17-ы Цімкавіцкі пагранічны атрад: там неслі службу сапраўдныя героі

Актуально Год народнага адзінства Общество

Дзень народнага адзінства, які Беларусь упершыню адзначыла 17 верасня, мае сваіх герояў. Іх імёны гучаць праз ліхалецці часу. Ёсць свае героі-пагранічнікі і на Капыльшчыне.

Да 17 верасня 1939 года Капыльскі раён быў падзелены на дзве часткі. Дзяржаўная граніца, якая адмяжоўвала Польшчу ад Беларусі, праходзіла каля вёсак Бабоўня, Вялікая Раёўка, Крывасёлкі. Там жа знаходзіліся і заставы. Але больш вядома застава ў Цімкавічах, дзе нёс службу 17-ы пагранатрад.

Шляхі станаўлення

17-ы Цімкавіцкі пагранічны атрад ахоўваў граніцу працягласцю 154 км ад пагранічнага слупа № 832 да 1063. Штаб пагранатрада знаходзіўся  ў  в.  Цімкавічы. У яго ўваходзілі 4 камендатуры і 19 застаў. Яны размяшчаліся на тэрыторыі 2 раёнаў – Капыльскага і Чырвонаслабадскога.

Да 1939 г. дзяржаўная граніца СССР праходзіла непадалёку ад Мінска (30 км). Пагранічныя атрады насілі назвы: Заслаўскі, Дзяржынскі, Плешчаніцкі і інш. Гiсторыя іх пачалася яшчэ ў паслярэвалюцыйныя гады. У далёкім 1918 го-дзе маладой Савецкай дзяржаве неабходна было абараняць свае граніцы. Быў прыняты Дэкрэт СНК аб зацвярджэнні пагранічнай аховы ад 28 мая 1918 года, падпісаны старшынёй СНК Уладзімірам Леніным.

Яшчэ 19 студзеня 1918 г. у г. Ельня былой Смаленскай губерні  пачалося фарміраванне 2-га запаснога стралковага батальёна 8-ай запасной стралковай дывізіі. У маі 1919 г. батальён быў перайменаваны ў 1-ы запасны стралковы полк, у студзені 1920 г. – у 13-ы запасны стралковы полк, а летам 1921 года – 164-ы стралковы 55-й асобай брыгады. У гэты перыяд задачы палка – нясенне аховы чыгункі і барацьба з бандытызмам у Гомелі.

У ліпені 1922 года 164-ы стралковы полк перафарміраваны ў 2-гі пагранічны полк для аховы заходніх граніц СССР. Штаб палка дыслацыраваўся ў г. Слуцку. Першы батальён – у Капылі, 2-гі – у в. Лешня, 3-ці – у в. Вызна Чырвонаслабадскога раёна. 3 палка быў выдзелены 8-ы пагранічны батальён. У сакавіку 1923 года батальён быў перайменаваны ў 14-ы асобы пагранічны батальён.

У ліпені 1923 года штаб батальёна пераводзіцца ў мястэчка Цімкавічы. У сакавіку 1924 года батальён перайменоўваецца ў 14-ы пагранатрад, у студзені 1925 года ён стаў называцца 17-ым Цімкавіцкім пагранатрадам. У жніўні 1935 года перайменаваны ў 17-ы ПА НКУС БССР.

■ Вучэбная стральба ў Цімкавічах, 1923 г.

У 1939 г. пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі атрад быў перадыслацыраваны ў г. Брэст. Асобы састаў 17-га Цімкавіцкага Чырванасцяжнага пагранатрада быў пераўтвораны ў 89-ы пагранічны атрад і па загадзе НКУС СССР паходным маршам перадыслацыраваны на 350 км у г. Брэст на ахову новых рубяжоў дзяржаўнай граніцы.

У ліпені 1941 года 17-ы Чырванасцяжны пагранатрад перайменаваны ў 17-ы Чырванасцяжны пагранічны полк.

3 верасня 1944 г. за ўзяцце штурмам г. Ізмаіла 17-ы Чырванасцяжны пагранічны полк атрымаў ганаровае званне Ізмаільскага і называўся 17-ы Чырванасцяжны пагранічны полк аховы тылу 3-га Украінскага фронту. Летам 1945 года пасля завяршэння Вялікай Айчыннай вайны 17-ы Чырванасцяжны пагранічны полк быў расфарміраваны.

За гісторыю свайго існавання 17-ы пагранатрад (ПА) атрымаў шмат узнагарод. І неслі там службу сапраўдныя героі.

…На граніцы хмары ходзяць хмурна

У жніўні 1924 года на савецка-польскай граніцы атрад удзельнічаў у аперацыі па затрыманні тэрарыста Барыса Савенкава, а летам 1925 года – вопытнага агента англійскай разведкі Сіднэя Рэйлі. Толькі за 1929 год пагранічнікі 17-га ПА затрымалі 399 парушальнікаў граніцы, 196 з якіх былі выкрыты як агенты замежных разведак. Ды і наогул гісторыя 17-га ПА насычана многімі прыкладамі гераічных подзвігаў.

У чэрвені 1931 года на ўчастку атрада з’явіўся верхавод раней разгромленай банды Люцко. Ён хацеў арганізаваць контррэвалюцыйнае кулацкае выступленне. 3 дапамогай мясцовага насельніцтва спроба была раскрыта. Люцко і яго пасобнікі спрабавалі ўцячы ў Польшчу. Па-геройску дзейнічалі ў гэтым баі начальнік пагранзаставы А.М. Мачалаў, чырвонаармеец П.Д. Магіраў. Яны былі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Слова пра героя Кафанава

У канцы 30-х гадоў у пагранічных войсках Беларусі было добра вядома імя пагранічніка – ардэнаносца Рыгора Кафанава, камсамольца, выдатніка баявой і палітычнай падрыхтоўкі. Ён нарадзіўся ў сяле Суха-Салоціна Іўнянскага раёна Белгародскай вобласці. Працаваў трактарыстам. У 1937 годзе быў прызваны ў Чырвоную армію і накіраваны для праходжання службы на пятую заставу 17-га Цімкавіцкага Чырванасцяжнага пагранічнага атрада.

■ Рыгор Кафанаў

У пагранічных войсках добра ведалі гэтага байца-камсамольца. Ён часта выступаў на злётах выдатнікаў, на чырвонаармейскіх сходах, сустракаўся з пагранічнікамі іншых застаў, з моладдзю, школьнікамі. З’езд Беларускага камсамола выбраў яго кандыдатам у члены ЦК ЛКСМБ. І зусім не выпадкова: Рыгор Кафанаў быў сапраўдным героем.

Адзін са сваіх подзвігаў Кафанаў здзейсніў у кастрычніку 1938 года. Менавіта тады на 5-й пагранзаставе каля в. Заракаўцы разам з Фядотам Найдзёнавым ён выйшаў у нарад. Пагранічнікі затрымалі дваіх шпіёнаў. Аб гэтым пісалі газеты «Заходняя граніца» і «Чырвоная змена». За подзвіг Кафанаву і Най-дзёнаву старшынёй Вярхоўнага Савета СССР Міхаілам Іванавічам Калініным у Маскве былі ўручаны баявыя ўзнагароды. Пазней на партыйным сходзе Кафанаў скажа наступныя словы: «Покуда руки держат оружие, я буду зорко охранять границу, разить врагов нашей страны. Это мой долг. Долг бойца – защитника Социалистической Родины».

Пазней Рыгор неаднаразова пацвердзіў гэтыя словы. У верасні 1939 г. Чырвоная армія выступіла ў паход за вызваленне працоўных заходніх абласцей Украіны і Беларусі. Пагранічнікам ставілася задача: расчысціць шлях для часцей савецкіх войскаў, заняць масты, пераправы, умацаваць стражніцы. У некаторых раёнах рэакцыйныя сілы стварылі банды, якія аказвалі супраціўленне нашым войскам. У адной з сутычак па-геройску загінуў Рыгор Кафанаў.

Пра абставіны гібелі Рыгора Кафанава ўспамінае малодшы палітрук гэтай заставы Леў Барысавіч Сарочкін: «Для выканання пастаўленай задачы былі створаны тры баявыя групы: штурмавая і дзве групы прыкрыцця. У вызначаны час групы выйшлі на зыходныя пазіцыі. Пагранічныя нарады і часавога, якія абаранялі Пляцоўку, абяззброілі без адзінага выстралу. Па распрацаваным загадзя плане штурмавая група, у якую ўваходзіў Р. Кафанаў, павінна была кінуць у акно казармы гранату для таго, каб выклікаць паніку. Аднак акно аказалася прыкрытым металічнай сеткай, граната выбухнула каля сцяны будынка, на шчасце не прычыніўшы шкоды надыходзячай групе. Рыгор Кафанаў, убачыўшы гэта, рушыў да дзвярэй казармы з крыкам: «Здавайцеся!». Але тут жа быў прашыты кулямётнай чаргой». Так загінуў смелы баец, але сваім подзвігам ён забяспечыў поспех заставе, якая выканала баявую задачу.

Памяць застаецца назаўсёды

27 сакавіка 1940 года Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР 5-й пагранзаставе 17-га Цімкавіцкага Чырванасцяжнага пагранатрада войскаў НКУС было прысвоена імя чырвонаармейца-пагранічніка. На месцы былой заставы ўстаноўлена мемарыяльная дошка з надпісам: «Тут была пагранічная застава імя Р.І. Кафанава, які па-геройску загінуў пры абароне дзяржаўнай мяжы СССР у верасні 1939 года». Пастановай Савета Міністраў БССР ад 12 сакавiка 1968 года 2-й заставе Брэсцкага Чырванасцяжнага пагранічнага атрада імя Ф.Э. Дзяржынскага прысвоена імя Рыгора Ільіча Кафанава.

Памяць пагранічнікаў уша-ноўваюць навучэнцы Цімкавіцкай СШ і жыхары аграгарадка. У школе існуе музей 17-га Цімкавіцкага Чырванасцяжнага пагранатрада.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота з архіва музея Цімкавіцкай СШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *