О том, как на Копыльщине праздновали юбилеи пионерии

Общество

Пра тое, як на Капыльшчыне весела і цікава святкавалі юбілеі піянерыі, сёння сведчаць чорна-белыя здымкі ды старонкі раённай газеты.  

Вось перада мной фотакарткі 1962 года. На іх – радасныя піянеры ХХ стагоддзя з кветкамі. На цэнтральнай плошчы Капыля – вялікая трыбуна, з якой кіраўніцтва раёна віншуе юных ленінцаў. Калі б гэта былі каляровыя здымкі, то яны б зіхацелі чырванню знамёнаў, з якімі хлопчыкі і дзяўчынкі прыйшлі на свята. Упрыгожаныя зялёнымі галінкамі і партрэтамі лідараў КПСС рухаліся грузавікі. Піянеры – у белых кашулях, і ў кожнага – акуратна павязаныя гальштукі. У асабліва ўрачыстыя моманты юныя ленінцы аддаюць салют. Павіншаваць сваіх землякоў са святам прыехаў знакаміты паэт Анатоль Астрэйка. Прадоўжылася мерапрыемства ў лесе, куды пасля ўрачыстай лінейкі перайшлі піянеры. Там быў устаноўлены палатачны лагер і граў духавы аркестр.

■ 1962 год

У 1975 годзе ўрачыстая частка ХХ раённага піянерскага злёту была прысвечана падвядзенню вынікаў Усесаюзнага марша «Заўсёды гатоў» і 30-годдзю Вялікай Перамогі савецкага народа над гітлераўскай Германіяй. Звонкімі галасамі старшыні піянерскіх дружын здавалі рапарты старшыні савета атрада піянерскай арганізацыі раёна Людміле Заяц. Удзельнікаў злёту цёпла віталі ветэран Вялікай Айчыннай вайны М.П. Кулік, загадчык райана В.М. Занкевіч, першы сакратар райкама камсамола Сяргей Бардовіч, маленькія сябры юных ленінцаў – акцябраты. Правафланговымі прызнаны дружыны Пацейкаўскай, Цімкавіцкай, Доктаравіцкай, Семежаўскай, Капыльскіх сярэдніх школ, Грозаўскай школы-інтэрната, Рымашоўскай, Браткаўскай, Вошкатаўскай васьмігодак. Ім былі ўручаны граматы і падарункі. А Чырвонага сцяга раённай піянерскай арганізацыі ўдастоілася Пацейкаўская СШ, пераходнага Чырвонага вымпела  – Рымашоўская васьмігодка. Затым свята перанеслася ў традыцыйнае месца адпачынку, дзе адбыліся масавыя гульні і спаборніцтвы. Закончылася мерапрыемства традыцыйным піянерскім кастром.

Юбілейныя святкаванні 60-годдзя піянерскай арганізацыі ў 1982 годзе адзначыліся правядзеннем розных цікавых мерапрыемстваў. Напрыклад, у Доме піянераў прайшоў конкурс «А-ну, важатыя!». Пасля выканання розных заданняў пераможцамі былі прызнаны Ларыса Марціновіч з Доктаравіцкай СШ, Ніна Дзялендзік з СШ № 1 г. Капыля і Святлана Радзянкова з Лясноўскай СШ. А ў кінатэатры «Мір» працавала фотавыстава «Краіна піянерыя». Яна была арганізавана гурткоўцамі Дома піянераў. Увазе наведвальнікаў былі прадстаўлены работы вучняў школ райцэнтра Сяргея Булата, Віктара Імбры, Сяргея Працкевіча, Вадзіма Карпялені, Віктара Лопуха.  Урачыстая частка раённага 26-га піянерскага злёту па падвядзенню вынікаў марша «Піянеры ўсёй краіны – справе Леніна верныя» традыцыйна прайшла на галоўнай  плошчы райцэнтра.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *