Па сцяжынках Кузьмы Чорнага прайшоў велаэкскурс

Актуально Капыльшчына літаратурная Общество

Наш нядаўні велаэкскурс «Скіп’ёва. Кузьма Чорны. Мінулае і сучаснасць» прайшоў па сцяжынках-дарожках знакамітага земляка.

Трэба дадаць, што і ўдзельнікамі гэтага цікавага падарожжа былі людзі, якія шмат зрабілі, для праслаўлення нашай малой радзімы. Арганізатарам экскурсіі была загадчык Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людміла Ніжэвіч. На яе прапанову да ўдзелу, вядома ж, далучылася і Цімкавіцкая бібліятэка, а таксама  наш вядомы краязнавец, літаратуразнавец, прафесар, загадчык кафедры беларускай мовы і літаратуры БДУ Алесь Бельскі, вялікі шанавальнік і патрыёт сваёй малой радзімы, доктар тэхнічных навук, прафесар Маскоўскага авіяцыйнага інстытута Уладзімір Родчанка, наша госця з «паўночнай сталіцы» Расійскай Федэрацыі, расійская актрыса, выкладчык акцёрскага майстэрства, рэжысёр тэатральных пастановак, дыктар, якая агучыла больш за сотню аўдыёкніг – Алена Дэльвер, а таксама чалавек, які бязмерна любіць нашу мову і прывівае гэта пачуцце падрастаючаму пакаленню, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Маляўка.

Адпраўнай кропкаю экскурса быў Літаратурны музей, ад якога мы паехалі па вуліцах Слуцкай і Капыльскай (назвы гэтых вуліц не змяняліся больш як 300 гадоў) у бок даўжлянскага чыгуначнага пераезду. Тут жа быў наш невялічкі прыпынак, дзе Алесь Іванавіч і Уладзімір Віктаравіч падзяліліся сваімі дзіцячымі ўспамінамі, нагадалі гістарычныя факты аб будоўлі дарогі, якая злучыла Слуцк і Баранавічы праз Цімкавічы, успомнілі, як купаліся на рацэ Мажа, лавілі ракаў і рыбу. Пасля мы накіраваліся на вадасховішча праз веску Доўгае.

На беразе разаслалі посцілку, прыселі, пагаманілі. З Доўгага наш шлях рушыў на Скіп’ёўскія могілкі. Мы па палявой сцяжынцы падняліся вышэй возера, абмінулі Папоўскі лес і з горачкі з’ехалі на гравейку, недалёка ад скіп’ёўскага пахавання. Аддаўшы дань памяці памерлым родзічам Алеся Іванавіча, наведалі месца пахавання камісара Чырвонай Арміі, былога настаўніка Янкоўскага М.Г. З могілак рушылі да месца пабудовы Скіп’ёўскай царквы, каля яе засталіся замшэлыя пахавальныя каменні, на якіх нельга прачытаць аніякіх звестак. Пасядзелі, паразмаўлялі пра літаратуру, дзяцінства, мінулае і сучаснае землякоў Кузьмы Чорнага. Пасля адпачынку шлях наш крочыў да месца пахавання ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў Прусах. Успомнілі звесткі з архіўных матэрыялаў, дапаўнялі і ўдакладнялі адзін аднаго пра падзеі, звязаныя са знішчэннем нашых суайчыннікаў. З Вялікіх Прус гравейка нас прывяла ў Малыя Прусы. Мы пад’ехалі к дому Жука, сябра Кузьмы Чорнага.

Як успамінае сам класік у сваім «Дзённіку», ён любіў спыняцца тут, краявіды Скіп’ёўскага лесу натхнялі на напісанне новых твораў. Успомніўшы прачытанае, пачаставаўшыся белым налівам, мы рушылі да бушылаўскай крыніцы. Па дарозе назбіралі чабору і зверабою. Якая ціш ад бурлівага жыцця стаіць пад гэтымі цяністымі дрэвамі, як хораша пяюць птушкі і стракочуць кузнечыкі, якое мілаванне!

І зноў гамонка ў нас пра Кузьму Чорнага. Цытуем на памяць яго ўспаміны: як малы Коля з маці часта хадзіў спяваць у Скіп’ёва ў царкоўны хор, як па дарозе яны адпачывалі ў Бушылаве каля крынічкі. Любоў да гэтага месца ён пранёс праз усё жыццё. “Назаўтра раніцаю глядзеў я праз акно на вуліцу. Скрозь суседні сад відны былі голыя “бушылаўскія” кусты. А ў іх там недзе плыве сабе паціху родная Бушылаўская рэчка. Там “прускія” паплавы завуць у сваё бязмежжа – от так, здаецца, ішоў бы і ішоў па іх, а яны будуць усё новыя і новыя бясконцыя далі паказваць табе…”

Напіўшыся гаючай вады, якую ўзялі нават з сабою, мы крочылі ў Цімкавічы.

Вольга РАДКЕВІЧ,

загадчык Цімкавіцкай сельскай біблітятэкі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *