Утраченное наследие Копыльщины — усадьба «Атонова»

Актуально Общество

На працягу XVIII-пачатку XX ст. Капыльшчына была пакрыта густой сеткай сядзібна-паркавых комплексаў. Сядзібы часта з’яўляліся важнымі цэнтрамі назапашвання культурных каштоўнасцей, вызначаліся ў многіх выпадках адметнымі архітэктурна-планіровачнымі асаблівасцямі.

Адзінае, што захавалася, — драўляны свіран на мураваных слупах

Аднак час і ліхалецце значна спустошылі скрыню нацыянальнага архітэктурна-мастацкага набытку народа. У адрозненне ад замкаў сядзібы  атрымалі на гістарычным шляху глабальныя разбурэнні. Катаклізмы ХХ ст. нанеслі ўрон сядзібнай архітэктуры. Найбольш – у Першую сусветную вайну, якая смерчам пранеслася па старасвецкіх маёнтках. Сядзібы пераўтвараліся ў казармы, палявыя штабы, шпіталі, часам проста станавіліся мішэнямі для гармат.

У Вялікую Айчынную вайну разам з мноствам вёсак з твару капыльскай зямлі зніклі прыгожыя сядзібныя ансамблі. І толькі ў апошняе дзесяцігоддзе прымаюцца пэўныя намаганні па аднаўленні непаўторнай чароўнасці старасвецкіх маёнткаў – тых, што яшчэ захавалі сваю архітэктурна-планіровачную аснову. Але такіх засталося няшмат.

Сядзіба «Атонава», што сёння знаходзіцца ў в. Калінаўка-2, заснавана маршалкам Ігуменскага павета Ануфрыем Наркевічам-Ёдкам.  Вядома,  што  ў 1823  г.  ён  купіў  у  Радзівілаў  маёнтак  Пясочнае,  які  складаўся  з  некалькіх  фальваркаў, галоўным  сярод  якіх  быў  правабярэжны Над-Нёман, або Малыскаўшчызна.  У  архіўных  дакументах  Атонава  заўсёды ўзгадваецца разам з Над-Нёманам.

Ёдкі належалі да старажытнага роду герба Ліс.  У самым пачатку род  разгалінаваўся ад   двух   братоў   Норкі   і Петкі, атрымаўшы адпаведна прыдомкі  (прозвішчы) Наркевіч  і Петкавіч. Наркевічы-Ёдкі з Капыльшчыны бяруць пачатак ад лідскага баярына Марціна Ёдкі. Найбольш вядомыя прадстаўнікі роду – хірург-акуліст  Вітольд Наркевіч-Ёдка, удзельнік паўстання 1863-1864 гг., сібірскі ссыльны, інжынер-будаўнік  мастоў  у  ЗША  Ян  Сільвестр Наркевіч-Ёдка,  прыродазнаўца,  вынаходнік  і  медык Якуб Наркевіч-Ёдка.

Сядзіба,  закладзеная  Ануфрыем,  відавочна,  названа  ў  гонар першага сына  Атона  (1818-1887).  Уладанні  Атона  Наркевіча-Ёдкі  ў Ігуменскім і Слуцкім  паветах  складалі  каля  чатырох  з  паловай  тысяч  дзесяцін.  Вялікі  прыбытак  давала  здача  ў  арэнду берага Нёмана для рума. Павялічвалі даход вадзяныя млыны і вінны водкуп.  У сувязі са шлюбам Атона з Анэляй Эстка яму перайшоў радавы маёнтак на правым  беразе   Свіслачы   ў   Турыне (Пухавіцкі раён). Праз Эсткаў   род   Наркевічаў-Ёдкаў  парадніўся  з  Касцюшкамі  (сястра  Тадэвуша  Касцюшкі  была  замужам  за  адным  з  Эсткаў). Затым сядзібай Над-Нёман  і Атонава валодалі сын Атона Якуб (1847-1905), пазней  яго  дзеці  Адам  і  Конрад.

Некалі маёнтак наведвалі вучоныя з сусветнымі імёнамі. Сюды прыязджалі прафесары Аляксандр Ваейкаў і Аляксандр Саветаў з Пецярбурга, знакаміты французскі астраном Каміль Фламарыён.

Сядзіба «Атонава»  займала  роўную  плоскую  тэрыторыю.  Парадная частка  мела  рысы сіметрычна-восевай   планіроўкі. Да параднага двара сядзібы вяла доўгая  ўязная  алея  складанага  складу  (клён,  таполя  белая,  таполя  канадская  «Eugenei»). Сядзібны дом быў тыповы для сядзібы таго часу. Уяўленне аб ім дае малюнак Напалеона Орды  1864 г. Будынак драўляны, аднапавярховы,      прамавугольны  ў   плане,    з  шасцікалонным  порцікам.  Прынцып  сіметрыі  падкрэсліваўся  перад  домам  двума  дрэвамі.   Стаяў   ён паралельна галоўнай восі   сядзібы.   Сіметрычна   ўезду,   але   ў  аддаленні  ад  дома,  размяшчаліся  стайня  (справа)  і  кароўнік,  якія  разам  заніравалі  даволі прасторны двор. Двор   акружаў невялікі парк. Па ўсёй сядзібе стаялі  гаспадарчыя  пабудовы.  Некаторыя  (гумно,  кароўнік)  дасягалі  вялікіх  памераў  – у  даўжыню да 60 м.

У пачатку 1920-х гг. сядзіба была нацыяналізавана. Ва ўліковай картцы савецкай  гаспадаркі  Над-Нёман  і  Атонава,  складзенай  у  1921  г.,  запісана,  што  ў  Атонаве  з  27 снежня 1921 г. размясціўся дзіцячы прытулак. Паводле вопісаў пабудоў 1922 і 1924 г.  тут існавалі наступныя сядзібныя будынкі:

панскі дом драўляны, крыты гонтамі, на 16 пакояў, памерам 55х21х6 арш.;

два дамы для рабочых драўляныя, крытыя гонтамі, памерам 31х15х6 арш., 12х6  арш.;

два дамы для рабочых  мураваныя,  крытыя  гонтамі,  на  6 пакояў,  памерамі  36х24х8 арш.(у вопісе 1924 г. габарыты дома адрозніваюцца – 36х18х5 арш.),  54х9х4  арш.;

гумно драўлянае на мураваных слупах,  крытае гонтамі, памерам  30х24 арш. У  вопісе  1924  г.  запісаны  хлебны  хлеў  (гумно)  драўлянае,  крытае  гонтамі,  памерам  99х25х5 арш.;

хлеў для сена драўляны,   крыты   гонтамі,   памерам   51х18   арш. (у другім  дакуменце – 54х19х4,5 арш.);

стайня  мураваная,  пры  ёй  кватэра  для  конюха,  крытая  гонтамі,  памерам  36х15 арш. (у дакуменце 1924 г. – 34х15х4,5 арш.);

стайня драўляная на мураваных слупах, крытая гонтамі, памерам 60х12 арш. (у  дакуменце 1924 г. – 62х15х4,5 арш.);

паднавес з дзвюх сцен, пры ім дом для пастуха, крыты гонтамі, памерам 16х9  арш.;

хлеў для скаціны мураваны, крыты гонтамі,  памерамі 110х15х8 арш.   (у дакуменце 1924 г. – 120х14х4 арш.);

хлеў  для  скаціны  драўляны,  крыты  гонтамі,  памерам  60х9  арш.  (у  дакуменце  1924 г. – 76х13х4,5 арш.);

свінарнік мураваны, крыты гонтамі, памерам 24х6х8 арш. (у дакуменце 1924 г.  – 37х10х3,5 арш.);

лядоўня мураваная, крытая гонтамі, памерам 12х12х1,5 арш. (у вопісе 1924 г. – 12х12х5 арш.);

два свінарнікі драўляныя, крытыя гонтамі, памерамі 12х6 арш.;

склад  для садавіны двухпавярховы мураваны,  крыты  гонтамі,  памерам  6х6  арш. (у вопісе 1924 г. – 7х7х7 арш.);

свіран драўляны на 2 мураваных слупах, памерам 33х12х8 арш.;

калодзеж драўляны, згодна з вопісам 1924 г. такіх калодзежаў існавала 3.

У вопісе за 1924 г. значыцца яшчэ адзін мураваны жылы дом  памерам 15х6х3  арш.

Сядзіба  захавалася  часткова. Зараз на яе тэрыторыі размешчана дапаможная школа-інтэрнат.

Сядзібны  дом  згарэў  у  час  вайны.  На  старым  фундаменце пасля вайны пабудаваны корпус інтэрната школы. З усіх вышэйпералічаных пабудоў  добра  захаваўся  толькі  драўляны  свіран  на  мураваных  слупах.  Пабудаваны  ў  другой  палове  ХІХ  ст.  Па  тэхніцы  выканання  падобны  са  свірнамі  ў  вёсках  Сунаі,  Дунаева.  Шулы  зроблены  з  валуноў  і  цэглы,  па  краях  патынкаваны. З  тыльнага фасаду тры   шулы,    з   галоўнага –  шэсць і  двое двухстворкавых  ашаляваных  дзвярэй.  Дзверы  ў  паўночным  франтоне  вядуць  на  гарышча. Унутры будынка па восі ўстаноўлены тры калоны.

Ад мураванай гаспадарчай пабудовы захаваліся   толькі рэшткі. Адсутнічае  гістарычны  план  сядзібы,  таму  складана  іх  атаясамліваць  з  пэўнымі  будынкамі  са  спісаў  1920-х  гг.  Мураванымі  былі  стайня,  хлеў  для  жывёлы  (кароўнік) і свінарнік.

Ад парка засталіся адзінкавыя дрэвы. Напрамак уязной алеі захаваўся,  але ад яе абсадкі засталіся асобныя дрэвы.

Фрагменты былой сядзібы «Атонава» ў в. Калінаўка-2  згодна з рашэннем Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны №5 ад 16 сакавіка 1994 г. былі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Таццяна ВАРАНЦОВА,

старшы навуковы супрацоўнік Капыльскага раённага краязнаўчага музея



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.