Трагедия д. Жаулки не оставляет равнодушными и через десятилетия

Закон. Безопасность Общество

Пра вёску Жавулкі напісана шмат, сабраны ўспаміны застаўшыхся ў жывых мясцовых жыхароў, пастаўлены помнікі. Аднак… Сучаснасць падкідвае ўсё новыя і новыя звесткі пра трагедыю, якая адбылася ў лютым 1943 года.

Не так даўно ў рукі трапіў пажоўклы нумар «Калгасніка Капыльшчыны» за 12 ліпеня таго ж 1943-га. Аўтар, які падпісаўся проста Сцяпан Д., так апісваў лёс гэтай вёскі.

«Прыгожая была вёска Жавалкі. Заможна і культурна жылі калгаснікі. Вечарамі на шырокай калгаснай вуліцы ярка гарэлі электрычныя фанары. Весела свяціла лампачка Ільіча ў кожнай сялянскай хаце.

Багаты быў калгас «Чырвонаармеец». Чатыры фермы давалі прыбытак. На СТФ было 700 свіней. МТФ налічвала 400 галоў буйной рагатай жывёлы і маладняка, 160 добрых коней, шмат авец, кролікаў, вялікую пчолапасеку. 850 гектараў добрай, урадлівай зямлі, 25 гектараў саду мелі калгаснікі.

На калгасным полі працавалі трактары, камбайны, іншая сельскагаспадарчая тэхніка.

Весела і культурна праводзілі калгаснікі час адпачынку. У вялікім прыгожым клубе часта бывала гукавое кіно. У хаце-чытальне слухалі радыё, чыталі газеты і кніжкі. А колькі радасці было на вечарах самадзейнасці калгаснай моладзі.

У прыгожым будынку змяшчалася школа. Далёка чутны былі звонкія, жыццярадасныя песні дзяцей. За гады савецкай улады з вёскі выйшла больш 30 настаўнікаў, дзясяткі камандзіраў Чырвонай Арміі, многа дактароў і іншых спецыялістаў. Моладзь навучалася ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах.

І вось прыйшла дзікая арда фашысцкіх разбойнікаў і душагубаў. Нястала радасці і вяселля.

У першыя месяцы нямецкія акупанты аграбілі калгас, забралі жывёлу і хлеб. Зімою гэтага года (1943-га – Рэд.) гітлераўскія разбойнікі учынілі ў Жавалках страшэннае злачынства. Раніцаю, калі ўсе сяляне былі дома, нямецкія бандыты расстралялі ў хатах усіх людзей, у тым ліку старыкоў, дзяцей, жанчын і дзяцей, а хаты з трупамі забітых запалілі. Так гітлераўскія палачы забілі амаль 600 чалавек нявіннага мірнага насельніцтва і спалілі ўсю вёску.

Некалькі дзён абгарэлыя трупы і косці спаленых лю-дзей валяліся на папялішчах і толькі былі пахаваны сялянамі суседніх вёсак.

Прыкладна так выглядалі спаленыя вёскі, у тым ліку і на Капыльшчыне

Квітнеючую савецкую вёску фашысцкія людаеды ператварылі ў могілкі. Вось які новы парадак прынеслі нам гітлераўскія «вызваліцелі».

Сыны і дочкі беларускага народу, помсціце за спаленыя вёскі, за тысячы растраляных, павешаных, спаленых і замучаных нашых братоў і сясцёр, бацькоў і мацярэй, жонак і дзяцей».

«Гэта было зімою ў дзень 25-й гадавіны Чырвонай Арміі. На світанні саўгас імя Дзяржынскага быў акружаны немцамі і паліцаямі. Як бы з мэтаю праверкі дакументаў, усіх рабочых гітлераўцы сагналі ў адзін барак. Калі ўсе з сем’ямі былі сабраны, гітлераўскія людаеды ўчынілі нечуванае злачынства. Яны падпалілі барак з жывымі людзьмі, каб апошнія не ўцяклі, бандыты безупынна стралялі па вокнах з кулямётаў.

Дванаццацігадоваму хлопцу Кясенка Леаніду ўдалося выскачыць з агню. Жандарм злавіў яго і жывым кінуў у агонь.

Страшэннай смерцю загінулі 64 чалавекі. Паміраючы ў полымі агню, у жудасных муках, бязвінныя ахвяры фашысцкіх бандытаў прасілі адпомсціць за іх».

Ці можам мы зараз пакінуць іх зварот без увагі?!

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *