Лесновские аграрии трудятся на уборочной страде днем и ночью

Актуально Экономика

Эпізод v.

Не перашкода цемната…

У працы і клопатах пралятаюць дні для аграрыяў УП «ПІК-Лясное». Непрыкметна і хутка… Быццам нехта нябачны перагортвае лісткі календара, няўмольна набліжаючы летні час да восені. У пагодлівыя дні хлебаробы стараюцца як мага больш часу правесці ў полі, выпрацоўваючы змены да апошняй хвіліны і нават больш. Калі дазваляе надвор’е, а вячэрняя раса не пакрывае густа каласы, шум камбайнаў на хлебнай ніве чуецца і да поўначы.

Яркае святло пражэктара, усталяванага на кабіне камбайна, рэзка разразае цемнату. А пасля плаўна слізгае па хлебнай ніве. Шум магутных рухавікоў разносіцца над полем, а жатка дынамічна «з’ядае» каласы. Гэтак жа чыста, як і днём, не пакідаючы ў полі ніводнай сцяблінкі.

У адной з чатырох магутных машын – сямейны экіпаж. Муж Генадзь Шыдлоўскі і жонка Таццяна Пазнякова працуюць разам ужо другі сезон. Сама сабой напрошваецца думка аб тым, што праца камбайнавага экіпажа ў складзе мужа і жонкі – гэта ўсё ж рэдкі выпадак. І няхай гавораць, што разам працаваць складана, але, сустрэўшыся з Генадзем і Таццянай на жніве, разумееш, як выдатна і дружна ў іх гэта атрымліваецца. Не трэба быць празорліўцам, каб заўважыць, колькі радасці на іх тварах.

– Мы заўсёды разам працуем дома, а цяпер і на жніве. Летась паспрабавалі, спадабалася, – з усмешкай тлумачыць Таццяна.

– Хто ў кабіне галоўны? – пытаю я.

– Я! Сачу за парадкам, – смяецца Таццяна і ўпотай пазірае на мужа, – а вось за тэхналагічныя працэсы адказвае Гена. Наогул, абавязкі на камбайне размеркаваны. У першы год была прыцірка, а зараз прыходзім на працу, і кожны ведае, хто і за што адказвае.

Генадзь і Таццяна – шматдзетныя. З працы тату і маму чакаюць дочкі Валерыя і Настасся ды сыны Аляксандр з Максімам. А пакуль бацькі працуюць у полі, дзяцей даглядае бабуля, якая жыве побач.

Вопытным камбайнерам нават цёмны час сутак – не перашкода. Бо збожжаўборачную машыну яны вядуць упэўнена, часта на інтуітыўным узроўні. Напрыклад, Іван Логаш нават з заплюшчанымі вачыма толькі па шуме машыны скажа, што яго жалезны таварыш працуе як гадзіннік. Жне механізатар там, дзе сам і сеяў. Свой камбайн Іван ласкава называе… Люся.

– Чаму Люся? – пытаю я.

– І сам не ведаю, – Логаш усміхаецца і глядзіць у бок тэхнікі з асаблівай цеплынёй. – Я з Люсяй размаўляю. Бывае сяду ў кабіну і прашу: «Ну давай, родная, яшчэ трошачкі». А ўвогуле працуецца нядрэнна, ды і напарнік у мяне добры. З Анатолем Сокалам не першы сезон разам убіраем спелы ўраджай.

Час на гадзінніку набліжаецца да поўначы. Камбайнеры напаўняюць  апошнія на сёння бункеры і паціху падцягваюцца ў бок мехдвара. Хлебаробам трэба адпачыць, бо заўтра зноў у поле. Пах свежага збожжа, змешанага з начной прахалодай, ахутвае і дорыць пачуццё лёгкасці. Жніво ў цёмны час сутак напоўнена нейкай асаблівай атмасферай…

Эпізод vІ.

Тысячныя рубяжы на рапсавым полі

Рапсавае поле каля вёскі Язвіны. камбайнаў тут практычна не бачна. Варта толькі ім ад’ехаць ад дарогі – яны адразу хаваюцца ў вышыні пасеваў. І нядзіўна: добры там рапс сёлета. Рослы, з прыгожымі, поўнымі насення струкамі.

■ Леанід Буцэвіч віншуе вадзіцеля Анатоля Янушку з працоўнай перамогай

– на гэтым полі ўраджайнасць 45 цэнтнераў з гектара, – з гонарам кажа кіраўнік гаспадаркі Леанід Буцэвіч. – Хацелася б, каб і сярэдняя па гаспадарцы дасягнула такіх жа паказчыкаў, але гэта лічба вагаецца ў межах 36 цэнтнераў з гектара. Менш масланасення вязуць з песачанскіх палёў. Там ураджайнасць рапсу ў сярэднім 25 ц/га. Што зрабіць, глеба такая. Пясок вакол. У пару б кар’ер адкрываць, а не сельгаскультуры апрацоўваць.

Тым не менш, нягледзячы на ўсе цяжкасці Леанід Буцэвіч з аптымізмам глядзіць у будучыню. І з энтузіязмам распавядае аб праведзенай працы.

З-за густой рапсавай сцяны вынырвае камбайн «Нью Холанд». Кіруе ім адзін з ударных экіпажаў у сельгаспрадпрыемстве. Галоўны ў кабіне гэтага камбайна – Сяргей Клочка, а дапамагае яму малады спецыяліст Уладзіслаў Рудзько. Менавіта гэты экіпаж днямі пераадолеў тысячны рубеж. Хлебаробаў прама ў поле прыехаў павіншаваць Леанід Буцэвіч, падзякаваў за працу і ўручыў заслужаныя падарункі.

■ Камбайнеры Сяргей Клочка і Уладзіслаў Рудзько

Сяргей Клочка ўдзяляе некалькі хвілін, каб зрабіць фотаздымак і хоць крыху расказаць пра дзень сённяшні.

– Якая па ліку ўборачная ў Вас? – пытаю механізатара.

– Ды ўжо дваццаць трэцяя. Без перапынкаў. А агульны стаж працы ў гаспадарцы амаль трыццаць гадоў, – расказвае Клочка.

– Значыць, сядзелі за рулём збожжаўборачнай тэхнікі з пачатку двухтысячных… – удакладняю я.

– Так. І, безумоўна, мне ёсць з чым параўноўваць. Тэхніка, якая была два дзясяткі гадоў таму і сучасныя машыны – проста неба і зямля, — з энтузіязмам працягвае расказ камбайнер. – У «Нью Холанда» ёсць усе ўмовы для камфортнай працы. Кандыцыянер, пнеўмасядзенне, якое рэгулюецца так, як трэба таму, хто сядзіць за рулём, халадзільнік. Увогуле, усё тое, што трэба для выключнага камфорту. Толькі працуй!

– У вас памочнік – зусім малады хлопец. Перадаяце вопыт навічкам? – я паказваю на Уладзіслава, які сціпла стаіць побач.

– Ды ўжо не першы год моладзь у дапамогу ідзе. У мінулым годзе ў мяне таксама малады памочнік быў. Трэба ж перадаваць камусьці свае веды і ўменні. Без гэтага ніяк, у любой справе павінна быць добрая змена, – кажа Сяргей Клочка.

Уладзіслаў Рудзько ў гаспадарку прыйшоў працаваць літаральна месяц таму. Хлопец нарадзіўся і жыў у Наваполацку, а пасля заканчэння ліцэя прыехаў працаваць у «ПІК-Лясное». І адразу на перадавую.

– Да гэтага часу я быў выключна гарадскім жыхаром, – усміхаецца Улад. – Жніво, ды і наогул сельскагаспадарчую сферу, бачыў, як кажуць, толькі па тэлевізары. Але сёння я тут, і пакуль мне ўсё падабаецца!

Адпускаем камбайнераў, і неабсяжных памераў жатка тут жа рухаецца ўглыб рапсавага поля. І пакуль бункеры напаўняюцца абмалочаным насеннем, на ўскрайку чакаюць МАЗы, гатовыя адвезці свежы ўраджай на ток. Вадзіцелі Анатоль Янушка і Віктар Янушка таксама пераадолелі тысячную мяжу. Віншаванні з працоўнымі перамогамі яны прымалі разам з камбайнерамі. На адвозцы Анатоль працуе больш за 20 сезонаў, а ў гаспадарцы – 35 гадоў. А ў Віктара гэтая ўборачная ўжо 34-я. Так што даставіць рапс на зернесушыльны комплекс хутка і якасна для іх – справа звыклая, а схема адпрацавана да дробязей. На ЗСК культуру ачысцяць і дасушаць, а пасля адправяць на рэалізацыю. У складскіх памяшканнях сельгаспрадпрыемства не застанецца нічога.

На двары ўжо жнівень. А ўборачная яшчэ ў самым разгары. З лясноўскіх палёў убралі пакуль толькі трэцюю частку хлебнай нівы. Напружаны зараз час для працаўнікоў гаспадаркі. Асабліва цяжкім выдаўся гэты год. Унесла свае карэктывы позняя вясна. А капрызнае неба калі-нікалі палохае хлебаробаў дажджом – то шумным, густым і кароткім, то дробным і зацяжным. Але ва УП «ПІК-Лясное» ведаюць: усё будзе прыбрана, заарана, пасеяна.

Крысціна ЖОГАЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.