В филиале «Великая Раевка» аграрии на финишной прямой уборочной кампании

Актуально Экономика

У філіяле «Вялікая Раёўка» ўжо перасягнулі экватар уборачнай. Засталося не так многа, і жніво падыдзе да свайго лагічнага завяршэння. Упэўнена, што жніво на самай справе як Алімпіяда: вялікараёўскія хлебаробы-алімпійцы ідуць да перамогі нягледзячы ні на што. За многія гады «трэніровак»  зладжанасць у дзеяннях, узгодненасць, камандная работа заўсёды прыводзяць да дастойнага выніку.

Ураджай будзе!

Замест уступу

Хутка камбайнеры ўздыхнуць з некаторай палёгкай. Перастануць неспакойна глядзець на хмары, якія так раптоўна час ад часу згушчаюцца над спелай хлебнай нівай. Бо інтрыгі нябеснай канцылярыі сёлета былі асабліва вытанчанымі. Ды і тэрміны ўборачнай кампаніі расцягнуты, як ніколі.

Рэдакцыйная машына ў чарговы раз імчыць у поле. Па дарозе «заскочылі» ў адміністрацыю гаспадаркі па спецыяліста па ідэалагічнай рабоце Людмілу Гаргун — нашага гіда па палях сельгаспрадпрыемства.

Пад’язджаем да вёскі Куцаўшчына. Можа здацца, што вёсачка зусім пустая. Але гэта не так. Ёсць тут пастаянныя жыхары.  А дачнікаў сюды прыцягваюць рыбалка, ягады і грыбы. І, вядома, прырода. Прыгожая і спакойна-ўлагоджаная. Сельскую цішыню парушае толькі строкат конікаў. Ды гул камбайнавых рухавікоў: менавіта да іх мы і спяшаемся.

Як толькі выязджаеш за крайнюю хату ў вёсцы, погляду тут жа адкрываюцца прыгожыя, бязмежныя палі. Удалечыні спелае збожжа ўбіраюць камбайны «Палессе». Дабрацца да іх на легкавым аўтамабілі — задача не з лёгкіх. Гэта табе не ўсюдыпраходная «Ніва». Таму нам застаецца толькі чакаць. А пакуль ёсць час атрымаць асалоду ад паху свежаскошанай саломы і жнівеньскага сонейка. Добра, надвор’е падарыла нам напрыканцы лета некалькі асабліва цёплых дзён.

Залатыя хвіліны Пінчука

Тым часам шум магутнай збожжаўборачнай машыны ўсё бліжэй і бліжэй. Літаральна яшчэ пару  хвілін — і словы адзін аднаго разабраць становіцца складана.

— Гэта Пінчук, — Людміла Вікенцьеўна праз слуп збожжавага пылу ўзіраецца ў лабавое шкло і ўзмахам рукі спыняе камбайн.

Тэхніка замірае, але працягвае буркатаць, быццам незадаволеная змушаным прыпынкам. Юрый Пінчук пакідае кабіну, каб даведацца прычыну. Убачыўшы камеру, прыкметна губляецца.

■ Юрый Пінчук

— Можа, я паеду? Навошта фатаграфіі? — працаўнік палёў відавочна збянтэжаны ўвагай журналістаў, ён не шукае славы і шчыра не разумее, навошта спынілі яго камбайн.

Пінчук не лічыць сваю працу нечым асаблівым. Хутчэй, штодзённым. Усе яго думкі падпарадкаваны галоўнаму — каб не было дажджоў і тэхніка не падвяла. Бо трэба ўбраць вырашчаны ўраджай якасна і без страт. Пра тэрміны аграрыі, вядома, таксама думаюць. Але ў цяперашніх умовах — у апошнюю чаргу.

На рахунку Пінчука сёлетняя ўборачная ўжо дванаццатая. Непасрэдна ў філіяле «Вялікая Раёўка» — трэцяя. Да гэтага працаваў у іншай гаспадарцы, але тут умовы працы аказаліся больш прывабнымі і выгаднымі. Не спыніла нават тое, што на працу даводзіцца штодзень ездзіць за дваццаць кіламетраў.

У другі час сельскагаспадарчага года Юрый Пінчук уносіць на палі ўгнаенні, праводзіць хімпраполку. Зімой заняты на ўнясенні арганікі. А пакуль што яго працоўны графік, як і кожнага, хто заняты на ўборцы новага ўраджаю, вельмі ненармаваны. З самай раніцы і да ночы, калі дазваляе надвор’е. Лёгка становіцца толькі дома, дзе Юрыя з нецярпеннем чакаюць жонка Іна, дачка Улада і сын Кірыл.

— Часта дзетак і не бачу, яны ўжо спяць, бо позна дадому вяртаюся, — расказвае Пінчук. — Але нічога, засталося ўжо няшмат.

Пагаварыўшы з механізатарам, адпускаем яго. Ён тут жа садзіцца за штурвал і апускае жатку ў залатыя каласы. Праца не чакае, зараз кожная хвіліна — на вагу золата.

Водныя акцэнты

Як правіла, на полі, дзе жнуць камбайны, рэгулярна знаходзіцца бочка з вадой. «Вялікая Раёўка» — не выключэнне. Бо бяспека вышэй за ўсё. Знаёмімся з механізатарам, які прывозіць да тэхнікі бочку і цэлы дзень дзяжурыць у полі. Ім аказваецца Барыс Кляўчэня. Барыс Васільевіч ужо восем гадоў на заслужаным адпачынку, аднак кожны год дапамагае, прычым не толькі падчас уборачнай.

■ Барыс Кляўчэня

— Родам я з Ганцавіцкага раёна. Але ажаніўся і вось ужо практычна пяць дзясяткаў гадоў жыву на Капыльшчыне і сорак пяць гадоў працую ў гаспадарцы, — расказвае пра сябе Барыс Васільевіч.  Разам з жонкай Галінай выгадавалі чатырох сыноў Дзмітрыя, Анатоля, Аляксандра і Васіля. Радасць у жыцці і ўцеха для бабулі і дзядулі — шасцёра ўнукаў. Сыны Анатоль і Дзмітрый з роднай вёскі вырашылі не з’язджаць, жывуць у Вялікай Раёўцы і працуюць у гаспадарцы. І жонка больш за сорак гадоў адпрацавала ў сельгаспрадпрыемстве даяркай.

— Калі да гэтага часу запрашаюць на сезонныя працы, значыць, ваш вопыт і дапамога сёння патрэбныя, —  працягваю дыялог я.

Прыемна пагаварыць з чалавекам, які ўсё жыццё аддаў працы ў сельскай гаспадарцы. З чалавекам, якога не зламала цяжкая штодзённая праца, а зрабіла толькі мацней. І хай у полі ад пякучага сонца схавацца няма дзе, хіба толькі ў кабіне трактара, і ўсё часцей дае аб сабе ведаць узрост, але ад механізатара я ні разу не пачула слова «цяжка». Пасля некалькіх хвілін размовы я зразумела, чаму мне ў гэтым дыялогу асабліва камфортна: Барыс Васільевіч мне нечым нагадаў… майго дзядулю. Тая ж стойкасць, вытрымка, спакой і ўменне падтрымаць размову. У душы прамільгнулі лёгкі сум і светлыя ўспаміны.

Выпрабаванні… вагамі

Тым часам развітваемся з Кляўчэнем і разам з Людмілай Гаргун накіроўваемся на збожжасушыльны комплекс — яшчэ адзін стратэгічна важны аб’ект падчас уборачнай кампаніі. На тэрыторыю заязджае чарговая машына ГАЗ, загружаная новым ураджаем. Перш за ўсё — на вагі. Электроннае табло паказвае 4740 тон. Вадзіцель Сяргей Гаргун хутка робіць адзнакі ў пуцявым лісце і загадчыца склада Юлія Ярашэвіч дае дазвол на выгрузку.

Далей у працу ўступае «Амкадор», якім кіруе Сяргей Шкода. Ён спрытна ўбірае ў акуратны бурт прывезенае зерне. Пасля аператары сушылкі дапрацуюць ураджай і падрыхтуюць яго да рэалізацыі.

Адзін з аператараў, Мікалай Зарамбоўскі, на ўборачнай працуе з асаблівым пачуццём. Ён жа сам пячэ хлеб! Духмяны, мяккі, хатні.

— А шашлыкі якія марынуе! Пальчыкі абліжаш! Ніводнае свята без яго кулінарных здольнасцей не абыходзіцца, — уступае ў гутарку начальнік участка Алена Фалько.

Даведваемся, што Мікалай Зарамбоўскі ў гаспадарцы працуе інжынерам па працаёмкіх працэсах і па сумяшчальніцтве прарабам. А па адукацыі… юрыст! Вось і атрымліваецца: інжынер з юрыдычнай адукацыяй і душой кулінара. Рознабаковы і вясёлы чалавек і адразу бачна, што ён — душа кампаніі. А яшчэ — шчаслівы тата пецярых дзяцей: сыноў Аляксея, Рамана, Мікалая, Арсенія і дачкі Дар’і.

— Ай ды Коля, наш Коля! — з гонарам і нейкай асаблівай цеплынёй, уласцівай толькі вяскоўцам, гавораць пра Зарамбоўскага тыя, хто штодзень працуе разам з ім.

Крысціна ЖОГАЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.