Канстанцін Карнялюк: «Гасцяванне – рыса векавая»

Актуально Общество

У сённяшні час вялікіх і амаль вар’яцкіх міжнацыянальных супярэчнасцей, канфліктаў і нават войнаў беларуская гасціннасць застаецца спакойным і гарманічным астраўком міралюбівасці ў свеце, вельмі важным інструментам у справе пагаднення і дружалюбнасці людзей розных нацый.

Сэрцы добрых і неабыякавых людзей з такой вялікай і адначасова такой безабаронна-маленькай планеты Зямля не могуць не аб’ядноўвацца, станавіцца высакародна-сумленным адзінствам. У нашу шчодрую Беларусь хочуць, нягледзячы ні на што, прыязджаць многія турысты, госці. Мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы, праз нашу краіну ідуць шматлікія шляхі. Адным словам, наша айчыннае не толькі ў эканамічнай, але і ў духоўнай прасторы цалкам адпавядае спрадвечнай і такой сардэчнай,  лагодна-ласкавай  формуле майго народа «КАЛІ ЛАСКА!»

Цікава, што нашы папярэднікі нават неспадзяванага госця лічылі  самым дарагім і чаканым, называючы яго пасланнікам Бога. Разважалі, што на небе рашуча асудзяць таго, хто зачыніць зямныя дзверы перад чалавекам, асабліва перад вандроўнікам,   які патрапіў у складаную жыццёвую сітуацыю.

Беларускія гаспадыні на стол для гасцей традыцыйна ставілі ўсё самае смачнае. І ў нетаропкай размове  імкнуліся праявіць сваю прыродную ветлівасць і добразычлівасць. У розных кутках Беларусі існавалі свае завядзёнкі гасцявання, народнага этыкету, але яны былі агульнымі ў праявах ветлівасці і добразычлівасці.

Векавая беларуская  мудрасць вучыць, што шчодрая гасціннасць – гэта і надзейны, добры ўрок на будучае: калі нам давядзецца пабываць у іншай краіне, то і з намі абыдуцца не горш. Існуе нават шмат павер’яў: калі пеўнік   праспявае на варотах ці веснічках, то трэба чакаць госця.  Па кірунку ж пеўнікавай галавы можна нават вызначыць, з якой старонкі госць. Сабака брэша – госці ўжо на парозе. Стракатанне сарокі, павук, што спускаецца па павуцінні ў хаце, – таксама да гасцей. Нашы продкі вучылі   пакідаць у незачыненай хаце хлеб-соль, мёд для  гасцей, даваць прытулак падарожным, слухаць іх расповеды.

На працягу многіх стагоддзяў беларусаў ведаюць у свеце як добрых працаўнікоў, адказных і сумленных, як мужны народ, які прыняў на сябе першы агонь Вялікай Айчыннай, як краіну шчырых і дбайных гаспадароў, якія заўсёды рады гасцям, гатовы пачаставаць як новым ураджаем, так і старымі прыпасамі-прысмакамі.

Сёння ў нас рэалізуецца мноства турыстычных праектаў. Тэлебачанне Беларусі, беларускія сайты паказваюць і апісваюць  турыстычныя маршруты іншаземцам, якія потым  прыязджаюць да нас і адкрываюць для сябе прыгожую, гасцінную, ветлівую краіну. Нашы госці едуць  адпачываць на Браслаўскія азёры і Нарач, захапляюцца веліччу архітэктуры Мірскага і Нясвіжскага замкаў, прыгажосцю Камянецкай вежы, Каложскай і Спаса-Еўфрасіннеўскай цэркваў – сведкаў нацыянальнай гісторыі. Едуць  катацца на лыжах у Сілічах і Раўбічах. Вельмі добра, што ў інтэрнэце  сёння можна паглядзець на архітэктурныя і культурныя помнікі Беларусі, дарогі, гатэлі, кухню.  Пра    саму ж гасціннасць беларусаў усе ведаюць і без мiжнароднай сеткi – працуе «сарафаннае» радыё. Таму рознымі шляхамі ды са сваімі  гасцінцамі да нас спяшаюцца турысты з замежных краін, асабліва шмат з братэрскай Расіі. Канечне, ад таго, як мы прымаем гасцей, залежаць наш імідж і аўтарытэт у свеце.

У Беларусі можна не толькі ўбачыць, але і самому прыняць удзел у старадаўніх народных абрадах і забавах, якія ў розныя поры года праходзяць у гарадах, пасёлках і вёсках, этнаграфічных і краязнаўчых музеях.

Адметна, што літаральна ў любы час абсалютна  ва ўсіх куточках Беларусі праходзяць цікавыя фестывалі і святы.  Гэта і знакамітыя музычныя і тэатральныя форумы, фестывалі народнай культуры, старажытных рамёстваў і нацыянальнай кухні, велікасвецкія балі, рыцарскія турніры і рэканструкцыі эпохі Сярэдневякоўя, незвычайныя экалагічныя святы. Так што нацыянальны духоўны каляндар змястоўны і насычаны! І  гэта не проста фестывалі, гэта знакі-сведчанні нашай дружбы, нашай сілы, нашага яднання з іншымі народамі, адзінства прадстаўнікоў розных пакаленняў  саміх беларусаў.                    

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

пазаштатны аўтар «СП»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *