В ОАО «Семежево» получают самую высокую урожайность в районе кукурузы на силос

Актуально Экономика

У сельгаспрадпрыемствах Капыльшчыны гэтымі днямі актыўна вядзеца закладка кукурузнага сіласу. Гэтыя работы выконваюць ва ўсіх гаспадарках, а ў некаторых набліжаюцца да завяршэння. У ААТ «Семежава» падчас цяперашняй корманарыхтоўчай кампаніі кукуруза на палях стаіць густой сцяной, адсюль, адпаведна, і ўраджайнасць сакавітай масы — атрымліваюць па 350 цэнтнераў з гектара. Дарэчы, гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у раёне.

Правілы добрага ўраджаю простыя: своечасовая сяўба і якасны догляд. А калі б сёлетняя засуха, то вынікам радаваліся яшчэ больш.

Вядома, аграрыі сельгаспрадпрыемствы такому павароту падзей вельмі рады. А каб прыбраць культуру своечасова, на палях праца з раніцы да позняга вечара не спыняецца.

— Пад кукурузу ў гаспадарцы адведзена амаль 955 гектараў, у тым ліку 350 — на зерне і 605 — на сілас, — расказвае аграном па ахове раслін, адказны за корманарыхтоўку Уладзімір Мацэля. — На дадзены момант вядзём уборку на сілас. Нарыхтавалі звыш 16 тыс. тон кукурузы. Гэта культура не толькі ўраджайная, яна яшчэ і валодае высокай абменнай энергіяй. Справа ў тым, што кукуруза для ўтварэння вялікага ўраджаю зялёнай масы патрабуе шмат вады. Як бачым, на жаль, сёлета яе не хапіла. Але якія б праблемы не ўзнікалі, трэба працаваць з душой, выконваць дакладна ўсе патрабаванні тэхналогій сяўбы культур, правільна апрацоўваць глебу, каб потым можна было ганарыцца вынікамі сваёй працы. Нягледзячы на капрызы надвор’я, кармоў на зіму ў нашай гаспадарцы нарыхтавана дастаткова.

Уладзімір Мацэля і механізатар Руслан Раманюк сочаць за закладкай сіласу

У атрыманні высакаякаснага корму, як адзначаюць спецыялісты, вялікае значэнне маюць тэхналогія ўборкі кармавых культур, падрыхтоўка іх да закладкі, кансерваванне сіласнай масы, захоўванне і, нарэшце, правільнае выкарыстанне.

— Сіласаванне — біялагічны метад падрыхтоўкі зялёных, сакавітых і іншых кармоў з мэтай максімальнага захавання ў іх пажыўных рэчываў і вітамінаў. У аснове сіласавання ляжыць працэс малочнакіслага закісання. У параўнанні з іншымі спосабамі сіласаванне ў меншай меры залежыць ад умоў надвор’я, — падкрэслівае дырэктар ААТ «Семежава», ветурач па адукацыі Сяргей Цыганкоў. — Пры выкарыстанні кукурузнага сіласу ў жывёл, якія знаходзяцца на адкорме, адбываецца інтэнсіўнае нарастанне мышачнай тканкі, а ў дойнага статка павышаецца малочная прадукцыйнасць.

На нарыхтоўцы сіласу ў сельгаспрадпрыемстве заняты два кормаўборачныя камбайны, якімі кіруюць Аляксандр Васілеўскі і Мікалай Будчанін. За адзін працоўны праход яны скошваюць, здрабняюць масу і загружаюць яе ў аўтамашыны і трактары для далейшай транспарціроўкі да месца захоўвання, для чаго задзейнічана дзесяць адзінак тэхнікі. Сабраную сіласную масу вязуць бліжэй да жывёлагадоўчых аб’ектаў. Траншэі ў гаспадарцы размешчаны паблізу ферм, каб не марнаваць лішнія час і сродкі для транспарціроўкі з палёў, а затым — для корму жывёле.

Аляксандр Валынскі і Мікалай Будчанін

Комплекс работ па нарыхтоўцы кукурузы на сілас працягваецца ўвесь светлавы дзень. Праца ва ўсіх надзвычай адказная: ад якасці ўборкі і трамбоўкі сіласнай масы напрамую залежыць якасць корму, а такім чынам і вытворчасць малака, мяса.

Трамбоўка на траншэі вядзецці з дапамогай дадатковых каткоў

За працэсам уборкі на полі і закладкі сіласу пільна сочаць спецыялісты. Яны кантралююць не толькі працэс закладкі, але і ацэньваюць якасць сіласнай масы. Пасля трамбоўкі траншэі накрываюць спецыяльнай святло- і паветранепранікальнай плёнкай і прыціскаюць грузамі.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *