На тэрыторыі літаратурнага музея Кузьмы Чорнага быў устаноўлены знак-указальнік мясцін, звязаных з яго жыццём і дзейнасцю

Актуально Капыльшчына літаратурная Общество

Да 120-годдзя класіка беларускай літаратуры, першага раманіста Беларусі Кузьмы Чорнага на тэрыторыі музея быў устаноўлены знак-указальнік мясцін у Цімкавічах і іх ваколіцах, звязаных з яго жыццём і дзейнасцю.

Многія наведвальнікі музея пасля экскурсіі едуць на адну з гэтых мясцін, каб дакрануцца да гісторыі: прайсці па Капыльскай вуліцы, дзе жыў Мікалай Раманоўскі з 1908 па 1923 год, напіцца сцюдзёнай вады з Бушылаўскай крынічкі, дакрануцца да стагадовых дрэў Радзівілаўскага парку, якія бачылі маладога пісьменніка, пакланіцца памяці продкаў класіка на Цімкавіцкіх праваслаўных могілках, адчуць водар хваёвага Скіп’ёўскага лесу, а можа і даехаць да Борак, дзе нарадзіўся Кузьма Чорны.

Капыльская вуліца адна са старэйшых вуліц Цімкавіч, назва якой не мянялася амаль 500 гадоў. Тут жыў дзед Міколы па бацькавай лініі Раманоўскі Фелікс, ткач-сурвэтнік. Гэта месца на Капыльскай вуліцы славілася яшчэ і тым, што нават у самую суш красавалася каля яго сядзібы велізарная лужына. На ёй знаходзілася двухкласнае вучылішча, якое закончыў Мікола ў 1916 годзе. На Капыльскай вуліцы жыла і дзяўчынка Саша Даменя – Міколава першае каханне.

З вялікай радасцю пісьменнік заўсёды вяртаўся ў бацькоўскую хату: і калі вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, і калі жыў і працаваў у Мінску.  Шкада, што зараз гэта хата не захавалася. Яна згарэла ў 1933 годзе, калі вялікі пажар на Капыльскай вуліцы вымеў паўмястэчка. Засталася толькі студня, ваду з якой брала яшчэ сям’я Раманоўскіх.

Сёння многія цімкаўляне наведваюцца на Бушылаўскую крынічку па ваду. Яе не міналі і маленькі Коля са сваёй маці, калі ішлі спяваць у  хоры ў Скіп’ёўскую царкву. У народзе і зараз лічыцца, што гэта вада гоіць вочы.

У Скіп’ёве і Бушылаве дзед Міхал Парыбак-Чорны вучыў маленькага Колю чытаць кнігу, назва якой – «беларуская прырода». Калі прыходзіла вясна, дзед, апрануўшыся ў святочную вопратку, гаварыў: «Гэй, Каралькова армія – стройся! Пойдзем у Бушылава, ці Скіп’ёва вясну сустракаць». У лесе ён садзіўся на траву ў зацішку і расказваў дзецям, як жучок паўзе, як дрэвы гамоняць, як травінка да травінкі хіліцца. Любілі яны яшчэ слухаць спевы лясных птушак. «Слухай, слухай, як вытылінгвае!» – у захапленні гаварыў дзед, услухоўваючыся ў трэлі дразда ці якой-небудзь жаўтабрушкі. Нездарма потым Кузьме Чорнаму ўдавалася апісанне прыроды ў сваіх творах.

Прайшлі гады. Змяніўся Скіп’ёўскі лес, але птушкі спяваюць таксама. На месцы Скіп’ёўскага Пераброддзя, якое апісвае Кузьма Чорны ў сваёй незавершанай аповесці «Скіп’ёўскі лес», зараз знаходзіцца во-зера Доўгае, а дрэвы глядзяцца ў яго ваду.

Як успамінае Мікола Хведаровіч, сябар Кузьмы Чорнага: «У цёплы вясенні дзень мы бралі вуды і, мінаючы цяністы парк, спускаліся з пахілага пагорка ўніз, да люстраванага возера. Там адвязвалі човен і плылі ў зараслі рачулкі Мажы, туды, дзе ў зацішных пратоках вяліся дзябёлыя ліні і краснапёркі». Гаворка ідзе пра Радзівілаўскі парк, які знаходзіцца на ўскрайку Цімкавіч. Зараз цяністыя алеі парку збераглі сваю цішыню і перашэптваюцца пра мінулае.

Родзічы пісьменніка – яго бацькі, сёстры і дачка – пахаваны на Цімкавіцкіх праваслаўных могілках.  Адзіная дачка Кузьмы Чорнага – Рагнеда Мікалаеўна Раманоўская – хоць і не часта бывала ў Цімкавічах, але вельмі любіла родную вёску свайго бацькі. Таму перад смерцю папрасіла пахаваць яе ў Цімкавічах.

Так атрымалася, што ўсе гэтыя  знакамітыя мясціны маюць сваіх арандатараў, якія падтрымліваюць парадак і чысціню на іх. Літаратурны музей Кузьмы Чорнага вельмі ўдзячны дырэктару Капыльскай ЖКГ Дзмітрыю Дарафею, дырэктару ААТ «Капыльскае» Дзмітрыю Палевікову, дырэктару Капыльскага вопытнага лясгаса Сяргею Ульдзіновічу, кіраўніку «ПМК-11» ААТ «Салігорскводбуд» Леаніду Тароцьку, дырэктару філіяла «Аўтамабільны парк № 21» ААТ «Мінаблаўтатранс» Уладзіміру Сахару, старшыні Цімкавіцкага  сельвыканкама Алене Острыкавай  і іх калектывам. Яны разумець, што гэтыя мясціны вельмі важныя і значныя не толькі  для Цімкавіч, але і для ўсёй Беларусі.

Людміла Ніжэвіч,

загадчык філіяла «Літаратурны музей Кузьмы Чорнага» ўстановы «Дзяржаўны музей беларускай літаратуры»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *