Судьба Копыльского района многострадальна в событиях Великой Отечественной войны

2022 - Год исторической памяти Актуально Колонка редактора Общество

Лёс нашага раёна – шматпакутны. І асабліва, калі гаворка ідзе пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Свой надзвычай крывавы след у гісторыі Капыльшчыны пакінуў 12-ты літоўскі батальён дапаможнай паліцыі ў Беларусі. І асабіста – Зянонас Ігнатавічус, капелан падраздзялення. Першачарговай задачай названага батальёна была ачыстка мясцовасці ад ворагаў Рэйха, гэта значыць яўрэяў і славян.  

Прадмова

Летам 1944 года, калі Савецкая армія вызваляла Беларусь, разам з гітлераўскімі захопнікамі каціліся на захад і іх крывавыя памагатыя. У тым ліку – і ўдзельнікі літоўскага карнага батальёна. Не апошняе месца сярод іх займаў «духоўны пастыр» забойцаў – капелан Зянонас Ігнатавічус. Ён не толькі настаўляў фашысцкіх салдат на якаснае выкананне свайго крывавага абавязку, але і вёў асабісты архіў, які быў знойдзены ў 60-я гады ХХ стагоддзя ў вёсцы непадалёк ад Каўнаса. У гэтым сховішчы – некалькі соцень фотаздымкаў, на якіх Ігнатавічус у многіх гарадах і вёсках Беларусі побач з афіцэрамі і радавымі батальёна забойцаў. На абрыўках паперы – заметкі капелана, рэшткі прачытаных пропаве-дзей.

Жахлівыя фотакарткі

На гэтых жудасных здымках ёсць Капыль і капыляне. На некаторых з іх бачна, як фашысцкія карнікі вешаюць партызан і маладую дзяўчыну. А на адваротным баку адной фатаграфіі ваенны капелан Ігнатавічус напісаў: «1942 год. Павешанне партызан у Капылі».

У 60-я гады літоўскія калегі-журналісты даслалі матэрыялы пра злачынствы карнікаў, каб надрукаваць іх у нашай раёнцы. Артыкул за подпісам спецыяльнага карэспандэнта газеты «Вечерние новости» гарадоў Вільнюса і Каўнаса З. Мікалаўскаса быў апублікаваны ў адным са студзеньскіх нумароў «Слава працы» за 1968 год.

■ На шыбеніцы — Марыя Шчурская (Удавеня). 1942 год

Калі літоўскі журналіст наведаў Капыль, ён сустрэўся з сакратаром райкама партыі Сыраквашыным С.В. і былымі партызанамі. Трэба было ўстанавіць, каго зафіксавала нямецкая фотакамера, даведацца, пры якіх абставінах загінулі тыя людзі. Быў у ліку прысутных і Васіль Удавеня, якому на той момант споўнілася больш за 70. Ён дрыжачымі рукамі ўзяў адзін з фотаздымкаў, доўга глядзеў і ўсхваляваным голасам пачаў свой трагічны аповед:

– Гэта мая дачка. Маню арыштавалі, калі яе дзіцяці споўнілася ўсяго чатыры дні. Я сам быў у Капылі, калі яе вешалі, бачыў павешаных… Уся віна Мані заключалася ў тым, што яна была жонкай афіцэра Савецкай арміі.

Іншыя прысутныя сталі ўспамінаць, што ў той дзень на ўсіх вуліцах Капыля стаялі шыбеніцы. Тады ж павесілі і 16-гадовага хлапчука Занко Івана з вёскі Руднае.

Святар-кат

Ваенным капеланам Ігнатавічус стаў зусім невыпадкова. Заўзяты нацыяналіст, ён моцна ненавідзеў Савецкую ўладу, таму знаходзіў аргументы для апраўдання любых злачынстваў фашысцкіх захопнікаў. Нават грахі, як успамінаў былы салдат батальёна, прыслужнік капелана Генрыхас Селеліоніс, так званы святар адпускаў… оптам. Бо што новага маглі сказаць гітлераўцы ў час споведзі? Усё ён бачыў і ведаў сам. Ігнатавічус заклікаў змагацца за перамогу самага лютага парадку ў свеце, за масавыя забойствы і канцэнтрацыйныя лагеры за калючым дротам, за любое прыніжэнне чалавечай годнасці.

■ Павешанне партызан у Капылі. 1942 год

Нават пасля заканчэння Вялікай Айчыннай нягледзячы ні на якія суды над гітлераўскай зграяй  Ігнатавічус вось як характарызаваў сваіх «духоўных сыноў»: «Батальён склалі маральна здаровыя людзі, дысцыплінаваныя… Такія батальёны, добра падрыхтаваныя афіцэры маглі стаць ядром будучай літоўскай арміі, так патрэбнай для адраджэння нацыянальнай свабоды». Гэтыя словы – у тым ліку і аб Антанасе Імпеілявічусе, пад чыім камандаваннем батальён забіваў, мучыў, грабіў лю-дзей, які сам дабіваў раненых. У спісе яго крывавых спраў – тысячы загінуўшых беларусаў, яўрэяў і нават літоўцаў.

А сваё знаходжанне ў Беларусі Зенонас Ігнатавічус пазней абазначыць як «тры гады апостальства». Для нашага народа яны сталі трыма гадамі пакутаў, небывалых забойстваў і зверстваў.

■ Капелан Ігнатавічус і яго «духоўныя сыны».1943 год

Пасля вайны  Ігнатавічус вёў актыўнае жыццё. Жыў у Рыме, Буэнас-Айрасе, Рыа-дэ-Жанэйра. Нават апублікаваў мемуары пра вайну. Памёр у Рыме ажно ў 1975 годзе.

Батальён забойцаў  

Расказваючы пра Ігнатавічуса, нельга не сказаць і пра асаблівасць самога 12-га літоўскага батальёна. Яго жорсткасць і  бесчалавечнасць адзначалі нават і самі немцы. Вось, што піша свайму кіраўніцтву камісар Слуцка Г. Карл: «…Я павінен са шкадаваннем прызнаць, што іх дзеянні межавалі з садызмам… З неапісальнай жорсткасцю літоўцы з дадзенага паліцэйскага батальёна выганялі з дамоў яўрэяў. Па ўсім горадзе чуліся стрэлы. На некаторых вуліцах з’явіліся горы трупаў расстраляных яўрэяў. Перад забойствамі іх жорстка збівалі чым толькі маглі – палкамі, гумовымі шлангамі, прыкладамі, не шкадуючы ні жанчын, ні нават дзяцей. …Гэта было падобна на сапраўдныя акты вандалізму. Я са сваімі супрацоўнікамі ўвесь час знаходзіўся ў горадзе і стараўся ўратаваць тое, што яшчэ можна было ратаваць. Былі выпадкі, што я з рэвальверам у руках выганяў гэтых літоўцаў з прадпрыемстваў.

…Напрыканцы я павінен адзначыць, што падчас акцый салдаты дадзенага паліцэйскага батальёна рабавалі не толькі яўрэяў. Шмат дамоў беларусаў былі імі абрабаваны. Яны забіралі ўсё, што толькі магло спатрэбіцца – абутак, скуру, тканіны, золата і іншыя каштоўнасці. Яны літаральна разам са скурай сцягвалі кольцы з пальцаў сваіх ахвяр… Уначы з аўторка на сераду дадзены батальён пакінуў горад… Прашу ў далейшым абараніць мяне ад гэтага паліцэйскага батальёна бяспекі. Карл».

Беларусь не даруе

А зараз – увага. У мястэчку Вілкія, недалёка ад Каўнаса ў Літве, у 2019 го-дзе адкрылі мемарыяльную таблічку ў гонар… Зянонаса Ігнатавічуса. На цырымоніі адкрыцця прысутнічаў літоўскі інжынер-вынаходнік Эгідзіюс Саўлюс Юодзіс, які заявіў, што Ігнатавічус быў «выключным чалавекам». Ізраільскі гісторык, кіраўнік іерусалімскай суполкі Цэнтра Сымона Візенталя Эфраім Зураф прысвяціў гэтай сітуацыі артыкул, у якім адзначае, што Ігнатавічус, відаць, быў «сапраўды выключным чалавекам», калі дапамагаў літоўскаму эскадрону смерці, які мае дачыненне да знішчэння сама меней 20 тысяч беларускіх яўрэяў і не толькі ў 1941-1942 гадах і быў адным з самых жорсткіх лю-дзей.

На  жаль, літоўцы, як і палякі, і ўкраінцы, зараз па-іншаму расстаўляюць гістарычныя акцэнты. Іх неапраўданая нелюбоў да ўсяго савецкага вымушае зносіць помнікі салдатам-вызваліцелям і ўстанаўліваць мемарыяльныя дошкі сапраўдным вылюдкам. Але нішто не змые крывавыя плямы, якімі пакрылі сябе карнікі паліцэйскіх батальёнаў падчас «апостальства» ў Беларусі. Іх абвінавачваюць мільёны загінуўшых, абвінавачваюць брацкія магілы і папялішчы спаленых вёсак. Абвінавачвае сама Гісторыя. Ім няма ні прабачэння, ні апраўдання.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.