Выдатная настаўніца з аграгарадка Лясное Капыльскага раёна

Актуально Образование

Выдатная настаўніца, улюбёная ў сваю справу Надзея Канстанцінаўна Караленка (на здымку) з аграгарадка Лясное, запаліла агеньчык любові да прыгожага, светлага і вечнага ў сэрцах многіх сотняў дзяцей, якім пашчасціла ў яе вучыцца. Амаль паўстагоддзя свайго жыцця яна аддала школе, ніколі не пашкадавала аб гэтым.

Надзея Канстанцінаўна – чалавек вядомы не толькі ў нашым рэгіёне, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, яе імя занесена ў Кнігу працоўнай славы Капыльскага раёна.

Азіраючыся назад, у, здавалася б, не такое далёкае мінулае, жанчына з усмешкай успамінае: вось яна, маладзенькая настаўніца хіміі і біялогіі, у 1973-м упершыню пераступае парог толькі што адчыненай Лясноўскай СШ. Ці магла яна тады меркаваць, што вельмі хутка лёс падорыць ёй сустрэчу з будучым мужам – ваенруком, а потым і выкладчыкам гісторыі Уладзімірам Караленкам? Адзін аднаму спадабаліся адразу. Праз год пажаніліся. Маладым далі пакой у «настаўніцкай» хаце.

Потым у сям’і пайшлі дзеці. Выгадавалі дастойных сыноў Аляксея і Сяргея, а таксама дачушку Ксенію, якія паспяхова рэалізавалі сябе ў жыцці. Цяпер са сваімі сем’ямі яны частыя госці ў Лясным.

На пытанне, у чым жа галоўны сакрэт педагагічнага поспеху, На-дзея Канстанцінаўна адказала, што асаблівага сакрэту яна не ведае. Проста кіравалася прынцыпам: «Дзеці павінны самі выказваць сваё меркаванне аб тым, што яны пазналі». А для таго, каб было што выказваць, яна загадзя рыхтавала для іх пытанні, і на ўроках разгараліся сапраўдныя дыспуты, дзе нікому не было сумна.

Думаю, што ніхто не будзе спрачацца з  тым, што ва ўсе часы былі і ёсць педагогі, на ўроках якіх у дзяцей гараць вочы, і яны гатовы, цягнучы руку для адказу, літаральна выскачыць з-за парты. Аднак былі і такія, у якіх усё наадварот. І няма на гэта ні яснага адказу, ні дакладнага рэцэпта, ёсць толькі талент, дадзены ад Бога такім настаўнікам, як Надзея Канстанцінаўна. Дзеці заўсёды з захапленнем ішлі на ўрокі біялогіі і хіміі, прымалі ўдзел у шматлікіх экалагічных форумах і семінарах, стваралі экалагічныя сцежкі і г.д.

І сёння настаўніца па праве ганарыцца сваімі вучнямі, якія прынялі шчодрыя дары яе душы і розуму, узбагаціўшы гэтым свой унутраны свет. Нездарма многія яе выпускнікі абралі менавіта прыродазнаўчы профіль і звязалі сваё жыццё з медыцынай, сельскай і лясной гаспадаркай, педагогікай.

Увогуле, падчас нашай гутаркі давялося пачуць ад Надзеі Канстанцінаўны вельмі шмат цёплых, добрых слоў не толькі пра яе вучняў, але і пра былых калег, пра аднавяскоўцаў, якія заўсёды прыходзяць на дапамогу, і, вядома, пра ўласных дзяцей і ўнукаў.

Любоў да прыроды, роднай зямлі прасочваецца ў эстэтычным афармленні прысядзібнага ўчастка, гаспадары якога неаднойчы станавіліся пераможцамі ці прызёрамі раённага конкурсу ветэранскіх падвор’яў. Ля іх дома – выдатны ўчастак, які з ранняй вясны і да позняй восені ўпрыгожваюць разнастайныя кветкі, іглічныя расліны, ёсць і тыя, што рэдка сустракаюцца. У сям’і Караленкаў шмат захапленняў: рыбалка, збор грыбоў, паляванне.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *