От прошлого до настоящего: об истории зарождения библиотечного дела в Копыльском районе

Актуально Капыльшчына літаратурная Общество

Пра гісторыю зараджэння бібліятэчнай справы ў Капыльскім раёне архіўных матэрыялаў нямнога. Але ёсць успаміны старажылаў горада, вядомых беларускіх пісьменнікаў, нашых  землякоў, з расказаў якіх і пачынаецца аповед.

Ідэі народніцтва

Ідэі народніцтва ў Капыль завезлі беларус   Васіль Татарынчык  і   яўрэй  Леў  Клейнбарт  у  80-я  гады  XIX ст. Татарынчык набыў  народавольніцкія ідэі  дзесьці на поўдні,  але,   будучы чалавекам невысокай адукацыі, успрыняў іх поўнасцю сваім  сялянскім   розумам  і   да канца   жыцця   заставаўся   іх  гарачым прыхільнікам. Іншая справа   Клейнбарт, які   скончыў   Лейпцыгскі  ўніверсітэт, доўга  жыў  за   мяжой,   быў  знаёмы з  Лаўровым  і іншымі тэарэтыкамі народніцтва. 3 прыбыццём Клейнбарта ў Капыль тут  з’явіліся такія часопісы, як «Отечественные записки», «Дело», «Слово», «Устои», творы Някрасава, Шчадрына, Успенскага, Пісарава, Гётэ  і інш. Чыталі іх мясцовыя інтэлегенцыя,  рамеснікі і сяляне. У гісторыю XIX ст.  увайшло як стагоддзе войнаў, рэвалюцый і вызваленчага руху. Гэтыя  падзеі  не  абмінулі і Капыльшчыну. Прыкметнай   фігурай   тады   ў   Капылі   быў хатні настаўнік Шафрановіч,   які  вучыў капылян гаварыць смелыя словы, выношваць у  сабе «крамольныя»  думкі. «Кожны вечар,  –  піша    Цішка Гартны ў кнізе «Абеглы саманарыс майго жыцця. Аўтабіяграфія», – збіраліся ў  яго капыльскія сацыялісты  і  сацыялісткі,  ладзілі   гутаркі  і чытанні. I сяляне-абывацелі  перасцерагалі сваіх дзяцей, каб яны баяліся дзядзькі    Шафрановіча, але  гэта не пашкодзіла   мне  пераступіць   цераз   парог   яго   хаты. А як толькі пераступіў,  мяне,  як магнэсам, пацягнула туды. Бо Шафрановіч не толькі  з  цікавасці запрашаў да сябе людзей. Ён  быў уладальнікам усіх кніжных багаццяў мястэчка».

▪ Ідзе будоўля новай бібліятэкі і інтэрната, 70-я гг. ХХ ст.

Рэвалюцыйны рух у мястэчку развіваецца. Паступова ад народніцтва капыляне пераходзяць да марксізму і хутка ствараюць сваю сацыял-дэмакратычную арганізацыю. На змену Васілю Татарынчыку прыходзяць Несцер Чарнушэвіч, Алесь Гурло, Хведар Чарнушэвіч, Навум Татарынчык, Зміцер Жылуновіч, Рыгор Чарнушэвіч і іншыя. Маладыя сацыял-дэмакраты з захапленнем чыталі рускую мастацкую і палітычную літаратуру. Гэтаму садзейнічала існаваўшая ў Капылі тайная бібліятэка сацыял-дэмакратаў, якая была размешчана ў хаце 19-гадовага сялянскага юнака Рыгора Чарнушэвіча. Акрамя іншых кніг у Капыль пачынаюць прывозіць першыя творы Пляханава і Леніна. Ішоў час, і ў пачатку 1919 года ў Беларусі ўстанаўліваецца савецкая ўлада. Наркампросам прымаецца рашэнне стварыць пры пазашкольным аддзеле секцыю для кіраўніцтва бібліятэчнай справай. 3’явіліся хаты-чытальні і на Капыльшчыне. Вечарамі ў іх станавілася мнагалюдна. Пісьменныя    чыталі,    а  тыя, хто  яшчэ  не  ўмеў чытаць, прыходзілі паслухаць. Як сведчаць пратаколы Цімкавіцкага валаснога рэўкома ад 16 студзеня 1919 года, у Маскву за набыццём літаратуры, зборнікаў дэкрэтаў, выпіскай газет быў камандзіраваны A.M. Даменя. Ён купіў літаратуры на 105 рублёў 32 капейкі. Таксама маецца «Спісак стацыянарных бібліятэк па даным перапісу за студзень–сакавік 1933 года», у якім пералічаны бібліятэкі, створаныя пры арганізацыях Капыльскага раёна. На той час яны працавалі пры Райкоме саюза Рабпрос, МК бальніцы і амбулаторыі, саўгасе «Доктаравічы». Да 1939 года ў раёне ўжо мелася 39 бібліятэк з кніжным фондам у 66 тысяч экзэмпляраў. Трывала ўвайшоў у быт перыядычны друк. У той час бібліятэкі працавалі ў вёсках Быстрыца, Семежава, Блеўчыцы, Цялядавічы.

«Кніжны фронт»

Але пачалася Вялікая Айчынная вайна, і бібліятэчная сетка была поўнасцю парушана, а фонды разграблены ці знішчаны. Гэта яскрава відно і на прыкладзе раённай бібліятэкі. 3 успамінаў старажылаў г. Капыля, якія запісала былая загадчыца раённай бібліятэкі Марыя Нагорная: «Капыльская раённая бібліятэка да вайны размяшчалася ў памяшканні раённага Дома культуры, які знаходзіўся на цэнтральнай плошчы горада. Кніжны фонд атрымала ў спадчыну ад розных бібліятэк, якія былі ў Капылі на грамадскіх пачатках яшчэ ў дарэвалюцыйны час. Напрыклад, да самай рэвалюцыі была багатая бібліятэка ў доме капыльскага жыхара М. Шмурока, які збіраў кнігі доўга і карпатліва. Загадваў бібліятэкай нейкі Барыс Эдэль. Капыль таго часу быў вельмі культурным мястэчкам, многія захапляліся чытаннем. Пасля рэвалюцыі многія людзі дарылі кнігі ці прадавалі за невялікія грошы раённай бібліятэцы. А ў час вайны, калі быў заняты Капыль, немцы палілі гэты вялікі скарб на кастрах каля рэчкі. Сам будынак дома культуры гітлераўцы спалілі пры адступленні. Сярод чытачоў бібліятэкі былі  знакамітыя людзі. Напрыклад, беларускі паэт Аляксей Коршак, пісьменнік і крытык Сцяпан Александровіч і інш.».

Новыя гарызонты дзейнасці

Для пасляваеннага развіцця бібліятэчнай справы характэрна адкрыццё хат-чытальняў. 3 архіваў вядома, што ў 1948–49 гадах у раёне працуюць Браткаўская, Быстрыцкая, Ванелевіцкая, Вялешынская, Ляшнянская, Крывасёлкаўская, Старыцкая, Цімкавіцкая, Пруская, В. Раёўская, Сл.-Кучынская, Ст.-Капыльская, Жыліхаўская і Пацейкаўская хаты-чытальні.

Па ўспамінах старажылаў, пасля вайны Капыльская раённая бібліятэка размяшчалася ў памяшканні старой пажарнай, затым у будынку старой пошты, а ў сакавіку 1956 года, калі быў здадзены ў эксплуатацыю будынак раённага Дома культуры, заняла тры пакоі на другім паверсе, якія былі невялічкімі па плошчы. Кніжны фонд у чытальнай зале быў не  выдзелены з-за  адсутнасці  кніжных шафаў.   Захаваліся архіўныя звесткі аб тым, што ў 1947 г. раённай бібліятэкай загадвала Ляшчук Аляксандра. У 1949 г. на гэтай пасадзе працавала Літвінава Марыя, у 1952 г. – Самахвалава Ніна. Кніжны фонд бібліятэкі на пачатак 1958 года складаў 12 950 экз., кнігавыдача – 28 543 экз., чытачоў – 2114 чалавек.

У 1959 годзе загадчыцай бібліятэкі прыйшла працаваць Нагорная Марыя Мікалаеўна, якая мела вышэйшую адукацыю, і да гэтага часу – пасаду метадыста Мінскай абласной бібліятэкі. У невялічкай чытальнай зале часта не хапала месцаў чытачам, мнагалюдна бывала і ў кніжным фондзе абанемента. Актыўна працавалі ад раённай бібліятэкі і пазастацыянарныя бібліятэкі, якія абслугоўвалі жыхароў вёсак.

▪ Загадчыца бібліятэкі М.М. Нагорная (стаіць справа) з калегамі Н.С. Андрэйчанка, І.К. Чаркас і В.К. Мацуль,1960 г.

3 цягам часу бібліятэчная справа на Капыльшчыне развівалася. У раёне стала традыцыяй праводзіць Дні бібліятэкара, якія з’яўляліся актыўнай формай вучобы кадраў. Бібліятэкі ўмацоўваліся, укамплектоўваліся новымі кадрамі. Трэба адзначыць, што ў пачатку 60-х гадоў на работу ў раённую бібліятэку прыйшла працаваць Ідаля Васілевіч (Чаркас), якая затым доўгі час узначальвала Капыльскую ЦБС.

У пачатку 1977 года шляхам зліцця асабістых і публічных бібліятэк горада была створана Капыльская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. 7 мая 1980 года пастановай Савета Міністраў БССР бібліятэцы было прысвоена імя вядомага беларускага паэта Анатоля Астрэйкі. Паступова на змену прыходзіла другое пакаленне: у 1999 годзе сістэму ўзначаліла малады дырэктар Таццяна Пятроўна Серая.

Дзень сённяшні

Сёння раённая цэнтральная бібліятэка, якую ўзначальвае Алена Пілат, стала метадычным і арганізацыйным цэнтрам для публічных бібліятэк рэгіёну. Гэта шматфункцыянальная ўстанова культуры, інфармацыйны, сацыякультурны і асветніцкі цэнтр, які ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу і запытам розных сацыяльных слаёў насельніцтва шырока і актыўна ўкараняе ў сваю дзейнасць новыя інфармацыйныя тэхналогіі.

▪ Сучасны будынак раённай бібліятэкі і інтэрната, 2021 г.

Дарэчы, у бягучым годзе падарункам для капылян стане адкрыццё новага будынка дзіцячай бібліятэкі. Нельга не ўспомніць былых загадчыкаў дзіцячай бібліятэкі, якія на працягу доўгага прафесійнага жыцця штодзённа сагравалі душэўнай цеплынёй і ўсмешкай маленькіх чытачоў. Гэта – Марыя Астапенка, Аніфа Александровіч, Антаніна Шулешка, Марыя Нагорная, Мая Маскалькова, Ала Раеўская. Сёння дзіцячую бібліятэку ўзначальвае Валянціна Камінская. I ўжо маладому пакаленню бібліятэкараў пісаць далей гісторыю свайго жыцця, сваёй справы.

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *