Будоўля – усенародная: пра тое, як з’явіўся фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Капылі

Актуально Вытокі. Крок да Алімпу Спорт

Прыемна, што нашы публікацыі знаходзяць водгук у чытачоў. Адзін такі матэрыял, у якім гаворка ішла пра вытокі развіцця спартыўнага руху на Капыльшчыне і які быў змешчаны ў нумары 55 ад 23 ліпеня, выклікаў цікавасць у тым ліку і ў былога старшыні Капыльскага райвыканкама Уладзіміра Віктаравіча Сасноўскага.

Уладзімір Віктаравіч – адзін з тых, хто шчыра спрыяў развіццю спорта. Менавіта па яго ініцыятыве і пры яго непасрэдным удзеле быў пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Расказваем, як гэта было.

■ Уладзімір Сасноўскі

Ад першай асобы

– На пасаду старшыні райвыканкама я быў прызначаны ў 1985 годзе, – пачынае расказ Уладзімір Віктаравіч. – Сам я родам з Чарнагубава. І да роднай Капыльшчыны заўсёды ставіўся з асаблівай цеплынёй і любоўю. Таму для сябе вырашыў: трэба зрабіць для роднага краю што-небудзь значнае, тое, што спатрэбіцца ні аднаму пакаленню. Фізкультурна-аздараўленчы комплекс стаў менавіта такім аб’ектам. Тым больш, што развіццю спорта заўсёды ўдзялялася шмат увагі.

Спачатку была ідэя

– У другой палове 80-х гадоў у калгасах і прадпрыемствах мелася добрая фінансавая база, узаемадзеянне паміж вёскай і горадам было вельмі цесным. Але не абыходзілася і без сваіх цяжкасцей: не хапала будаўнічых матэрыялаў, складана было і ўвайсці ў праграму будаўніцтва. Адным з прадпрыемстваў, у якога былі наладжаны шэфскія адносіны з нашым раёнам, быў Беларускі дзяржаўны навукова-даследчы і праектны інстытут горадабудаўніцтва. Узначальваў названую ўстанову дырэктар Юрый Васільевіч Шпіт. З ім нам даводзілася часта сустракацца, абмяркоўвалі, што зрабілі, што плануецца. І аднойчы ён мне кажа: «Слухай, Уладзімір Віктаравіч, што мае дзяўчаты з манікюрам могуць зрабіць у сельскагаспадарчым раёне? Давай лепш прыдумаем і ажыццявім што-небудзь маштабнае і цікавае».

У пачатку шляху

– І вось сярод розных ідэй адабралі адну – будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Паездзілі з Юрыем Васільевічам па Капылі, паглядзелі розныя  месцы. У той час галоўным архітэктарам быў Уладзімір Чарняўскі, вельмі разумны і добры спецыяліст. Выбралі менавіта тое месца, дзе і знаходзіцца зараз ФАЦ. Чаму менавіта тут, на старых могілках? Як не паглядзі, а гэта амаль цэнтр горада, ды і будынак жывапісна ўпісваўся ў ландшафт. Побач і школы, і шматпавярховыя дамы. Такім жа было рашэнне і праекціроўшчыкаў. Справядлівасці дзеля трэба адзначыць, што яшчэ разглядвалі месца каля ваенкамата – але яно далёка, ды  іншыя не падыходзілі.

■ Уладзімір Сасноўскі і Уладзімір Чарняўскі абмяркоўваюць работы

Будоўля – агульная

– Шпіт прапанаваў узяць за аснову тыпавы праект фізкультурна-аздараўленчага комплексу, які быў у Навасібірску, бо сам прымаў удзел у яго стварэнні. Калі праект быў падрыхтаваны, падышла чарга ажыццяўлення. Каб справа зрушылася з месца, было вырашана кожнаму прадпрыемству раёна даць свой участак працы. Трэба адзначыць, што ў той час кіраўнікі былі вельмі адказныя і старанныя, да ідэі пабудаваць для горада свой фізкультурна-аздараўленчы комплекс яны аднесліся з разуменнем. Шмат зрабілі і Уладзімір Рудакоўскі, які ў той час узначальваў ПМК-11, і начальнік ДРБУ-124 Уладзімір Батвінаў, і дырэктар завода жалезабетонных вырабаў Аляксандр Дзярызямля, і дырэктар масласырзавода Іван Валетка.

Працэс пайшоў

– Аб’ёмы земляных работ былі вельмі вялікімі. Аднак нам удалося падключыць трэст Салігорсквадбуд, кіраваў якім Вячаслаў Адамавіч Царанкоў. Менавіта гэта прадпрыемства зрабіла катлаван для стадыёна: у іх была вельмі магутная тэхніка, якой не меў ніхто ў раёне. Кожнаму прадпрыемству Капыльшчыны была распісана свая частка работы. Напрыклад, навучэнцы гарадскіх школ рабілі трыбуны для стадыёна. А бетон вазілі свой.

Калі падышла чарга да ўзвядзення будынка, я зразумеў, што самі мы яго не агораем. Таму што басейн плануецца на другім паверсе, а пад ім – станцыя ачысткі вады. Я пазнаёміўся з дырэктарам будтрэста №3 г. Салігорска Мікалаем Ашэйчыкам. Гэта было вельмі сур’ёзнае прадпрыемства, якое будавала «Беларускалій». Амаль па-сяброўску ён узяўся дапамагчы пабудаваць і комплекс. Пакрыццё для бегавых дарожак мы ўзялі ў Кіеве. Асвятляльныя мачты вырабіў Маладзечанскі завод металаканструкцый. І першы час пражэктары на мачтах працавалі.

Па трасе біятлоннай

– Саму біятлонную трасу ў зоне адпачынку дапамог будаваць старшыня Камітэта па фізічнай культуры і спорце Мінаблвыканкама Мікалай Віктаравіч Шэпелевіч. Дзякуючы яго садзейнічанню прыслалі спецыялістаў з Раўбіч, таму што зрабіць прафесійную трасу для лыжаў зусім не проста. Пры яе будаўніцтве павінна ўлічвацца шмат фактараў: вуглы, павароты, хуткасць, устойлівасць асфальтавага пакрыцця. Капыльскі лясгас прыбраў дрэвы і падрыхтаваў само месца для трасы. У той час  міністрам прамысловага будаўніцтва БССР быў ураджэнец вёскі Яўсеевічы Іван Міхайлавіч Мазаляка. Ён прыехаў, паглядзеў, ацаніў маштабы. Як вы ведаеце, траса праходзіць па зоне адпачынку, а фізкультурна-аздараўленчы комплекс знаходзіцца на другім беразе возера. Таму само іх аб’яднанне, так сказаць, прасілася ў рэальнасць. Але сіламі раёна зрабіць такі мост было амаль немагчыма. Іван Міхайлавіч падказаў, што недзе ў Сібіры ёсць пантонны мост. Мы знайшлі, дзе, цягніком прывезлі ды злажылі каля ваенкамата. Да пары ён так і ляжаў.

Наступны этап – укладка асфальта на той самай лыжаролернай трасе. Справа ў тым, што ён павінен быць асаблівым: вытрымліваць высокія тэмпературы і не дэфарміравацца. Па дапамогу я звярнуўся да намесніка старшыні Савета Міністраў Беларускай ССР Станіслава Васільевіча Брыля. Прыехала яшчэ адна камісія, паглядзелі і вырашылі: для такой важнай справы трэба знайсці асфальт высокай якасці і ўсю неабходную тэхніку. Сказалі – зрабілі. Акрамя таго – уся траса была забяспечана святлом ліхтароў. Трэба адзначыць, што першы час усё функцыяніравала: і ліхтары свяцілі, і людзі вечарамі там хадзілі.

Старшынёй Дзяржкамітэта СССР па фізічнай культуры і спорце ў той час з’яўляўся выхадзец з Плешчаніц Мікалай Іванавіч Русак. Ён таксама аказаў садзейнічанне ў будаўніцтве і забеспячэнні комплексу абсталяваннем.

Вось табе і… ананімка!

– Калі вы памятаеце, у той час было своеасаблівае двоеўладдзе: з аднаго боку – партыйнае кіраўніцтва, з другога – выканкамаўскае. У абласны камітэт Камуністычнай партыі прыйшла ананімка: глядзіце, Сасноўскі сабе помнік пры жыцці робіць! Першы сакратар абкама Анатоль Аляксандравіч Малафееў прыслаў у раён камісію, узначаліў якую Уладзімір Іванавіч Голубеў. Да гэтага часу ўжо зроблена добрая частка комплексу і трыбуны. Было бачна, што працэс ідзе. Праз нейкі час у раён прыехаў і сам Малафееў, пабачыў на свае вочы, што, дзе і як робіцца, што нават і мост ужо падрыхтаваны. І трэба адзначыць, Анатоль Аляксандравіч зрабіў свае высновы. Ён сказаў, што ўсё, што робіцца – на карысць капылян і жыхароў раёна, да таго ж у гэтым амаль усенародным будаўніцтве ўдзел прымаюць арганізацыі і прадпрыемствы раёна. Такая высокая адзнака на ўзроўні абкама партыі дазволіла прадоўжыць будаўніцтва без перашкод.

Ад комплексу – да Амерыкі

– Калі ўжо ўсё было пабудавана, да адкрыцця фізкультурна-аздараўленчага комплексу падключыліся рэспубліканскія ўлады. На свята прыехалі старшыня Дзяржкамітэта СССР па фізічнай культуры і спорце Мікалай Іванавіч Русак, першы сакратар абкама Анатоль Аляксандравіч Малафееў, сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Валерый Андрэевіч Пячэннікаў. Арганізавалі канцэрт, куды сабралася шмат жыхароў з раёна. Мне ўручылі Ганаровы знак за заслугі ў развіцці фізічнай культуры і спорту і пуцёўку ў ЗША. Ды не проста пуцёўку, а на другія летнія Гульні добрай волі, якія праходзілі ў Сіэтле з 20 ліпеня па 5 жніўня 1990 года.

Замест рэзюмэ

– Усяго будаўніцтва доўжылася гады два з 1988  года па 1990, – бачна, што Уладзімір Віктаравіч, як і раней, шчыра перажывае за сваю працу і для яго справы капыльскія маюць свой асаблівы сэнс. – І па сённяшніх мерках гэта няшмат, а для таго часу і наогул зусім мала. Упэўнены, Капыльшчына багата на біятлонныя таленты, у тым ліку і дзякуючы таму, што ў свой час мы пабудавалі фізкультурна-аздараўленчы комплекс і лыжаролерную трасу. Да таго ж мы пераманілі заслужанага трэнера Расійскай Федэрацыі Аляксандра Ісаева. Зараз маладых спартсменаў рыхтуюць таксама добрыя трэнеры.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота паўла ШЭІНА, а таксама з архіва Уладзіміра САСНОЎСКАГА і Аляксандра БОХАНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.