О том, как старицкие аграрии собирают урожай яблок

Актуально Общество

Яблычны сад у ААТ «Старыца-Агра» закладзены прыкладна пятнаццаць гадоў таму і займае амаль 40 га. Штогод ён прыносіць добрыя ўраджаі, якія толькі паспявай збіраць.

На пытанне аб эканамічнай выгадзе вырошчвання яблыкаў дырэктар Уладзімір Рудакоўскі з упэўненасцю адказвае:

— Любы кірунак сельскагаспадарчай дзейнасці прыносіць прыбытак, але пры ўмове, што да справы падыходзіць з розумам і сэрцам, пралічваць і ўзважваць ўсе «за» і «супраць». Таксама і з садам: садавіна расце, прадаецца, а значыць прыбытак ёсць.

Многія скажуць, што ў бюджэце гаспадаркі гэта кропля ў моры. Але ж менавіта з такіх кропель і складваецца моцны фінансавы дабрабыт любога сельгаспрадпрыемства. А вось каб атрымаць гэтую самую кроплю, трэба прыкласці нямала намаганняў. Сад патрабуе асаблівай увагі, і за ім патрэбен добры догляд.

— У пладаводства мы ўкладваем немалыя сродкі, — гаворыць намеснік дырэктара Уладзімір Патоцкі. — Таму і рэнтабельнасць абавязковая, на што мы і накіроўваем нямала сіл: да саду ставімся сур’ёзна і вельмі акуратна.

І на самай справе сад агароджаны плотам. Паміж радамі ёсць праезды, бо ў асноўным уся апрацоўка ідзе механізаваным спосабам. Набылі спецыяльны трактар, касілку, апырсквальнік, які апрацоўвае дрэвы ад хвароб і шкоднікаў. Рэгулярна робім абразанне, бо адна з першачарговых задач — не даць дрэву разрасціся ўвысь. Яблыня павінна быць такой, каб з верхавіны плады можна было з лёгкасцю дастаць. Вясной і ўвосень уносяцца мінеральныя ўгнаенні.

У ААТ «Старыца-Агра» вырошчваюць яблыкі некалькіх гатункаў. Практычна ўсе яны пазнейшыя, але адрозніваюцца розным тэрмінам захоўвання і смакавымі якасцямі. Напрыклад, Дарунак — кісла-салодкі, яго плады добра ляжаць да сакавіка. Трохі менш, да лютага — Беларускі салодкі. Назва гатунку кажа сама за сябе: плады сакавітыя і салодкія. А гатунак позняга паспявання Імант дае яблыкі, якімі можна ласавацца практычна ўсю вясну. Ёсць таксама і іншыя.

Сёлета ў гаспадарцы плануюць сабраць каля 100 тон яблыкаў, 30-40 тон будуць закла-дзены на захоўванне. Астатнія пойдуць на перапрацоўку, для дзіцячага харчавання ва ўстановы адукацыі, на рэалізацыю падчас кірмашоў, ва ўласным магазіне і г.д. У сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай дырэктар падпісаў загад аб выдзяленні 20 кг яблыкаў кожнаму работніку на ўмацаванне імунітэту.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *