Аграрии филиала «Лакнея» первыми на Копыльщине завершили уборку урожая зерновых культур

Актуально Экономика

Апошнія акорды сёлетняй уборачнай прагучалі для аграрыяў філіяла «Лакнея» — яны першымі ў раёне завяршылі жніво

Праца была напружанай і цяжкай, але лакнееўскія хлебаробы справіліся з ёю дастойна. Сярэдняя ўраджайнасць склала 48 цэнтнераў з гектара, убрана 2205 га збожжавых і зернебабовых культур, намалочана больш за 10 500 тон. За пару дзён да фінішу…

Фото Павла ШЕИНА

На аўтобусным прыпынку ў Папоўцах нас чакае намеснік дырэктара па раслінаводстве сельгаспрадпрыемства Аляксандр Пілецкі. Мы яшчэ паспеем застаць хлебаробаў у полі да таго, як навярэджаныя рукі камбайнераў заглушаць магутныя маторы на мехдвары.

На ўборку апошніх гектараў кінулі максімальныя сілы. Усё ж такі жніво – асаблівая пара. Ні з чым не параўнальны перыяд, калі пах свежаскошаных каласоў разносіцца па ўсёй акрузе, а наваколле напаўняецца мерным рокатам камбайнаў, якія плывуць, нібы гіганцкія птушкі, па бязмежным хлебным полі.

Адзін з «Нью Холандаў» набліжаецца да нас. Можна сказаць, амаль бясшумна, улічваючы яго габарыты. Пры гэтым у камбайне працуюць усе механізмы: усё круціцца і манатонна ператварае каласы ў россып залатых зярнятак.

Добра, калі ў адным страі з маладымі ўдзельнікамі жніва стаяць вопытныя людзі, якія ведаюць працу хлебароба дасканальна, бо не адзін год працуюць у сельскагаспадарчай галіне. У ліку такіх – Аляксандр Карпучок. Яго напарніку Вадзіму Дубоўскаму практычныя навыкі і парады старэйшага таварыша ох як патрэбныя. А Карпучку ёсць што расказаць і паказаць, бо на яго рахунку ўжо 25-ты ўборачны сезон! Юбілейны!

■ Аляксандр Карпучок (справа) з напарнікам Вадзімам Дубоўскім

За гэты час праз яго рукі прайшоў ні адзін камбайн. І перш чым сесці за руль камфартабельнага «Нью Холанда», прыйшлося папрацаваць ад душы.

– Якая тэхніка запомнілася больш за ўсё? – звяртаюся да Аляксандра.

– «Ніва»! Выходзіш пасля працоўнага дня з кабіны, дык адны вочы і рот на твары свецяцца. І на плячах вось такі пласт асцюкоў, – Карпучок паказвае меркаваную таўшчыню тых самых наліплых асцюкоў прыкладна ў сантыметр. – Кабіна была зашклёная, але калі зачынішся ў ёй, каб не ляцела ўсё ўнутр, то проста згарыш ад спякоты. Таму адкрывалася ў «Ніве» ўсё наросхрыст. А яшчэ рухавік збоку каля бункера! Ды і які там бункер быў у параўнанні з сучаснымі камбайнамі. Нейкіх паўтары тоны ўсяго.

– Як гаворыцца, усё пазнаецца ў параўнанні… А вам сапраўды ёсць з чым параўноўваць. Як сучасная тэхніка?

– Выдатная, што і казаць. На гэтым «Нью Холандзе» я ўжо шосты год, атрымліваў яго новенькім, з канвеера. Калі адразу пасля «Дона» на яго сеў і завёў, нават дзверы адчыніў, не зразумеўшы, ракоча камбайн ці не. Настолькі ціха працуе рухавік.

Новы камбайн для Карпучка быў асаблівай радасцю, улічваючы яго цягу да тэхнікі.

– Я з самага дзяцінства ведаю, што такое хлеб убіраць. Як кажуць, са школьнай парты, – з усмешкай дзеліцца эпізодамі са сваёй біяграфіі Аляксандр Карпучок. – Мой бацька ўсё жыццё працаваў у гаспадарцы механізатарам і камбайнерам. Вось і я па яго слядах пайшоў.

– Вы толькі ў сельгаспрадпрыемстве працавалі? – пытаю я.

– Не зусім. Быў перыяд, калі я працаваў у лясгасе лесніком. Але нават тады на сезон браў водпуск і садзіўся за штурвал камбайна. А пасля вярнуўся зноў у гаспадарку, усё ж зямля і тэхніка прыцягвае мяне, як магнітам.

– На чым працуеце ў іншую пару года? – мая цікаўнасць усё ж бярэ верх, і пытанні сыплюцца адно за адным.

– На ворыве, сяўбе, касьбе. Увогуле, трактар – гэта справа такая, універсальная, – усміхаецца Аляксандр Мікалаевіч.

Жне Карпучок там, дзе сам часткова і сеяў. І з гонарам кажа, што за кожны свой участак, за кожны колас ён у адказе. Нельга памыляцца механізатару ні ўвесну, ні ўлетку, ні ўвосень.

Камбайнер Вадзім Дубоўскі ў складзе экіпажа з Аляксандрам Карпучком працуе  другую ўборачную. Хлопец таксама пастаянна шчыруе ў гаспадарцы вадзіцелем – развозіць абеды. А цяперашняе жніво ў яго жыцці – пятае. Зусім хутка Дубоўскі стане дыпламаваным спецыялістам, а пакуль што з’яўляецца студэнтам-пяцікурснікам завочнага аддзялення БНТУ.

Справы сямейныя

Пакуль размаўлялі з Карпучком і Дубоўскім, з-за вышыні каласоў вынырнула яшчэ адна неабсяжная жатка. Гэта Майсюкі. Бацька і сын. Сямейныя экіпажы на палях раёна сёння – факт звыклы. У галавы сямейства Алега Майсюка цяперашняя ўборачная ўзяла адлік на чацвёрты дзясятак. Сын Дзмітрый упэўнены, што лепш за бацьку ніхто не навучыць, не пакажа і не раскажа. Такой жа думкі прытрымліваецца і Алег Яўгенавіч: лепш за сына напарніка не знайсці. Чацвёрты сезон разам.

■ З раніцы і да ночы Дзмітрый і Алег Майсюкі на хлебнай ніве

І сапраўды: сямейны тандэм сябе апраўдвае. У сельгаспрадпрыемстве бацька і сын па намалотах першыя. Ды і ў раённым спаборніцтве – адны з лідараў. Напрошваюся ў кабіну камбайна праехаць кружок. Тым больш, на «Нью Холандзе» шанец выпаў упершыню. Унутры прасторна і свежа, працуе кандыцыянер. Алег Майсюк разварочваецца і апускае жатку ў залатыя каласы. Механізмы пачынаюць працу, дынамічна «з’ядаючы» налітае трыцікале. Нібы нож слізгае па мяккім масле. Менавіта такое параўнанне першым прыходзіць у галаву. Захоп жаткі – больш за дзесяць метраў, а камбайнер быццам і не адчувае яе памераў. Збожжаўборачную машыну вядзе ўпэўнена, амаль з ювелірнай дакладнасцю, захопліваючы кожны каласок на сваім шляху. А ў бункер сыплецца новая партыя свежага зерня. З кабіны праз назіральнае акенца ён бачны знутры цалкам. А пакуль камбайн рухаецца па хлебнай ніве, ёсць час паразмаўляць.

– Я разам з жонкай Таццянай прыехаў на Капыльшчыну з Хойніцкага раёна. Катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі прымусіла пакінуць малую радзіму. Было абавязковае адсяленне. Выбралі вёску Камсамольская, таму што адсюль родам мой бацька, усё ж не чужына, – дзеліцца ўспамінамі 36-гадовай даўніны Алег Майсюк.

Першым камбайнам, на якім працаваў Майсюк, быў «Колас». Сёння гэта ўжо музейны экспанат і легенда, якая засталася ў далёкім мінулым. Выпускалася збожжаўборачная тэхніка Таганрогскім камбайнавым заводам.

– Ох, і паганяў я з поля дзікіх жывёл за сваю практыку, – працягвае ўспамінаць Алег Яўгенавіч. – Аднойчы нават алень ад камбайна з поля сыходзіў. Зусім блізка бачыў. Прыгажун такі!

На такія сямейныя экіпажы глядзіш заўсёды з павагай. І нават з ноткай нейкай здаровай зайздрасці: «Могуць жа людзі вось так!»

Могуць. І іх шмат сёння на палях раёна. Тых, хто літаральна «вынес» гэты ўраджай на сваіх плячах. І яшчэ не адзін год змогуць. Выціраючы з твару пыл з пахам збожжа, у чарговы раз скажуць: «Якія там выхадныя. Зімой адпачнём…».

Крысціна ЖОГАЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.