Троицкий фестиваль — традиции предков и отличное настроение

Актуально Общество

«Траецкі фэст»: традыцыі продкаў і цудоўны настрой

У Год гістарычнай памяці падчас свята Тройцы ў в. Траянава пасля невялікага перапынку было адноўлена правядзенне Траецкага фэста. З ініцыятывай выступілі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні «Спадчына» раённага цэнтра культуры.

Тройца ці Сёмуха — адно з самых любімых свят ці не кожнага з нас. Пачалося святкаванне з абраду «Ваджэнне куста», які з’яўляецца яркай адметнасцю траецкага дня.

Як і даўней, у гэты дзень выбіраюць найпрыгажэйшую дзяўчыну, упрыгожваюць яе зялёнымі галінкамі і кветкамі, і абыходзяць разам з ёю амаль усе хаты з песнямі і карагодамі.

Ролю Куста ўзяла на сябе ўдзельніца ансамбля Вераніка Зянько. «Перапаўняюць пачуцці! Так цудоўна і незвычайна хадзіць па вёсцы ў вобразе куста, спяваць традыцыйныя песні, віншаваць усіх са святам. Так цікава было паназіраць і стаць сапраўдным удзельнікам абраду, даведацца пра традыцыі нашых продкаў,» – падзялілася ўражаннямі Вераніка.

Па традыцыі гурт дзяўчат на чале с Кустом абыходзіць дамы, жадаючы ўсіх даброт, працвітання і добрага ўраджаю. Калі Куст зайшоў у двор, праспяваў, патанцаваў, павадзіў карагод, то ў гаспадароў усё будзе ў поўным парадку. Гэта зачын на багацце, здароўе і дабрабыт.

Другой часткай фэсту стала канцэртная праграма, падрыхтаваная ўдзельнікамі «Спадчыны». Цудоўныя нумары змянялі адзін аднаго, дорачы гледачам захапленне і весялосць.

Цёпла сустракалі гледачы сваю зямлячку, ураджэнку суседняй в. Кудзінавічы, а цяпер жыхарку аг. Пацейкі Таццяну Вошкат. Таццяна Адамаўна выканала песні, правяла забаўляльную праграму. У прыватнасці, была ўзгадана традыцыя кумавання, вяскоўцы адказвалі на пытанне пра траянаўскі духавы аркестр, без якога, дарэчы, калісьці не абыходзілася ніводная Тройца, змаглі патанчыць старадаўнія танцы: «Кракавяк», «Падэспань», «Беларускую польку», «Вальс» і інш., вадзілі карагоды.

Свята прыйшлося даспадобы ўсім: ад старога да малога. Вось што адзначае ўраджэнка в. Траянава, а цяпер мінчанка Валянціна Аношык: «Вялікі дзякуй усім тым, хто падтрымаў ідэю адраджэння Тройцы на маёй малой радзіме. Сапраўды, калісьці гэта быў вялікі фэст, хачу сказаць, што не саступае ў сваім размаху ён і сёлета. Столькі народу ў нашай вёсцы ўжо не збіралася даўно. Мы зноў аб’ядналіся, сустрэліся, усе, быццам самыя родныя і блізкія людзі. Цудоўнае прадстаўленне, цудоўныя артысты, цудоўныя песні. Яшчэ раз вялікі дзякуй!»

Падтрымлівае папярэднюю суразмоўцу і жыхарка г. Нясвіжа Алёна Язерская: «Мы спадзяваліся, што Тройца ў Траянаве калі-небудзь адродзіцца. Так яно і атрымалася. Ад нашай сям’і, гасцей дзякую арганізатарам свята. Некаторыя моманты прабівалі да слёз. Прыемна, што свята сабрала не толькі траянаўцаў, але і жыхароў з суседніх вёсак, Капыля, Нясвіжа і г.д.»

Магчыма, іх было б і больш, аднак не ўсе маглі знайсці месцазнаходжанне святкавання. Спадзяёмся, што гэта акалічнасць з указаннем месца будзе ўлічана ў наступным годзе. Бо, як запэўніваюць арганізатары, святу захавання традыцый продкаў і стварэння цудоўнага настрою быць і надалей!

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.