Сцяжынкі Александровіча пачынаюцца тут: як дапамагаюць сучасныя тэхналогіі вывучаць літаратуру

Актуально Общество

Літара А. З яе пачынаецца алфавіт. Яна ж пачынае і славутую Алею пісьменнікаў, якая з’явілася ў нашым гарадку напярэдадні святкавання Дня беларускага пісьменства. І прозвішча знакамітага беларускага літаратара, якому днямі спаўняецца 100 гадоў, таксама пачынаецца на гэту літару – Александровіч Сцяпан Хусейнавіч.

Каб ушанаваць памяць знакамітага земляка, вучні гімназіі № 1 г. Капыля (былой СШ № 1, якую ў свой час скончыў Сцяпан Александровіч) правялі вучэбныя заняткі на Алеі пісьменнікаў.

Вучні гімназіі знаходзяць звесткі пра знакамітага пісьменніка з дапамогай сучасных інфармацыйных тэхналогій.

– У гімназіі рэалізоўваецца педагагічны праект, у рамках якога праходзіць вывучэнне гісторыі нашай установы, – расказвае намеснік дырэктара гімназіі Валянціна Балажынская. – У гэтым навучальным годзе праца накіравана на даследаванне, пошук інфармацыі пра жыццё і дзейнасць вядомых выпускнікоў. Таму напярэдадні святкавання 100-годдзя з дня нараджэння Сцяпана Александровіча разам з вучнямі 8 класа правялі ўрок-пошук «Сцяжынкамі Александровіча» з выкарыстаннем інтэрактыўных сродкаў. Вельмі добра, што ў нас ёсць магчымасць заахвоціць падлеткаў вывучаць гісторыю літаратуры і роднага краю з дапамогай сучасных сродкаў камунікацыі. Як  вынік ужо праведзенай пошукавай работы вучняў – экспазіцыя ў музеі гімназіі, прысвечаная Сцяпану Хусейнавічу, выступленні дзяцей у прэсе і перад аднагодкамі.

■ Урок-пошук для васьмікласнікаў-гімназістаў праводзіць Валянціна Балажынская

І на самай справе, вучні і настаўнікі гімназіі (а раней і першай школы) не адзін год займаліся пошукавай дзейнасцю. Знойдзена шмат цікавых фактаў пра жыццё Александровіча, фотаздымкаў, успамінаў яго сваякоў. Напрыклад, на крыху пажаўцелых ад часу лістках паперы змешчаны звесткі, якія раней паведаміла сястра пісьменніка Аніфа Хусейнаўна, а працоўны шлях самой жанчыны быў звязаны з бібліятэкай. І зараз вельмі цікава ўзяць у рукі тыя ўспаміны і нібы ажыццявіць падарожжа праз час.

Даведка

5 снежня 1921 года ў Капылі ў шматдзетнай сям’і рабочага-гарбара нарадзіўся Сцяпан Александровіч. Менавіта ён, просты местачковы хлопец, стаў вядомым беларускім пісьменнікам, літаратуразнаўцам, крытыкам і краязнаўцам. Сцяпан Хусейнавіч доктар філалагічных навук, прафесар, член Саюза пісьменнікаў СССР з 1955 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Славы III ступені і медалямі. Заслужаны работнік культуры БССР.

«Наша сям’я была вельмі вялікай і, колькі памятаю, увесь час жыла ў Капылі, – расказвала ў далёкія 80-я гады ХХ стагоддзя Аніфа Александровіч. – Бацька – Александровіч Хусейн Самуілавіч – быў рабочым (сам з Капыля), а маці – Барановіч Фаціма Мустафаўна (з Ляхавіч) – даглядала дзяцей, вяла хатнюю гаспадарку. Як сёння кажуць – была хатняй гаспадыняй. Працы ёй хапала, бо нас, дзяцей, у сям’і было ажно пяць. Самым старэйшым быў брат Самуіл. Ён нарадзіўся ў 1919 годзе. Перад вайной пайшоў служыць у Чырвоную армію. Прапаў на фронце без вестак. У 1921 годзе нарадзіўся Мустафа, але ўсе называлі яго Сцяпанам, так і засталося. У школе Сцяпан добра вучыўся. І ў 1939 годзе паступіў у БДУ. Марыў вывучаць беларускую мову і літаратуру. Здзейснілася яго мара ўжо ў пасляваенны час.

■ Аніфа Александровіч за працай

Алік нарадзіўся ў 1925 годзе, стаў урачом. Затым у 1929 го-дзе з’явілася я – Аніфа Хусейнаўна, скончыла бібліятэкарскі тэхнікум у Мінску. Працавала да пенсіі ў раённай бібліятэцы. Але дома адной сядзець сумна, вось і прыйшла працаваць затым у школу, пакуль дазвалялі яшчэ сілы і жаданне.

Самым малодшым у сям’і быў Мечыслаў. Ён нарадзіўся ў 1932 годзе, стаў філолагам, працаваў у тэхнікуме ў Мінску.

…Жылі мы на гэтым месцы, дзе і сягоння (хата Александровічаў стаіць насупраць гімназіі, зараз у яе новыя гаспадары. – Заўв. рэд.). Але ў даваенны час гэта была ўскраіна Капыля і вуліца называлася не Максіма Горкага, а Какорыцкая. Насупраць хаты стаяла школа. Усе мы ў ёй вучыліся. Добра было на перапынку пабегчы дадому, падмацавацца.

Пасля ўрокаў да нас часта заходзілі аднакласнікі і сябры Сцяпана. Збіраліся і ў святочныя дні, спявалі, танцавалі, чыталі вершы.

Кожную суботу ў школе быў вечар. Граў духавы аркестр. Яго стварыў з вучняў школы настаўнік музыкі Іскрыцкі. Хоць школа была невялікая, драўляная, але ў ёй было вельмі ўтульна, хацелася вучыцца і весела адпачываць.

У час вайны будынак згарэў, і мы вельмі чакалі таго дня, калі ён будзе адноўлены і мы пачнём заняткі ў сваёй роднай школе.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, толькі двое, Самуіл і Сцяпан, былі ў арміі. Пра іх мы нічога не ведалі. А ў 1943 годзе нечакана вярнуўся дадому Сцяпан. Памятаю, як гэта было. У той дзень перабіралі бульбу. Бяжыць Алік і крычыць: «Сцяпан едзе!». Мы яго не пазналі адразу – худы, слабы. Яго прывёз нейкі добры чалавек на падводзе. Пазней даведаліся, што Сцяпан быў цяжка паранены (ён нават і памёр з асколкам), трапіў у палон, але немцы адпускалі дадому татар, што жылі паблізу. Вось так яму цудам удалося выратавацца.

■ Браты Сцяпан і Аляксандр Александровічы

Сцяпан хутка ішоў на папраўку. Устанавіў сувязь з падпольшчыкамі і партызанамі. Атрымліваў  ад іх заданні. Пра гэта я ведаю мала, бо брат нічога не расказваў: небяспечна, ды і я яшчэ малая была.

У 1944 годзе наша сям’я не магла больш заставацца ў Капылі. Немцы і паліцаі сталі нешта падазраваць, таму мы вырашылі ісці ў партызаны. Спецыяльная група сустракала нас каля вёскі Кацельнікі. Да самага вызвалення былі мы ў атрадзе імя Чапаева, жылі ў вёсцы  Свідзічы.

Пасля вызвалення вярнуліся ў Капыль. Сцяпан у мірны час працягваў вучобу завочна і працаваў настаўнікам недалёка ад Мінска. Вельмі любіў прыязджаць дадому з сябрамі. У нас былі і Пястрак, і Шамякін, і Астрэйка».

На працягу некалькіх апошніх гадоў жыцця (а не стала Александровіча 1 мая 1986 года) ён змагаўся з хваробай. І  калі тэлефанаваў сябрам, заўсёды цікавіўся: «Ну, што новага ў Капылі?» І вельмі радаваўся, калі чуў, што Капыль прыхарошваецца…

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота Наталлі ДАВЫДЗЕНКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *