Как празднует Рождество жительница аг. Мажа Вера Черкас

Важное Общество

Сям’я Веры Андрэеўны Чаркас з Мажы – лепшы доказ таго, што Бог у нас адзіны. А шлях да Яго – асабісты ў кожнага, і не заўсёды ён бывае просты. Свой шлях да Збаўцы, нягледзячы на ўзрост, знайшлі ўжо і ўнукі жанчыны – Аляксандр, Максім і Фёдар Туркіны (на здымку).

З маленства, якое прайшло ў вёсцы Ржаўка, Вера Андрэеўна памятае, як весела там святкавалі Каляды. Нават тады, у строгі савецкі час, жыхары збіраліся ў каго-небудзь у хаце, прыносілі туды розныя прысмакі, спявалі, а моладзь бавіла час у клубе. Сям’я Кубракоў, дзе і нарадзілася Вера, была праваслаўная ды шматдзетная: Вера была пятай у ліку сямі дзетак. Вельмі сур’ёзна да рэлігіі ставілася бабуля, якая вадзіла дзетак у царкву, што знаходзілася ў суседняй вёсцы Цялядавічы. А вось мама паходзіла з Бабоўні, дзе большасць насельніцтва належала да каталіцкага веравызнання, якога жанчына і прытрымлівалася. самастойнага каталіцтва Вера Андрэеўна змагла ўжо пасля таго, як выйшла замуж: да гэтай канфесіі належала маці мужа – Чаркас Соф’я Антонаўна. Усе сваякі ездзілі на службы ў касцёл Божага Цела ў Нясвіж. Калі ў сям’і нарадзіліся дзеткі, кожнага з іх пахрысцілі ў касцёле. Традыцыю ўрачыстага святкавання Божага Нараджэння, якую шчыра падтрымлівала свякроў, зараз працягвае і Вера Андрэеўна. Гэтаму ж навучыла сваіх дачок з сынам, вучыць і ўнукаў.

– Так, я вырасла ў праваслаўнай сям’і, а каталіцкім традыцыям навучылася пазней, – разважае жанчына. І ўпэўнена дадае: – Але Бог адзіны для ўсіх. Галоўнае – насіць Яго ў душы.

Калі слухаеш крыху ўсхваляваны голас Веры Андрэеўны, якім яна распавядае пра сваё жыццё, разумееш: неаднойчы Пан Езус дапамагаў перажыць найбольш трывожныя падзеі яе жыцця, даваў сілы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Са сваімі думкамі ды бедамі неаднойчы жанчына звярталася ў малітвах да Усявышняга, які заўсёды дапамагаў. Паступова пачала хадзіць на святыя службы ў капыльскую гасцініцу, дзе ў канцы 90-х гадоў ХХ стагоддзя іх праводзіў айцец Аляксей разам з сястрой Даміянай. Да першай споведзі ў касцёл павяла і дзетак.

– У каталікоў новы святы год пачынаецца з апошняга тыдня лістапада, а дакладней – з Адвэнту, – працягвае расказ Вера Андрэеўна. – Для каталікоў гэта не пост у традыцыйным разуменні, а час радаснага чакання Хрыста. У гэты перыяд Касцёл не загадвае вернікам рабіць абмежаванні ў ежы, але рэкамендуе самім выбраць для сябе «пастановы» і прытрымлівацца іх, каб глыбей адчуць радасць будучага Раства. Мы робім вяночкі, на якія ўстанаўліваем свечачкі, і па адной запальваем кожны тыдзень да наступлення свята. Чатыры тыдні – чатыры свечкі. Напярэдадні Раства прыбіраем хату. А ўжо 24 снежня, калі да мяне прыязджаюць дочкі і сын, усе разам ідзём у касцёл.

Але да таго часу, пакуль прыйдзе пара наведаць храм, дома ўжо прыгатавана посная ежа, зварана куцця. На стол пад белы абрус згодна са звычаем палажылі сена. Але куццю ў хату павінен унесці гаспадар. На жаль, муж Веры Андрэеўны шмат гадоў таму пайшоў з жыцця. Таму гэты пачэсны абавязак выконвае хто-небудзь з унукаў. «Тук-тук, куцця ідзе! – Праходзь!» – кажуць пры гэтым у доме Чаркасоў. У рэшата, якое знаходзіцца на святочным стале, і ставяць той самы чыгунок з куццёй. Яе, дарэчы, гаспадыня гатуе з рысу і разынак. Усяго на стале – 12 посных страў з рыбы, гародніны, грыбоў, напечаны бліны.

Хлопчыкі гатовы развозіць Віфлеемскі агонь

Пасля таго, як сям’я вярнулася з касцёла, запальваюць свечку, гучаць словы святой малітвы. Усе сваякі, што сабраліся за сталом, адзін з адным дзеляцца аплаткамі, просяць прабачэння і шчыра жадаюць дабра. Кожная з дачок прывозіць на свята сваю фірменную страву. Старэйшая Алена – рулецікі з баклажанаў, Наталля – рыбны пірог. А для сваіх унукаў бабуля гатуе іх любімыя блінчыкі: змешвае яйка з мукой, дадае сыроваткі і  выпякае на алеі. Затым робіць поліўку з маку, смятаны і цукру.

Раніцай усе зноў наведваюць касцёл і пасля святкуюць Божае Нараджэнне. Да святочнага стала Вера Андрэеўна ўжо прыгатавала шмат прысмакаў:

– Стараюся зрабіць даўнейшыя стравы, – каменціруе жанчына. – Да гэтага часу па традыцыі мы колем кабанчыка. Таму вару халадзец, раблю катлеты: адны – звычайныя, з мяса, у другія дадаю грыбы. Адбіўныя ў мяне атрымліваюцца смачныя. А яшчэ традыцыйным у нас стаў запечаны сцягняк: добры кавалак мяса я шпігую часнаком і маленькімі кавалачкамі сала, абмазваю прыправамі (перцам, каляндрай, гваздзікай), заварочваю ў фальгу і запякаю ў духоўцы. А потым, калі 25-га мы вяртаемся з касцёла, застаецца толькі крыху яго падагрэць.

Па звычаі напрыканцы на стол абавязкова паставяць арэхі і  гарбузікі. Вера Андрэеўна добра памятае, як некалі ў яе дзяцінстве, увосень, бацька заўсёды хадзіў у лес і збіраў арэхі, потым высушваў, а мама беражліва захоўвала іх на Каляды.

Пасля таго, як паснедалі, унукі распачынаюць хатні канцэрт. Максім іграе на акардэоне, Мікалай – на баяне. Расказваюць шмат вершыкаў, якія вывучылі і ў школе, і ў касцёле. А хто і песеньку праспявае.

Паважлівае стаўленне да веры ў хлапчукоў выхоўвалася паступова: на працягу пэўнага часу сыны старэйшай дачкі Наталлі рэгулярна ходзяць у касцёл, як кажуць, па месцы жыхарства, у Мінску. Гэта невялічкая парафія святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ.

– Хлопчыкі вельмі сур’ёзна ставяцца да наведвання святога месца, – з гонарам за малых гаворыць Наталля (Туркіна). – Зараз яны спяшаюцца туды кожную раніцу а палове сёмай і нясуць з сабой папяровыя сэрцайкі, дзе напісаны тыя добрыя справы, якія выканалі дзеткі. Затым ксёндз выпадкова выбірае якое-небудзь сэрцайка, чытае справу і дае шчасліўчыку дамоў на суткі абраз Святой Сям’і. І так з першага дня Адвэнту да самага Божага Нараджэння. Яшчэ пасля ранішняй службы хлопцы атрымліваюць заданне на наступны дзень. Напрыклад: «Раскажы сябрам пра Езуса», «Абдымі бацькоў», «Прабач таму, хто цябе пакрыўдзіў». Затым усё збіраецца і ў канцы на апошняй ранішняй службе кожны атрымае свой падарунак. Менавіта так у парафіі праходзяць Рараты – адмысловыя ранішнія Святыя Імшы, прысвечаныя Найсвяцейшай Панне Марыі ў знак падзякі за яе згоду прыняць Божую Волю. А яшчэ хлопчыкі як каталіцкія скаўты развозяць Віфлеемскі агонь па сталічных касцёлах.

праект падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *