Каждый представитель поколения, рожденный в Советском Союзе, был пионером

Колонка редактора Общество

У тым ліку я і мае равеснікі. 

Піянерская дружына СШ № 2 г. Капыля насіла імя Героя Савецкага Саюза Аляксандра Матросава, а наш піянерскі атрад – імя Фелікса Дзяржынскага. Быць піянерам было на самай справе цікава, пачэсна і ў той жа час адказна.

Добра памятаю дзень, калі нам павязалі чырвоныя гальштукі. Гэта адбылося ў 1986 годзе. Надвор’е было дрэннае, але так не хацелася зашпільваць куртку па дарозе дадому: трэба было, каб усе бачылі новенькі атласны трохкутнік. Кожны дзень да школьнай формы мы абавязкова завязвалі гальштукі і старанна сачылі за іх станам: каб быў чысты, добра адпрасаваны.

Мы дапамагалі бабулям. Нават і сёння памятаю, дзе знаходзяцца іх хаты, а калі праходжу міма, успамінаю, як мы там прыбіралі, прыносілі дровы, ды проста слухалі расказы старых жанчын. У якасці піянерважатых дапамагалі і малодшым школьнікам рыхтаваць урокі, выпраўляць адзнакі.

Адказна ставіліся і да правядзення піянерскіх збораў. Кожны атрад дзяліўся на звенні, якія рыхтавалі альбомы. Афармляць гэты своеасаблівы дакумент піянерскіх спраў мне заўсёды дапамагала мама, якая добра малявала. Адзін год, памятаю, наш атрад узначальвала Таццяна Сасункевіч (Бурак), якая зараз на пасадзе намесніка дырэктара цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна працягвае займацца падобнымі справамі. Яна ж некаторы час была і намеснікам старшыні Савета дружыны.

Неаднойчы мы хадзілі ў паходы. Памятаю, як уразіла наведванне вёскі Жавулкі і расказ тады яшчэ жывых відавочцаў жудасных па-дзей Вялікай Айчыннай. Побач заўсёды былі наш класны кіраўнік Комлач (Багдановіч) Святлана Сямёнаўна і настаўнік гісторыі, які да таго ж ведаў амаль пра ўсё на свеце, Сямёнаў Павел Васільевіч. Не забыць, як весела правялі час у лесе, як вярталіся дадому на спадарожных машынах стомленыя, але задаволеныя.

Напярэдадні вялікіх святаў – Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі і Дня Перамогі – мы рыхтаваліся да ўдзелу ў аглядах піянерскіх атрадаў: старанна вучыліся маршыраваць пад уласнае выкананне патрыятычных песень. Словы іх памятаю і зараз. І вельмі прыемна было апранаць парадны варыянт піянерскай формы: белую блузку, блакітную спаднічку і пілотку.

Шмат чаго можна ўспомніць. З такіх цёплых успамінаў і складаецца наша жыццё, на іх, як на добрым фундаменце, будуецца любоў да Радзімы. На жаль, пасля распаду Савецкага Саюза знікла і піянерская арганізацыя. Аднак у нашай краіне яна паступова адраджалася, і сёння хлопчыкі і дзяўчынкі таксама завуцца піянерамі. Ці ставяцца яны так адказна да гэтага? Усё залежыць ад нас, дарослых. Піянер – гэта павінна гучаць горда.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *