Дом з гісторыяй Клейнбарта

Актуально Капыльшчына літаратурная Общество

У пачатку XX стагоддзя публіцыст, крытык і журналіст Леў Клейнбарт быў вядомай асобай сярод творчай інтэлігенцыі Пецярбурга.

Уклад гэтага чалавека ў развіццё і беларускай, і рускай культуры складана пераацаніць. Менавіта з яго лёгкай рукі ў 1910 годзе быў выдадзены адзін з першых зборнікаў маладога і тады яшчэ мала вядомага паэта Янкі Купалы: валодаючы ўнікальным літаратурным «нюхам», Клейнбарт першым зразумеў, што гэтаму юнаму паэту ў далейшым наканавана стаць вядомым у нашай літаратуры. І менавіта Леў Клейнбарт разглядзеў талент у юнака Сяргея Ясеніна, і ў 1916 годзе выдаў першы яго зборнік «Радуніца». Ён выдаваў аўтарытэтны ў літаратурных колах часопіс «тэмы жыцця», у яго доме збіраліся прагрэсіўныя людзі таго часу, біяграфіі і творчую спадчыну якіх сёння вывучаюць у школах і ВНУ. А маладыя паэты і пісьменнікі ведалі: калі Клейнбарт напіша пра цябе – «прачнешся знакамітым».

Нарадзіўся Леў Максімавіч у Капылі ў сям’і ўрача. Яго пяру належыць больш за 20 кніг. Адна з іх — «Маладая Беларусь», выдадзеная ў 1928 годзе. Дарэчы, яна знаходзіцца ў фондах Капыльскага раённага краязнаўчага музея.  Савецкі публіцыст Уладзімір Бонч-Бруевіч аб гэтай працы піша: «Кніга Клейнбарта, якая змяшчае нарысы развіцця беларускай літаратуры з 1905 года да нашых дзён, сабрала велізарны матэрыял. Гэта першая кніга, якая дае шырокім колам рускіх пісьменнікаў магчымасць пазнаёміцца з усімі плынямі і этапамі сучаснай беларускай літаратуры».

Леў Клейнбарт быў блізка знаёмы і з Леніным. У адну з іх сустрэч правадыр сусветнага пралетарыяту зацікавіўся роднымі месцамі публіцыста, і Клейнбарт распавёў Ільічу аб Капылі — дзе знаходзіцца і чым жыве яго родны горад. У сваіх успамінах Клейнбарт пісаў: «Наш Капыль быў вядомы не толькі ў мясцовых колах. Пра яго ведаў У.І. Ленін. Убачыўшы на маім стале канверт са штэмпелем «Капыль», Ленін доўга распытваў у мяне аб ім…».

Акрамя гэтага, Клейнбарт даследаваў падпольныя выданні капыльскай арганізацыі «Самаразвіццё і самаадукацыя», разглядаў раннюю творчасць А. Гурло, Ц. Гартнага, пісаў пра творчасць Ф. Чарнышэвіча, Ф. Шантыра і іншых. Пакінуў  цікавыя ўспаміны аб рэвалюцыйных падзеях у родным Капылі. У 20-я гады Леў Клейнбарт кіраваў літаратурнымі студыямі ленінградскага Пралеткульта, займаўся даследчыцкай дзейнасцю. Вывучаў гісторыю пралетарскай культуры, народную публіцыстыку, гісторыю беларускай літаратуры.

Жонкай Льва Клейнбарта была пляменніца вядомага педагога і ўрача П. Ф. Лесгафта — Марыя Францаўна. Дзяцей у іх не было. Памерла яна маладой у 1909 годзе. Больш Леў Максімавіч не жаніўся, жыў у Лясным пад Пецярбургам, дзе ў яго былі дача, сад і любімы сабака. Там пастаянна бывалі маладыя паэты і празаікі, якім вядомы ўжо ў той час пісьменнік Л. М. Клейнбарт дапамагаў зацвердзіць сябе ў творчасці.

Леў Клейнбарт (крайні справа) з сям’ёй

… І зноў вернемся да дома. Доўгі час стары будынак у цэнтры горада не прыцягваў увагі мясцовых краязнаўцаў. Яго лёс быў нічым не характэрны. На сваім шляху дом змяніў шмат «гаспадароў»: і гарадская сядзіба Клейнбартаў, і райвыканкам, і музычная школа, і аддзяленні міліцыі… А ўсё пачалося з прыезду ў Капыль з Масквы Наталлі Мікалаеўны Самохінай ў 80-я гады мінулага стагоддзя. Яна паказала дырэктару раённага краязнаўчага музея дарэвалюцыйную фатаграфію, на якой быў стрыечны дзядуля Марк Клейнбарт, які знаходзіўся ў адпачынку ў Капылі ў 1916 годзе. У той час ішла вайна, а ён быў загадчыкам гаспадаркі ваенна-санітарнага цягніка. Крыху пазней з Масквы ад яе прыйшла бандэроль з фотаздымкамі і кнігамі. Затым была камандзіроўка ў Кіеў, дзе капылян чакала Клара Львоўна Перальман — жонка Марка, брата Льва Максімавіча Клейнбарта. Так паступова дом у Капылі стаў набываць гісторыю.

Так выглядаў будынак ў 1916 годзе (на першым плане — Марк Клейнбарт)

Нядаўна старадаўняя сядзіба была выстаўлена на аўкцыён, і, неўзабаве, атрымала новых гаспадароў. Да Дня беларускага пісьменства ў будынку ідзе капітальны рамонт. Што там размесціцца новыя гаспадары пакуль трымаюць у сакрэце. Аднак супрацоўнікі музея спадзяюцца, што з гэтай нагоды на сядзібе Клейнбартаў з’явіцца мемарыяльная дошка. Гэты будынак ўключаны ў турыстычны маршрут «Капыль. Гісторыя яўрэйскай культуры». Гэта-гісторыя нашага горада. Пазнаёміцца з ёй да нас едуць турысты з Германіі, Швецыі, Ізраіля, ЗША…

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *