Для жительницы Копыльщины Ядвиги Малевич произведения Тишки Гартного — настольная книга жизни

Важное Капыльшчына літаратурная Общество

Разважаючы, я спынілася на думцы, як важна ў клопатах аб надзённым, вяртацца да вытокаў спадчыны, якую пакінулі нам папярэднія пакаленні. Іх розум, жаданні давалі станоўчы вынік.

Чалавек спасцігаў азы грамантасці, навучыўся занатоўваць сваю думку пісьменніцкім і паэтычным радком. Я знарок засяродзіла ўвагу на паэтычных і пісьменніцкіх талентах, скарбы якіх захоўваюцца ў бібліятэках і даступныя нам, чытачам. Мы можам не только чытаць іх, але і падзяліцца сваімі ўражаннямі аб прачытаным.

Як ужо неаднаразова паведамлялася ў газеце “Слава працы”, гэты год сярод важных мерапрыемстваў падарыў нам свята пісьменнасці, якое па календары выпадае на першую нядзелю верасня. Гэта вялікі гонар!

А на пісьменнікаў і паэтаў багата Капыльская зямля. Не толькі гараджане, але і многія вяскоўцы ганарацца сваімі самародкамі.

Я, як чытачка нераўнадушная да творчасці Цішкі Гартнага (Зміцера Хведаровіча Жылуновіча), пісьменніка, паэта, грамадскага і культурнага дзеяча. Мне хочацца выказаць маё меркаванне аб яго творчасці.

Спачатку я хутка перагортвала і слізкім поглядам пераходзіла па старонках кніг і не заўважала, калі ўпівалася і з захапленнем чытала і перачытвала яго раманы, апавяданні. Захапляе ў тэкстах гучанне дыялекту – мясцовай гаворкі. Як прыгожа ўплятаюцца ў радкі граматычныя слоўнікавыя словы і местачковыя, вясковыя, спачатку часам незразумелыя. Яго стыль паказвае блізкасць да мовы простых, у той час большай паловы непісьменных беларусаў. Як матылькі мільгаюць прымаўкі, якія ўпрыгожваюць творы Цішкі Гартнага.

Не засталася я раўнадушнай і да яго паэзіі. Лічу, што ў вершах больш глыбока раскрываецца душа паэта. Бо, як кажуць, у вершы ўсё сцісла і ёміста. Паэт пісаў: “Мой верш – мая душа. І думка шчырая мая”.

Ён не нарадзіўся знакамітым. З беднай беззямельнай сям’і, удзячны бацькам за кавалак хлеба, якім прыходзілася падзяліцца і з сястрой, хлопчык рос у драўлянай хаце ў Капылі. З 12 да 17 гадоў пасвіў кароў у мястэчку. Зімой вучыўся ў “дарэктара”, а пасля ў народным і двухкласным вучылішчы. Цікавіўся творамі Пушкіна, Някрасава, Янкі Купалы…

У вольны час пісаў вершы, з якімі летам 1905 года (юнаку было 18 гадоў) з торбай за плячыма, у якой ляжалі яго паэтычныя скарбы паехаў у Кіеў, дзе ў газеце “Кіевскіе отклікі” меркаваў надрукаваць іх.

Але нічога не атрымалася з задумкай – супрацоўнікам газеты здалося, што ў вершах яшчэ не хапала паэтычнай сілы. Юнак вяртаецца дамоў і працуе ў мястэчку гарбаром. А ў вольны час не пакідае пісаць:

“Цэлы дзень я за брудным сталом,

Цэлы дзень скуру брудную скроб,

Стаючы ўкапаным калом,

Я задухай атрутнаю соп”.

Пасля цяжкай працы ў гарбарні ён шукае жывучую сілу ў еднасці з прыродай – у гайку, ля рэчкі. Нават і ў шэрасці асенняй прыроды ён бачыў жывучасць, якая, адпачыўшы зімой, расквітнее прыгожай кветкавай вясной:

“Мне кажуць: восень – заміранне,

Жуды глыбокай час урачысты…

А я кажу: хто глыбей гляне,

Той жыцця ўгледзіць прамень іскры”.

Першы верш песняра быў надрукаваны ў Вільні ў беларускай газеце “Наша ніва” летам 1909 года. Верш “Бяздольны” быў прысвечаны Янку Купалу, які з’яўляўся настаўнікам, натхніцелем паэтычнай думкі.

“Спісваць” з каго і з чаго, пісаць аб кім і аб чым самародку хапала ўдосталь. Україна, Літва, Латвія, Расія, Германія, куды прыводзілі і прывозілі яго жыццёвыя абставіны. Сваю ж родную старонку ён зведаў уздоўж і папярок. Ён шукаў зорку свайго жыцця, светлую зорку для шчасця свайго народа. Да слёз кранаюць радкі:

“Мілы край. Родны мой!

Жду я, не даждуся,

Таго часу, калі зноў

Я к табе вярнуся”.

Якія злабадзённыя радкі для нас, цяперашніх, у вершы “Капылю”: “Беражы, беражы, Капыль, даўнасць. Волю сваю беражы”. Гэтыя радкі наказ нам, асабліва тым, хто не задумваецца аб цане волі, аб цане спакою – цішыні.

Ён любіў жыццё, аддана служыў на розных пасадах сваёй Айчыне, любіў беларускую мову, марыў, каб у Беларусі быў Беларускі ўніверсітэт, дзе моладзь папаўняла б запас меладычнай, гучнай, чыстай роднай мовы.

Свае пачуцці: радасць, журбу, перажыванні, Зміцер Жылуновіч выказваў у сваіх творах. Бо лягчэй, я пераканана, напісаць радком, чым гаварыць аб чымсьці. Бо не кожны ў той момант зможа зразумець і прыняць сказанае.

Напрыканцы я звяртаюся да вас, паважаныя чытачы, чытайце творы класікаў, паэтаў. Мы павінны ведаць сваіх песняроў. І яшчэ задоўга да Дня пісьменства расказваць пра іх сваім родным, блізкім, турыстам… Далёка не ў кожнага з іх лёс склаўся паспяхова. Я знарок не ўказала аб даце нараджэння і смерці песняра. Аб чым напісала, гэта толькі кропля! А даведацца больш падрабязна вы зможаце, калі звернецеся ў раённую бібліятэку, бібліятэкі вёсак, школ. Кнігі – гэта адлюстраванне жыцця. Па іх мы вучымся, назапашваем вопыту, загартоўваемся.

Ядвіга МАЛЕВІЧ,

В. Дусаеўшчына



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *