Да 175-годдзя з дня нараджэння Эдварда Вайніловіча — буйнога землеўладальніка, вядомага грамадскага дзеяча, члена Дзяржаўнага савета Расійскай імперыі.
Сядзіба, маёнтак – па-рознаму можна назваць гэта месца. Але ў першую чаргу мы гаворым пра прыгажосць і архітэктурныя каштоўнасці сядзібных дамоў, хараство паркаў, дзяржаўнай, грамадскай і мецэнацкай дзейнасці ўладальнікаў маёнткаў. Кожная сядзіба – гэта сведчанне мінулай эпохі, заключанае ў пэўных гістарычных падзеях, у лёсах пэўных сямейных родаў. Адна з такіх сядзіб размяшчалася калісьці ў пас. Лапухі (з 1964 г. – в. Дунаева).
Паводле архіўных дакументаў, першыя згадкі пра сядзібу Лапухі сустракаюцца яшчэ ў XVIII ст., калі яна ўваходзіла ў склад маёнтка Пукава, а яе першым гаспадаром быў Фама Ёдка.
У другой палове XIX ст. маёнтак купляе Адам Вайніловіч і пасля перадае яго сыну Эдварду. Сям’я Вайніловічаў у Лапухах ніколі не жыла. За парадкам у маёнтку сачыў упраўляючы. У яго распараджэнні былі сядзібны дом, цудоўны парк з вадаёмамі, сад, басейн, бровар, маслазавод і пральня, асобныя гаспадарчыя і службовыя пабудовы. Сядзібны дом быў драўляны з трохкалонным порцікам на парадным фасадзе і тэрасай, якая выходзіла ў парк. Гэты невялікі пейзажны парк займаў цэнтральную частку сядзібы. Да дома пад прамым вуглом адна да адной вялі дзве ўязныя алеі. Галоўная, паўднёвая, была высаджана грабам. Перад уездам у сядзібу па абодва бакі дарогі размяшчаліся тры невялікія вадаёмы. Заходняя алея была высаджана таполямі: канадскім і белым.
Ва ўласнасці Вайніловіча сядзіба знаходзілася да пачатку ХХ ст. Калі памерлі яго дзеці – спачатку сын Сымон, затым дачка Алена – Эдвард прадаў сядзібу ў Лапухах і ўсе атрыманыя грошы ўклаў у будаўніцтва Чырвонага касцёла ў Мінску.
Безумоўна, кажучы пра Эдварда Вайніловіча, нельга абмяжоўвацца толькі маёнткам у Лапухах. У 1874 г. дваццацісямігадовы Эдвард Вайніловіч пасля смерці бацькі ўступае ў валоданне радавымі маёнткамі Савічы і Пузава. З гэтага часу ён звязаў свой лёс з зямлёй, стаўшы адначасова актыўным удзельнікам грамадскага жыцця ў многіх сферах. Памешчык з дыпламаванага інжынера атрымаўся ініцыятыўны і схільны да разнастайных інавацый. Яшчэ пры жыцці бацькі Эдвард удзельнічаў у кампрамісных судах, адначасова дапамагаў асірацелым сем’ям.
У 1883 г. Эдвард Вайніловіч быў прызначаны ганаровым сусветным суддзёй Слуцкага павета, чым асабліва ганарыўся, а ў 1888 г. абраны віцэ-старшынёй Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Старшынёй гэтага аграрнага таварыства фармальна лічыўся кіраўнік Мінскай губерні, але асноўны груз адказнасці ляжаў на плячах віцэ-старшыні. Паколькі, па сутнасці, гэта было дзецішча Вайніловіча, ён карыстаўся вялізным аўтарытэтам у землеўладальнікаў Мінскай губерні. Знаходзілася арганізацыя на месцы, дзе зараз размяшчаецца Міністэрства ўнутраных спраў.
Гэтак жа Вайніловіч тройчы выбіраўся ў расійскую Дзяржаўную думу. У 1906 годзе быў членам Дзяржаўнага Савета Расіі ад Мінскай губерні. П.А. Сталыпін, будучы прэм’ер-міністрам, угаворваў Эдварда Вайніловіча заняць пасаду віцэ-міністра сельскай гаспадаркі, але ён адмовіўся…
У 1920 г. сядзіба Лапухі была нацыяналізавана і на яе базе заснавана гаспадарка з асноўным напрамкам – паляводствам. У акце прыёмкі нацыяналізаванага маёнтка прадстаўніком зямельнага аддзела, складзеным у жніўні 1920 г., запісана: плошча зямлі пад сядзібай 4 дзясяціны, пад агарод – 5 дзяс. У са-дзе налічвалася 570 яблынь, 141 груша, 78 сліў, 29 вішань, ягадныя кусты парэчкі – 122 шт., маліны 14 радоў па 30 шт., саджанцы агрэста 30 кустоў. Усіх сядзібных пабудоў – 27.
На сёння ад сядзібы Лапухі часткова захаваўся свіран, пабудаваны ў 1872 г. Яго апору складалі 12 масіўных слупоў, складзеных з валуноў і цэглы. На паўднёвым слупе захавалася дата пабудовы «1872».
Таццяна ВАРАНЦОВА, старшы навуковы супрацоўнік Капыльскага раённага краязнаўчага музея