Лаўскаму бою 3 снежня спаўняецца 80 гадоў

2022 - Год исторической памяти Актуально Общество

Лаўскаму бою 3 снежня спаўняецца 80 гадоў, калі 18 мужных партызан цаной свайго жыцця спынілі лютага ворага. Гэта ўраджэнцы Капыльшчыны,  Уздзеншчыны і адзін украінец.

Вось іх імёны: Вікенцій Драздовіч, Васіль Астрэйка, Міхаіл Дзесюкевіч, Аляксандр Ждановіч, Аляксей Кароль, Уладзімір Качаноўскі, Франц Клімовіч, Павел Лыч, Рыгор Нікановіч, Эдуард Петрашэўскі, Мікалай Сіневіч, Іван Туміловіч, Аляксандр Харытановіч, Дзмітрый Цітко, Мікалай Цяртычны, Канстанцін Шытыка, Мікалай Якімовіч, Аляксандр Ясючэня.

■ Вікенцій Драздовіч
■ Уладзімір Качаноўскі
■ Васіль Астрэйка
■ Мікалай Цяртычны
■ Міхаіл Дзесюкевіч
■ Мікалай Якімовіч
■ Аляксандр Ждановіч
■ Аляксей Кароль
■ Аляксандр Харытановіч
■ Мікалай Сіневіч
■ Аляксандр Ясючэня
■ Іван Туміловіч
■ Канстанцін Шытыка
■ Эдуард Петрашэўскі
■ Дзмітрый Цітко
■ Рыгор Нікановіч
■ Павел Лыч

Як гэта было

У канцы 1942-га фашысты вырашылі пакончыць з партызанскім рухам на Капыльшчыне. Партызанская брыгада імя К.Я. Варашылава пад камандаваннем маёра П.П. Капусты пасля шматлікіх баёў размясцілася ў Лаўскім лесе. Паблізу былі вёскі Калюга, Лавы, Язвіны, Руднікі. У партызанскую зону засылалі шпіёнаў, праводзілі разведку з самалётаў. Сувязныя дакладвалі, што ў Капылі, Слуцку і Нясвіжы з’явілася многа нямецкіх войск.

Раніцай 3 снежня 1942 года з боку Слуцка над партызанскім лагерам з’явіўся нямецкі самалёт-разведчык «Фокке-Вульф 189», які па дыму з каміноў і кастроў запеленгаваў месца дыслакацыі народных мсціўцаў. Карнікі сіламі да сямі батальёнаў з танкеткамі, бронемашынамі, гарматамі і мінамётамі пачалі акружаць брыгаду з трох бакоў. Левым флангам ворагі рушылі на вёскі Цялядавічы і Клецішча, каб далей наступаць на вёску Лавы і Лаўскі лес. Правым флангам – на вёску Калюга і лес. Яны занялі вёскі Пясочнае, Касцяшы, Осава, Лоцвіны. Камандаванне брыгады вырашыла выставіць заслоны і засады на больш верагодных шляхах з’яўлення праціўніка. Напрамак Клецішча–Лавы быў давераны ўзводу вопытнага камандзіра атрада імя Катоўскага Вікенцію Драздовічу. Засада замацавалася на могілках вёскі Клецішча за 2 км ад вёскі Лавы, прычым тры чалавекі ў самой вёсцы. Партызаны выбралі зручныя пазіцыі. Адсюль добра праглядваўся рух на Цялядавічы, Лоцвіны і Лаўскі лес.

Палітрук роты атрада імя Катоўскага Піліп Дайнека прыбыў перад боем праверыць, як уладкавалася засада. Драздовіч далажыў яму, што заўважылі вялікую колькасць немцаў і наперадзе знаходзіцца дазор у складзе камуніста Івана Жыгалковіча (камандзір), камсамольцаў Сяргея Духанава і Сяргея Пяткевіча. Дайнека сказаў партызанам, што на іх ускладваецца вялікая надзея. Нельга даць ворагу прарвацца тут, трэба выратаваць параненых таварышаў, вывезці іх з вёскі Лавы. Пратрымацца трэба дзве-тры гадзіны. Ён таксама паведаміў, што разведка даносіць пра рух буйных сіл праціўніка  з Капыля і Узды. Усе, хто знаходзіўся ў засадзе, паабяцалі стаяць насмерць.

Размову абарвала доўгая кулямётная чарга, якая даносілася з боку Клецішч. Карнікі ішлі ланцугом па глыбокім снезе, агінаючы  вёску паўкругам.  Удалечыні беглі двое партызан, якія, вяртаючыся з задання, заначавалі на ўскрайку вёскі. Аляксандра Ждановіча куля дагнала на палове шляху, а Аляксандр Харытановіч змог дабегчы да могілак і далучыцца да сяброў. За гэтым назіралі ў бінокль Дайнека і Драздовіч. Фашысты рухаліся на санках, ішлі ва ўвесь рост і нічога не падазравалі,  калі павярнулі  на Лавы і  на засаду.

– Страляць толькі па маёй камандзе, – праявіў вытрымку і папярэдзіў таварышаў Драздовіч. – Беражыце патроны. Бачыце, колькі фашыстаў прэ?

І быў той бой

Кулямётчыкі правяралі дыскі, кулямётныя стужкі. Калона карнікаў набліжалася да пагорка, на якім знаходзіліся могілкі. Тоўстыя высокія бярозы і нізкарослы хмызняк утварылі тут невялічкі астравок сярод шырокага поля. Драздовіч падаў каманду: «Агонь!» – і першым выстраліў з самазараднай вінтоўкі. Ударылі кулямёты Паўла Лыча і Дзмітрыя Цітко. Адну за адной перазараджаў кулямётныя стужкі былы лётчык-бамбардзіроўшчык (ваяваў у Іспаніі), двойчы ардэнаносец лейтэнант Мікалай Цяртычны. Коні кінуліся ў бакі, а карнікі кулём выляталі з санак, распаўзаліся, імкнучыся хутчэй схавацца ў снег. Але трапныя партызанскія стрэлы даганялі іх. Ляжалі забітыя, чуліся крыкі і стогны параненых. Дзмітрый Цітко перанёс агонь кулямёта на іншыя запрэжкі. Коні наскаквалі на сані з салдатамі, ламаючы ўсё на сваім шляху.

Па засадзе фашысты адкрылі 30-хвілінны мінамётна-артылерыйскі і кулямётны агонь з Клецішч, затым зноў пайшлі ў атаку. Міны клаліся шчыльна, падкідваючы ўверх слупы зямлі, ламаючы крыжы і магільныя агароджы. Адна міна трапіла ў дрэва і з трэскам разарвалася, асколак наскрозь прабіў цела Валодзі Качаноўскага. Так загінуў самы юны ўдзельнік Лаўскага бою, які ніколі і не фатаграфаваўся. Карнікі зноў кінуліся ў атаку, але наткнуліся на пагібельны агонь групы Драздовіча.

Подзвіг васямнаццаці байцоў увекавечаны на карціне народнага мастака СССР М. Савіцкага «Лаўскі бой». На пярэднім плане камандзір засады Вікенцій Драздовіч і Мікалай Цяртычны, лётчык, які яшчэ ў 1937 годзе ваяваў з фашыстамі ў Іспаніі, вайну сустрэў у якасці штурмана бамбардзіроўшчыка. Падчас аднаго з баявых вылетаў быў паранены над Баранавічамі, дабраўся да партызан і марыў аб тым, як зноў сядзе за штурвал. У засаду патрапіў пасля доўгіх просьбаў, бо камандзір атрада Васіль Яроменка бярог яго, чакаў аказіі, каб адправіць за лінію фронту.

Трэцюю атаку падтрымлівала гармата, якая не прынесла поспеху ворагам. Драздовіч паспеў адправіць Івана Жыгалковіча па дапамогу (змог прабіцца да сваіх), але дапамогі не атрымаў. Фашысты акружылі могілкі з трох бакоў. З вёскі Лавы артылерыя атрада імя Катоўскага адкрыла па ворагу агонь у адказ, імкнучыся адцягнуць артылерыйскі агонь праціўніка на сябе і палепшыць становішча засады. Да гітлераўцаў падышло падмацаванне. Тым часам на брыгаду рушылі карнікі з танкеткамі і гарматамі. Атрад Катоўскага не змог выйсці на дапамогу таварышам па адкрытым полі. Засада атрымала загад на адыход, але было ўжо позна: 4-я, 5-я, 6-я, 7-я атакі… У партызан было каля 10 загінулых, скончыліся патроны, а да  ворагаў падышло падмацаванне. Спачатку змоўк адзін кулямёт, затым другі. Бой працягваўся ўжо чатыры гадзіны.

Паверыўшы ў хуткую перамогу, фашысты рушылі ў 8-ю атаку, а перад гэтым яшчэ адкрылі шалёны мінамётны агонь. У справу пайшлі дзве апошнія гранаты, затым шасцёра партызан, што засталіся ўжывых, з крыкамі «ўра» пайшлі на прарыў. Упаў, не дабегшы да варожага ланцуга, Канстанцін Шытыка. Кулямётнай чаргой скасіла Вікенція Драздовіча; Дзмітрый Цітко, Павел Лыч, Іван Туміловіч і Аляксандр Харытановіч сышліся ў рукапашнай, каб знішчыць яшчэ некалькі ворагаў. Усіх параненых партызан раз’юшаныя карнікі калолі штыкамі і дастрэльвалі ў патыліцы. Моцна здзекваліся з Васіля Астрэйкі (родам з Пясочнага): гітлераўцы выразалі на яго грудзях зорку, усё цела спаласавалі.

Партызаны знішчылі 85 гітлераўцаў, больш за сотню было параненых і пакалечаных. Паліцаі сабралі людзей з навакольных вёсак з падводамі, каб вывезці сваіх забітых. Загінулых партызан ахоўвалі і не дазвалялі пахаваць. Жонка Драздовіча была побач і хацела кінуцца да застрэленага мужа, але аднавясковец прыпыніў:

– Падумай пра сына.

Жыццё аддалі «за другі свая»

Яны загінулі, каб не прапусціць ворага ў тыл, дапамаглі таварышам стрымаць націск карнікаў, эвакуіраваць параненых партызан, мірных жыхароў. Партызаны брыгады імя К.Я. Варашылава ноччу выйшлі з акружэння спачатку ў Раёўскі лес, а затым у Чырвонаслабадскі раён. Пасля бою ў разбітым станкавым кулямёце была знойдзена запіска: «Не здаёмся, паміраем за Радзіму. Лічыце ўсіх нас камуністамі і камсамольцамі». Яе напісалі кулямётчыкі Павел Лыч і Дзмітрый Цітко (ураджэнцы     в. Касцяшы Уздзенскага раёна).

■ Старонка з рукапіснага партызанскага часопіса

У 1965 годзе Вікенцію Драздовічу – камандзіру групы – пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, а ў  аграгарадку Лясное ўстаноўлены бюст Героя і помнік усім загінулым. Радавых байцоў прадставілі да ордэнаў Айчыннай вайны І ступені. У 1959 годзе на могілках вёскі Клецішча ўстаноўлены помнік загінулым партызанам. Васіля Астрэйку пахавалі ў Пясочным, а Уладзіміра Качаноўскага  – у роднай Слабада-Кучынцы, дзе ў 2015 го-дзе з’явіўся новы помнік самаму юнаму партызану.

Памяць жыве ў сэрцах новых пакаленняў. У музеі баявой славы Слабадакучынскай СШ створана экспазіцыя, прысвечаная героям Лаўскага бою. Навучэнцы Лясноўскай СШ праводзяць краязнаўчыя чытанні, на якіх узгадваюць імёны загінулых. У Капыльскім краязнаўчым музеі захоўваецца асколак 82-міліметровай мінамётнай міны, які застаўся ў дрэве на месцы бою, а таксама складзены турыстычны маршрут. У Лаўскім лесе Капыльскім вопытным лясгасам адноўлены партызанскія зямлянкі. Штогод прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, школьнікі, курсанты УА «Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь» і работнікі Капыльскага РАУС наведваюць магілы партызан, праводзяць мітынгі, ускладваюць кветкі і ўшаноўваюць памяць хвілінай маўчання.

З успамінаў

– Мой малодшы брат Уладзімір скончыў 6 класаў Слабадакучынскай сямігодкі, – расказвала Марыя Качаноўская. – Нас было шасцёра ў сям’і. Маці рана памерла. Вучыўся старанна, многа чытаў, займаўся спортам і трапна страляў, атрымаў значок «Юны Варашылаўскі стралок». Марыў аб прафесіі настаўніка. У партызаны яго прывёў лейтэнант Піліп Дайнека – муж сястры Ніны. Спачатку бацька не хацеў адпускаць 15-гадовага сына, а затым згадзіўся, што той у атрадзе будзе пад доглядам зяця і дачкі.  Атрымаў вінтоўку СВТ. Перад Лаўскім боем Валодзю камандаванне прапанавала застацца ў партызанскім лагеры. Адмовіўся,  не змог пакінуць сваіх сяброў – такі гэта быў адказны і дысцыплінаваны  юнак. Забітага брата прывезлі праз некалькі тыдняў пасля гібелі. Асколак міны трапіў яму ў жывот, за які схапіўся рукамі, і яго скруціла. Цела многа часу праляжала на марозе і моцна здранцвела, што не змаглі распраміць, так і  палажылі ў труну.

– Мой бацька Аляксандр Антонавіч (інструктар райкама партыі) з Вікенціем Драздовічам  былі сябрамі, сустракаліся па справах, і той часта бываў у нас дома, – успамінаў Аляксандр Кандыбовіч. – У пачатку акупацыі яны адступалі на ўсход і апынуліся разам у Любанскім раёне, дзе сустрэліся з сакратаром Мінскага абкама Іванам Варвашэнем, ад якога атрымалі даручэнне: «Вярнуцца на Капыльшчыну з мэтай арганізацыі падпольнага і партызанскага руху». Апошні раз я бачыў Вікенція Іосіфавіча ўлетку 1942-га. Бацька і ён наведалі нас у Слабада-Кучынцы. Маці прыгатавала абед, а мне дазволілі пагуляць з новенькім аўтаматам ППШ.

Барыс Дзенісюк,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *