РАПСавая РАПСодыя на палетках ААТ «Праснакі»

Актуально Экономика

Па дарозе на Слуцк на палетку каля вёскі Канюхі вельмі ажыўлена. Тут працуюць адразу сем экіпажаў, якія жнуць азімы рапс. Для адвозкі да кожнага з іх прыстаўлены аўтамабіль. Тут жа шчыруюць і неад’емныя ўдзельнікі жніва — буслы. Адразу і не заўважыш, каго больш — тэхнікі ці птушак. Для іх гэта таксама гарачая пара: трэба добра падсілкавацца перад вылетам на зімоўку ў далёкія краіны. Таму яны важна шпацыруюць за кожным праходам камбайна. Сустрэча першая. З вуснаў кіраўніцтва.

■ Віталь Платун і Анатоль Карачун

Нас чакаюць дырэктар ААТ «Праснакі» Віталь Платун і галоўны аграном Анатоль Карачун.

— Мы ўжо закончылі ўборку азімага ячменю, які сёлета пачалі вырошчваць першы год, — заўважыў Віталь Платун. — З 50 га намалацілі 203 т, сярэдняя ўраджайнасць склала 41 ц/га, лічу, што для нашай гаспадаркі гэта добры паказчык.

— Зараз мы вядзём жніво азімага рапсу, і хачу адзначыць, што паказчыкі таксама радуюць, — уступае ў размову Анатоль Карачун. — Калі летась увогуле мы атрымалі 1125 т, то ўжо зараз 1250, хаця яшчэ плануем намалаціць каля тысячы-паўтары тон. Для мяне гэта ўжо другая ўборачная ў гэтай гаспадарцы.

Сустрэча другая. Першае жніво.

Менавіта так можна назваць гэту гарачую пару для маладых спецыялістаў-аграномаў. Пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта ў «Праснакі» былі накіраваны выпускнікі ўстановы Ілля Гунін і Ілля Рыжкевіч. Абодва амаль што гараджане, але любоў да зямлі закінула іх сюды.

■ Ілля Гунін і Ілля Рыжкевіч

— Мы ўважліва сочым за тым, як ідзе збожжаўборачны працэс, — дзеляцца маладыя спецыялісты. — Правяраем работу экіпажаў, выклікаем дапамогу пры паломках. Разумеем, што трэба ўбраць якасна і без страт.

Сустрэча трэцяя. На ніве — шматдзетныя бацькі.

Сустракаемся яшчэ з адным  — незвычайным —  экіпажам. Справа ў тым, што зараз на праснакоўскіх палетках працуюць Аляксандр Хацко і Канстанцін Кудзіновіч, у сем’ях якіх расце значная змена.

■ Аляксандр Хацко і Канстанцін Кудзіновіч

— Больш чым дзесяць гадоў я працую на камбайне, — гаворыць Аляксандр Хацко. — Ведаю, што раблю гэта для падтрымкі маёй вялікай сям’і: у нас гадуюцца тры сыны і тры дачкі.

—  А вось у маёй сям’і выхоўваецца пяцёра дзяцей, — усміхаецца Канстанцін Кудзіновіч.

Сустрэча чацвёртая. Не губляць ні хвіліны.

Камбайнер Максім Русаковіч доўга распавядаць пра сваё жыццё-быццё не выказаў жаданне, а сеў за штурвал камбайна і панёсся па ніве…

■ Максім Русаковіч і Уладзімір Мяцельскі

Працуе ён разам са старшым камбайнерам Уладзімірам Мяцельскім, для якога сёлетняе жніво дзесьці пятнаццатае.

Зжаць кожную сцяблінку, кожны колас да апошняга зярняці — такога прынцыпу прытрымліваюцца ў сваёй працы старшы камбайнер Сямён Барадаўка і яго памочнік Аляксандр Гапановіч.

Сустрэча пятая. Намалочанае — адвозім.

А вось вывезці збажыну своечасова заўсёды імкнецца вадзіцель МАЗа Мацвей Стаяновіч, для якога гэта ўборачная першая. Ён высока ацэньвае ўсе падыходы спецыялістаў сельгаспрадпрыемства ва ўборцы ўраджаю.

■ Мацвей Стаяновіч

Сустрэча шостая. Калі трэба — дасушым

І вось мы на збожжасушыльным комплексе ў в. Праснакі. Сюды паступае намалот рапсу.

— Мы павінны высушыць прынятае зерне да 7%, зараз яно паступае звыш 20%, — гаворыць загадчык тока Дзмітрый Макаль. — Зараз тут працуе змена ў складзе Паўла Бердніка і Алега Дзямідчыка.

■ Дзмітрый Макаль, Павел Берднік і Алег Дзямідчык

Дарэчы, Алег Дзямідчык на дапрацоўцы збожжа ўжо не першы год.

— Заўсёды з разуменнем адношуся да просьб дапамагчы роднай гаспадарцы ў час такой гарачай пары, — падкрэсліў Алег. — Бо гэта ж робіцца дзеля таго, каб развіваліся наша гаспадарка і наша краіна.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.