В июле этого года отмечается 80-летие Великораевского боя

2022 - Год исторической памяти Актуально Общество

Беларуская зямля славілася партызанскімі атрадамі. Гісторыя памятае кожны бой, у якім доблесныя воіны змагаліся дзеля вызвалення сваёй роднай краіны. У Капыльскім раёне такіх баёў было некалькі. Адзін з іх вядомы як Вялікараёўскі.

Дзякуючы вядомаму краязнаўцу Фёдару Абрамчыку сёння мы можам узгадаць, як адбывалася супрацьстаянне.

Пасля ачысткі зоны дзеяння брыгады імя Варашылава ад дробных гарнізонаў немцы ўмацавалі свае гарнізоны ў Капылі, Уздзе, Нясвіжы, Клецку, адкуль асмельваліся выязджаць толькі на танкетках і браневіках. Для таго, каб атрымаць у насельніцтва неабходныя прадукты, пасылалі вялікія атрады. Супраць партызан арганізоўвалі буйныя экспедыцыі.

Баявыя дзеянні народных мсціўцаў з кожным днём набывалі ўсё больш актыўны характар. У ліпені 1942 г. брыгада дыслацыравалася ў Раёўскім лесе. Раніцай 20 ліпеня фашысты на двух аўтамашынах са Слуцка прыбылі ў в. Вялікая Раёўка і пачалі рабаваць мірнае насельніцтва, забіраць жывёлу, прадукты. Пасля данясення разведкі аб злачынствах акупантаў камандаванне брыгады аддало загад атрадам акружыць гітлераўцаў і знішчыць. Атрады занялі дарогі: атрад імя Катоўскага — Вялікая Раёўка – Капыль, атрад імя Шчорса — Вялікая Раёўка – Нясвіж, атрад імя Будзённага — Вялікая Раёўка – Цімкавічы.

Немцы, заўважыўшы партызан, накіраваліся ў бок Цімкавіч. Атрад імя Будзённага, не паспеўшы заняць патрэбныя рубяжы, быў абстраляны. Завязаўся бой. Немцы залеглі ў вялікай канаве на бульбяным полі за 150 км ад лесу па дарозе Нясвіж – Цімкавічы. Каб адрэзаць іх ад лесу, на дапамогу быў кінуты атрад імя Катоўскага, які адной ротай абышоў праціўніка з левага фланга, а другой ротай (камандзір І. Радчанка) — з правага і заняў узлесак. Пасля трохгадзіннага бою атрад перайшоў у атаку і ў рукапашным баі атрымаў перамогу. У выніку праціўнік страціў 68 чалавек забітымі, былі знішчаны 2 аўтамашыны. Партызаны захапілі 50 вінтовак, 6 кулямётаў, 1 мінамёт з мінамі і шмат боепрыпасаў.

Нарабаваная немцамі маёмасць была вернута сялянам. Партызаны страцілі 6 чалавек, 9 былі паранены, у тым ліку цяжкія раненні атрымалі начальнік штаба атрада імя Катоўскага І. Анчанка і камандзір роты І. Радчанка, а лёгкае раненне — камбрыг П. Капуста і М. Дука.

І помніць лес каля вёскі Вялікая Раёўка той бой. І будзем зараз помніць мы ўсіх тых, хто абараняў родныя мясціны ад варожых атрадаў.

Падрыхтавала Ганна МАТУСЕВІЧ,

студэнтка факультэта журналістыкі БДУ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.