У Капылі адкрыта Алея пісьменнікаў

Актуально Дзень беларускага пісьменства-2021 Общество

Цудоўным падарункам для капылян і жыхароў раёна стала Алея пісьменнікаў, якая размешчана ў цэнтры нашага горада.

У адкрыцці Алеі пісьменнікаў прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, старшыня Мінаблвыканкама Аляксандр Турчын, старшыня Капыльскага райвыканкама Сяргей Пілішчык. Разам дарагія госці перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку.

З прывітальным словам выступіў беларускі журналіст, літаратуразнавец, пісьменнік, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей Дубовік, які нарадзіўся ў в. Крыніца Капыльскага раёна. Ён падкрэсліў, што з Капыльшчыны пайшло шмат таленавітых пісьменнікаў і журналістаў.

Удзел у стварэнні праекта прымаў творчы калектыў ГА “Беларускі саюз мастакоў”, а фінасаваў яго Мінаблвыканкам.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў, мастак-манументаліст Глеб Отчык адзначыў, што такі праект – адзіны, у якім пераплецены мастацтва і сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі.

Творчую атмасферу стваралі музычныя кампазіцыі ў выкананні аркестра народных інструментаў “Капыльскія дудары”.

Навучэнка СШ № 2 г. Капыля Соф’я Сінюк выканала цудоўны верш на роднай мове.

Паводле задумкі, на Алее размешчаны інтэрактыўныя лаўкі, кожная з якіх пазначана літарамі кірыліцы (у адпаведнасці з імёнамі пісьменнікаў: А — Адам Русак, Алесь Адамовіч і гэтак далей). На ўсе літары нанясены QR-код, пры навядзенні мабільным тэлефонам на які можна даведацца, якому канкрэтна пісьменніку яна прысвечана і аўтарам якіх твораў з’яўляецца літаратар. Дапамагаў разабрацца з літаратурным інтэрактывам навучэнец гімназіі № 1 г. Капыля Раман Марукін.

Каля буквы “С” гасцей сустракала дачка знакамітага пісьменніка Яна Скрыгана – Галіна Іванаўна. Яна адзначыла, што ёй вельмі прыемна, бо памяць пра яе вядомага бацьку ўшаноўваюць як на Капыльшчыне, так і па ўсёй Беларусі. У знак удзячнасці яна падарыла гасцям кнігу, у якой сабрана інфармацыя пра Яна Скрыгана.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *