Душа рвецца сюды. У літаратурным музеі Кузьмы Чорнага правялі дзень ушанавання памяці Кузьмы Чорнага

2022 - Год исторической памяти Актуально Культура

Штогод 22 лістапада ў філіяле «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» ўстановы «Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры» праводзяць дзень ушанавання памяці Кузьмы Чорнага – беларускага пісьменніка, класіка, празаіка, публіцыста, перакладчыка, драматурга, крытыка і стваральніка першага беларускага рамана.

З прывітальным словам да настаўнікаў і вучняў Цімкавіцкай сярэдняй школы звярнуўся дырэктар «Музея гісторыі беларускай літаратуры» Сяргей Усік, які вызначыў асноўныя вехі станаўлення Кузьмы Чорнага.

■ Сяргей Усік

З віртуальным праектам «На хвалі часу, у плыні жыцця», прымеркаваным да 100-годдзя літаратурнага аб’яднання «Маладняк», дарэчы, у гэтым аб’яднанні пісьменнік пачынаў сваю творчую дзейнасць, пазнаёміла галоўны бібліёграф Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Юлія Абосава.

■ Юлія Абосава

Загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык расказала пра месца асобы Кузьмы Чорнага ў праекце «На хвалі часу, у плыні жыцця», які рэалізуецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі сумесна з іншымі ўстановамі, сярод якіх і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. У рамках праекта «Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю» быў прадстаўлены план работы па ўшанаванні памяці ўраджэнцаў Міншчыны для стварэння віртуальнага музея пісьменнікаў на сайце бібліятэкі.

■ Таццяна Лаўрык

Музей заўжды супрацоўнічае з Цімкавіцкай сельскай бібліятэкай, таму ў дзень правядзення літаратурна-музычнай імпрэзы вядучай была яе загадчыца Вольга Радкевіч.

■ Вольга Радкевіч знаёміць вучняў з выставай

Кузьма Чорны вельмі любіў музыку, умеў спяваць, іграў на шматлікіх музычных інструментах. І каб мерапрыемству надаць адпаведны настрой, запрасілі настаўніцу па класе цымбалаў Цімкавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Вераніку Зянько, якая выканала беларускія народныя песні. Адзінкавы верш Кузьмы Чорнага «Роднае поле» напамяць прачытаў вучань Сямён Дрозд.

У гэты дзень удзельнікі мерапрыемства ўбачылі упершыню два новыя экспанаты.

– Гэта ліст Кузьмы Чорнага і паштоўка, адрасаваныя ў вёску Цімкавічы да сваёй роднай сястры Марыі Карлаўны, – расказвае дырэктар Літаратурнага музея Людміла Ніжэвіч. – Яны напісаны ў далёкім 1944 годзе. Важна і тое, што пра гэтую паштоўку пісьменнік напісаў 2 ліпеня: «Учора паслаў у Цімкавічы паштоўку, хоць там, можа, яшчэ і немцы. Але пакуль паштоўка туды падпаўзе, то, напэўна, ужо берлінскага гадаўя не будзе». Аднак атрымалі яе толькі ў пачатку жніўня.

■ Людміла Ніжэвіч

Экспанаты перадаў музею былы дырэктар Слуцкай гімназіі Мікалай Іванавіч Хілько, якому ў свой час падарыла паштоўку і ліст сястра Кузьмы Чорнага Марыя Карлаўна Раманоўская, якая жыла ў Слуцку і сябравала з ім. Хочацца адзначыць і тое, што, нягледзячы на каштоўнасць  гэтых рэчаў, Мікалай Хілько ні на хвіліну не засумняваўся ў перадачы іх у музей беларускага класіка. Таму, паважаныя чытачы, калі ў каго-небудзь ёсць рэчы, звязаныя з жыццём і творчасцю Кузьмы Чорнага, перадавайце іх у музей. Супрацоўнікі будуць вельмі вам  удзячны.

Творчы шлях Кузьмы Чорнага быў кароткім і складаным. Усяго за два дзесяцігоддзі ён прайшоў ад пісьменніка-пачаткоўца да празаіка еўрапейскага маштабу. І калі сёння нашу літаратуру ведаюць у свеце, у гэтым ёсць і яго заслуга.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *