Газеце «Культура» — 20

Культура

Тыдзень таму назад у Клецку адбылася падзея, якая заслугоўвае ўвагі аматараў прыгажосці: у мясцовым Цэнтры культуры адкрылася выстава знакамітага фотамастака Юрыя Іванова, які большую частку свайго творчага жыцця працаваў уласным карэспандэнтам Агенства друку  і  навін  Беларусі,  а цяпер уліўся ў калектыў штотыднёвіка “Культура”.

Юрый Аляксандравіч — аўтар 33 персанальных выстаў у Еўропе, Азіі, Амерыцы. У 1987 годзе ён увайшоў у лік 100 лепшых фатографаў свету, а яго фотаздымак “Лятучка” ўдастоены звання “Лепшая фатаграфія свету за 10 гадоў (80-90 гг.)”. Пэўную колькасць здымкаў майстра можна ўбачыць і ў кнізе “Между черным и белым”, якая была нядаўна выдадзена.

Адкрыцце выставы ў Клецку стала адным з мерапрыемстваў, прымеркаваных да 20-годдзя ўтварэння газеты “Культура”. У гэты дзень для супрацоўнікаў яе рэдакцыі ўпраўленнем культуры Мінаблвыканкама быў арганізаваны своеасаблівы ваяж на маляўнічых мясцінах Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў, які закончыўся ўрачыстай святочнай імпрэзай, падрыхтаванай работнікамі аддзела культуры Клецкага райвыканкама і раённага Цэнтра культуры.

Віноўнікаў урачыстасці шчыра віншавалі з юбілеем, выказвалі ў іх адрас самыя лепшыя пажаданні галоўны спецыяліст упраўлення культуры Мінаблвыканкама Галіна Ляйко, намеснік старшыні Клецкага райвыканкама Мікалай Мацуль, начальнік аддзела культуры Святлана Чалых, прадстаўнікі клецкай і капыльскай раённых газет. Ім дарылі кветкі, сувеніры, прыгожыя песні і, што самае галоўнае, цеплыню сваіх сэрцаў, каб спадобіць журналістаў на яшчэ больш плённую працу.

Госці таксама прыехалі не з пустымі рукамі. На добрую памяць Юрый Іваноў падараваў Клецкаму РЦК 15 сваіх фотаздымкаў вядомых дзеячаў культуры, якія, па яго меркаванні, стануць пачаткам сапраўднай фотагалерэі.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *