На семежевских полях работает семейный экипаж Николая и Александра Сечко

Актуально Экономика

Мікалай Сечка ў семежаўскіх краях асоба вядомая. Уся яго працоўная дзейнасць прайшла ў гаспадарцы. І сёння, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, дома не сядзіць.

Як самага старэйшага камбайнера ў ААТ «Семежава» Мікалая Іванавіча Сечку прыехалі ўшанаваць старшыня Семежаўскага сельвыканкама Вікторыя Кунаш-Літвіна, старшыня раённага Савета ветэранаў  Людміла Камёнка  і старшыня  пярвічнай  ветэранскай  арганізацыі  сельгаспрадпрыемства Уладзімір Выскварка.

КРЫХУ ПРА БАЦЬКУ

Сёння Мікалай Іванавіч — на заслужаным адпачынку, куды пайшоў з пасады галоўнага заатэхніка. Але толькі ўмоўна… Чаму ўмоўна? Ды таму, што і за пчальніком у ААТ «Семежава» сочыць, і шмат іншай работы выконвае. А летам вось ужо шосты сезон уносіць свой уклад у агульны каравай раёна. Яго экіпаж сёння сямейны: у памочніках — сын Аляксандр, які далучыўся да бацькі тры гады таму.

СУСТРЭЧА НА МЕХДВАРЫ

Серада на гэтым тыдні выдалася дажджлівай. Вельмі хацелася застаць каманду Сечкаў  у полі, але, на жаль, прыйшлося здаволіцца сустрэчай на мехдвары.

Мікалай Іванавіч усміхаецца, але раз-пораз паглядвае на зацягнутае хмарамі неба. У поглядзе адчуваецца некаторае нецярпенне — дождж сапсаваў усе планы аграрыяў. Эх, паспелі б зжаць да канца пшаніцу ў Старыне — там засталося літаральна гадзіны на паўтары-дзве работы. Яно далёка, таму камбайн даводзіцца пакідаць у полі, а на мехдвор вяртацца на машыне. Тэхніку вартуюць, але на месцы пастаяннай дыслакацыі неяк усё ж спакайней.

— Для нас сёлетняе сумеснае жніво ўжо трэцяе, — уступае ў размову Сечка-старэйшы. — Да гэтага тры сезоны працаваў з другім сынам Вадзімам. У яго памочнікам быў. Цяпер вось з Сашам. Я —  старшы камбайнер, сын дапамагае.

— Як вам працуецца разам? — пытаю я.

— Выдатна! — апярэджваючы бацьку, коратка і ёміста адказвае Аляксандр. — Працуем плячом да пляча і ва ўсім падтрымліваем адзін аднаго. Я ў пяць-шэсць гадзін раніцы на мехдвор прыходжу. Запознішся — можна тады і да дзесяці-адзінаццаці гадзін у поле не выехаць. Тата каля сямі прыходзіць. Да гэтага часу я паспяваю падрыхтаваць камбайн да новага дня і абгледзець усе механізмы. А пасля — запраўка і ў поле.

СЛОВА ПРА ТЭХНІКУ

Бацька і сын вельмі добра засвоілі адну простую ісціну: каб тэхніка працавала, як гадзіннік, за ёй трэба сачыць. І прытрымліваюцца яе няўхільна. Іх камбайну «Claas Lexion» сёлета споўнілася сямнаццаць гадоў. І хаця для яго гэта «перадпенсійны» ўзрост, але ў самыя спякотныя дні ўборкі ніколі не падводзіў.

— Вядома, сучасная тэхніка добрая, што тут скажаш, — Сечка-старэйшы падмацоўвае свае словы сцвярджальным кіўком. — За гады стала лепш, больш камфортнай, усё зроблена для чалавека. Камбайны, на якіх я працаваў у маладосці, не ідуць ні ў якое параўнанне з нашымі машынамі. Ды і такія плошчы да зімы ўбіралі б у тыя гады.

У пары з сынам Аляксандрам не першы сезон выходзіць на жніво. Сямейны экіпаж бацькі і сына ўносіць важкі ўклад у агульны каравай раёна

РАЗУМЕННЕ З ПАЎСЛОВА

У сямейнага экіпажа няма прастояў, і праца ідзе як па масле. Аб гэтым як нельга лепш сведчыць вынік, адлюстраваны ў лічбах. Сёння Мікалай і Аляксандр Сечкі займаюць лідзіруючыя пазіцыі па намалотах у гаспадарцы.

У гутарцы адчуваецца, што бацька і сын дапаўняюць адзін аднаго. Родныя людзі разумеюць з паўслова. Па поглядзе, па жэсце. Сваёй пазітыўнай энергіяй зараджаюць усіх навокал.

НАДЗЕЙНЫ ТЫЛ — СЯМ’Я

Акрамя бязмернай павагі на рабоце, заслужанай карпатлівай працай, Мікалай Сечка добры сем’янін. Пра такіх гавораць: і жнец, і швец, і на дудзе ігрэц… У ветэрана пяцёра дзяцей, ён з гонарам носіць статус шматдзетнага бацькі. Акрамя Вадзіма і Аляксандра ў Мікалая Іванавіча ёсць яшчэ сыны Алег і Сяргей, а таксама дачка Наталля. Дарэчы, Наталля жыве ў аграгарадку Семежава і працуе загадчыкам птушкафермы, якая знаходзіцца на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства. А яшчэ ветэран-камбайнер мае 12 унукаў і 3 праўнукаў — багацце, якое не заменіць ніякі дабрабыт!

Бацька і сын — шчырыя працаўнікі, гэта відаць няўзброеным вокам. Але па жыцці аптымісты, ды і гумару ім не пазычаць.

— Унукаў і праўнукаў шмат, усіх і запомніць ужо не магу. Ра-зумееце, узрост сказваецца. Вось звоніць тэлефон, я ва ўнучка пытаю: «Ты хто?» Ён адказвае: «Уладзік». Значыць, гэта Вадзіма сын, — жартуе Мікалай Іванавіч.

ЯК ХОБІ ЎСЁ ЖЫЦЦЁ

— А хобі ёсць? — пытаю я.

— А тата раніцай устае і ў яго цэлы дзень як хобі. Часам мы яго просім, каб ён з’ездзіў куды-небудзь і даў адпачыць дамачадцам, — па-добраму, з цеплынёй і любоўю ў голасе гаворыць пра тату Саша.

Бацька з гонарам глядзіць на сына і працягвае размову.

— З жонкай Зінаідай Карпаўнай вось ужо сорак восем гадоў разам, дасць Бог, і залатое вяселле згуляем. А галоўнае наша багацце — гэта дзеці. Ганарымся, што вырасцілі іх у каханні і клопаце, яны ўсе сёння годныя, працавітыя людзі. Што сказаць, шчаслівы я чалавек, — усміхаецца Іванавіч. Усміхаецца той самай шчаслівай усмешкай.

Дарэчы, муж і жонка Сечкі не ўраджэнцы Семежава, а прыезджыя. Мікалай Іванавіч родам з Салігоршчыны, а Зінаіда Карпаўна — з Магілёўскай вобласці. Пазнаёміліся ў Клімавічах, дзе разам вучыліся ў сельскагаспадарчым тэхнікуме. А пасля ў 1981 годзе дарога жыцця прывяла на Капыльшчыну. Цяпер залатую ніву ў ААТ «Семежава» ўпрыгожвае працавіты сямейны экіпаж.

— Ох і спадабалася мне Зіна, я ведаў, што жонкай маёй будзе, але ёй сказаў адразу: «Я — не падарунак! Хочаш — выходзь за мяне замуж», — успамінае маладыя гады Мікалай Іванавіч.

Наша размова зноў пераходзіць да сёлетняй уборачнай. Цёпла і сардэчна Сечкі расказваюць пра сваю справу, таварышаў па працы. Аб тым, як цяпер працуюць экіпажы на бязмежных семежаўскіх палях — з агеньчыкам і ініцыятывай.

Крысціна ЖОГАЛЬ    



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.