуўшы ў фольгу. Бульбу нарэзаць маленькімі кубікамі. Буракі нацерці на буйную тарку. Цыбулю нарэзаць дробна і заліць кіпенем. Праз некалькі хвілін ваду зліць. Ігрушу ачысціць ад лупіны і насення і нарэзаць дробнымі кубікамі. Філе селядца дробненька нарэзаць і дадаць дзве сталовыя лыжкі лімоннага соку, змяшаць. У міску пакласці селядзец, палову нарэзанай ігрушы, палову цыбулі, бульбу. Дадаць маянэз і смятану, змяшаць і паставіць у халадзільнік.

Журавіны, астатнюю грушу і цукар пакласці ў каструльку. Паставіць на агонь і на невялікім агні карамелізаваць, пакуль ігруша не стане мяккай. Пры гэтым увесь час трэба памешваць. Зняць з агню і дадаць да бурака. Пасаліць, уліць алей, дадаць цыбулю і змяшаць. Паставіць у халадзільнік і даць настаяцца дзве гадзіны. Выкладваць на блюда часткамі, чаргуючы селя-дзец – буракі. Упрыгожыць белую частку пятрушкай.

Марынаваныя буракі

Натрыце 1 кг сырых буракоў на тарцы, заліце кіпячым марынадам (1 ст.л. цукру, па палове шклянкі вады, алею і 9% воцату), вытрымайце 30 хвілін. Перад падачай дадайце да буракоў часнок і грэцкі арэх.

Запраўка для баршчу з буракоў з яблыкамі Антонаўка

Бяром 2,5 кг буракоў. Дадаём сюды 1 кг морквы, а таксама па паўкілаграма цыбулі, салодкага перцу і яблыкаў. Усё наразаем або шаткуем, а затым добра перамешваем. Да гэтай нарэзкі дадаём 4 ст. лыжкі цукру і 2 ст. лыжкі солі. Зноў усё акуратна змешваем і пакідаем у каструлі на 3 гадзіны. Пасля вытрымкі дадаём 200 г алею і 50 г 9% воцату. Размяшаўшы, варым 15-20 хвілін на маленькім агеньчыку. Затым раскладваем у шкляныя паўлітровыя слоікі і закручваем. Слоікі ставім дагары нагамі, пакуль не астынуць. Ведайце, што такая запраўка для баршчу павінна быць толькі з яблыкамі Антонаўка.

Салата з буракоў па-карэйску

Склад: буракі – 500 г, цыбуля – 1 шт., часнок – 3 зубчыкі, молатая каляндра – 1 ч.л., кунжут – 1 ст.л., чырвоны молаты перац – 1 ч.л., цукар – 1 ст.л., алей – для запраўкі, соль – на смак, лімонны сок – на смак, воцат – 1 ст.л.

Падрыхтоўка: прамыйце і ачысціце буракі, нашаткуйце іх саломкай, пасаліце і пакіньце на паўгадзіны для насычэння. Ачысціце і нарэжце цыбулю кольцамі, абсмажце на алеі і астудзіце. Часнок ачысціце і прапусціце праз прэс. Запраўце буракі смажанай цыбуляй разам з алеем, дадайце часнок, спецыі, цукар, воцат і лімонны сок. Змяшайце прыгатаваную салату і дайце настаяцца на працягу 1-2 гадзін.

Простая салата з буракоў

Інгрэдыенты: 400 г буракоў, 4 цыбуліны, 1 баначка зялёнага гарошку, 50 г хрэну, 400 г маянэзу, соль, зеляніна пятрушкі.

Прыгатаванне: хрэн і адвараныя буракі здрабніць на буйной тарцы. Дадаць падсмажаную цыбулю, зялёны гарошак, соль і перамяшаць. Заправіць маянэзам, аздобіць зялёным гарошкам і зелянінаю пятрушкі.

Тушаныя буракі з курыным філе

Склад: філе курыцы або індычкі – 300-350 г, бурак (сярэдні) – 2 шт., цыбуля – 1 шт., часнок – 1-2 зубчыкі, таматная паста – 1-2 ст.л. ці памідор.

Запраўка для курыцы: соль, перац – на смак, зеляніна.

Падрыхтоўваем прадукты. Бурак рэжам саломкай (ці націраем на буйной тарцы), цыбулю паўкольцамі, філе курынае на кубікі. Абсмажваем цыбулю да залацістага колеру. Дадаём нарэзаную курыцу з бураком. Запраўляем, солім, змешваем. Абсмажваем прыкладна 8-11 хвілін на сярэднім агні. Затым у патэльню дадаём памідор (таматную пасту) і дробна нарэзаны часнок, кроп. Змешваем, тушым яшчэ 3-5 хвілін. Даём настаяцца 10 хвілін пад крышкай. Страва атрымліваецца вельмі смачнай і галоўнае – карыснай для страўніка і стрававання.

Падрыхтваў Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *