Старт уборочной кампании в Копыльском районе дал традиционный праздник «Зажинки-2022»

Актуально Общество

У мінулую пятніцу старт уборачнай кампаніі дало традыцыйнае раённае свята «Зажынкі-2022». Прыгожы і старажытны абрад, які праводзіцца ў нашым раёне з года ў год, і, як лічаць земляробы, надзелены асаблівым сэнсам, на гэты раз адбыўся на хлебнай ніве ААТ «Прагрэс 2010» недалёка ад вёскі Кацельнікі.

На полі ажыўлена: там паступова збіраюцца вяскоўцы і прадстаўнікі аграпрамысловага комплексу. Зусім хутка яны стануць сведкамі самага хвалюючага для аграрыяў свята. Ліпеньскія хмаркі, якія ўвесь дзень гулялі па небе, час ад часу закрываючы летняе сонейка, — не перашкода. Варта было толькі разнесціся над полем першым гукам святочнай музыкі — зямлю асвяцілі яркія прамяні, нібы сама прырода благаслаўляла вяскоўцаў на правядзенне старажытнага абраду. Пачатак збору ўраджаю заўсёды быў вельмі значнай падзеяй для ўсіх славян. Беражлівыя і ўважлівыя адносіны да хлеба, да коласа, да зямлі-карміцелькі здаўна былі ўласцівы беларусам. Нашы продкі ў гэты дзень ладзілі сапраўднае свята, каб ураджай быў багатым, а яго ўборка прайшла складна.

Роўным шэрагам выстраена тэхніка, якая будзе прымаць удзел у жніве: камбайны і аўтамабілі, гатовыя прыняць зерне. Не забылі і пра трактары са шлейфам сельскагаспадарчых агрэгатаў. Яны ва ўборку саломы павінны ўключацца адразу ўслед за камбайнамі, каб не было разрыву ў падрыхтоўцы глебы для восеньскай сяўбы. Непадалёку стаяць галоўныя героі — камбайнавыя экіпажы, менавіта яны прадстаўляюць усю армію хлебаробаў ААТ «Прагрэс 2010».

Сапраўды, гэты момант павінен стаць святам для ўсіх, хто працаваў, каб вырасціць новы ўраджай. На «Зажынках» былі старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк, а таксама прадстаўнікі райвыканкама, кіраўнікі і спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна.

■ Духмяны каравай для Ірыны Кісляк

З прывітальным словам і шчырым наказам да прысутных звярнуўся Сяргей Пілішчык.

— Тыя, хто вырошчвае і ўбірае ураджай, ведаюць, што высокія дасягненні на хлебнай ніве патрабуюць фінансавых затрат, працавітасці, стараннасці і, вядома, часцінку душы, — адзначыў Сяргей Міхайлавіч. — Жніво — гэта вынік карпатлівай працы аграрыяў на працягу ўсяго года, а таксама ацэнка працы. Уборачная ніколі не была лёгкай, не стане выключэннем і цяперашні сезон. Жніво ўжо стартавала і з кожным днём набірае абароты. Усім працаўнікам аграпрамысловага комплексу раёна трэба прыкласці максімум намаганняў, каб своечасова і без страт прыбраць ураджай да апошняга зярнятка, разлічыцца з продажам яго дзяржаве. Усім нам давя-дзецца трымаць экзамен на прафесіяналізм. Спадзяюся, пастаўленыя задачы мы выканаем з гонарам.

Першы намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама-начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталь Ракевіч адзначыў, што надышла самая галоўная пара — уборка збожжа, на ўраджай гаспадаркі працавалі круглы год. І зараз задача не проста яго ўбраць, а зрабіць гэта якасна.

Ганаровыя госці пажадалі ўсім працаўнікам жніва здароўя, поспеху, разумення і падтрымкі з боку родных людзей. Зусім хутка зерне з палёў Капыльшчыны ляжа вялікім караваем на стол нашай Радзімы. Будзе хлеб — будзе мір, шчасце, багацце!

■ Сноп-абярэг з новага ўраджаю жнеі дораць Віталю Ракевічу

Усе добрыя справы заўсёды пачынаюцца з Божага благаславення. Тут жа, на полі, з малітвай да хлебаробаў звярнуўся благачынны Капыльскай царкоўнай акругі Андрэй Еўшаль. Ён акрапіў святой вадой хлебную ніву, тэхніку і тых, хто будзе працаваць на ёй у самую гарачую пару сельскагаспадарчага года.

Жанчыны ў нацыянальным адзенні пад абрадавыя песні накіроўваюцца ў поле і зажынаюць першыя снапы, якія потым дораць кіраўніку раёна і гасцям свята з пажаданнямі вялікага ўраджаю.

У знак удзячнасці і пашаны Сяргею Пілішчыку ўручаюць таксама вянок, зроблены з васількоў і рамонкаў. А пасля, па даўнейшым звычаі, прапануюць старшыні раёна і кіраўніку ААТ «Прагрэс 2010» Валерыю Тароцьку пераступіць праз леташні сноп, каб увайсці ў эпоху новага ўраджаю.

■ Валерый Тароцька віншуе прысутных са святам

Снапы-абярэгі, упрыгожаныя яркімі стужкамі, з’яўляюцца знакам багацця і прыгажосці нашай роднай зямлі. Іх таксама ўручаюць кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў у знак пашаны за руплівую працу. Такія ж абярэгі атрымліваюць і камбайнеры. А яшчэ — караваі з мукі леташняга ўраджаю. Духмяным хлебам дзяўчыны-прыгажуні частуюць усіх прысутных. І над хлебнай нівай разносяцца звонкія песні ў выкананні артыстаў мастацкай самадзейнасці Капыльскага раённага цэнтра культуры.

 

■ Дзяўчынкі ўручаюць камбайнерам снапы-абярэгі

Зачакаліся камбайны, зачакалася і поле. Як кіраўнік гаспадаркі Валерый Тароцька дае каманду механізатарам:

— Экіпажы, па машынах!

Яшчэ хвіліна — і тэхніка ажыла. Адзін за адным ідуць камбайны да залатой нівы. Імгненне — і першае зерне пасыпалася ў бункеры. Пачатак вялікім намалотам на Капыльшчыне пакладзены. Застаецца пажадаць хлебаробам поспехаў і, безумоўна, выдатнага надвор’я.

Крысціна ЖОГАЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.