Кароткі, але змястоўны век

Актуально Капыльшчына літаратурная Общество

Яшчэ адзін наш зямляк Адам Антонавіч Бабарэка — вядомы беларускі пісьменнік, літаратурны крытык, адзін з лідараў літаратурнага руху 20-х гадоў — родам са Слабада-Кучынкі.

У архіве Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе вучыўся, а пазней і працаваў А.А. Бабарэка, захавалася яго кароткая службовая аўтабіяграфія. Яна пачынаецца так: «Паходжу я з беззямельных сялян вёскі Сл.-Кучынка Капыльскага раёна».

■ Адам Бабарэка

Бацька яго быў чалавек разумны, працавіты і сумленны. Не маючы зямлі, браўся за любую работу, абы пракарміць сям’ю. Апошнія два гады жыцця трымаў маленькую краму, але грошай ніколі не меў, бо раздаваў свой няхітры тавар у пазыку такім самым беднякам, як і сам. Калі памёр, не было за што пахаваць.

Пасля смерці бацькі Адам з маці і малодшым братам засталіся без сродкаў.

Вучыўся Адам добра, і настаўнік мясцовай школы раіў яму працягваць вучобу. Для Адама Бабарэкі была адзіная магчымасць атрымаць сярэднюю адукацыю – паступіць у Мінскую духоўную семінарыю.

I замест таго, каб стаць свяшчэннікам, ён ідзе працаваць настаўнікам у школу. Спачатку Адам  Бабарэка – настаўнік  Сунаёўскай школы, крыху пазней працуе ў роднай Сл.-Кучынцы, а потым у Крыніцкай школе.

Калі ўвосень 1919 года белапалякі акупіравалі Капыльшчыну, А. Бабарэка ра-зам з вясковым актывам ідзе ў падполле. Ездзіў у Мінск на пасяджэнне падпольнай  арганізацыі. Было вырашана арганізаваць паўстанне супраць акупантаў. Аднак вясною 1920 года ў разгар падрыхтоўкі да паўстання ў Слуцкую падпольную арганізацыю прабраўся правакатар і выдаў кіруючую групу. Пачаліся аблавы і масавыя арышты. Адама Бабарэку разам з 12 падпольшчыкамі кінулі ў астрог.

Забраны ў палон, Адам Антонавіч прайшоў праз цяжкія мукі. Пасля ўсяго легіянеры выразалі ў яго на спіне дзве пяціканцовыя зоркі. Выратаваўшыся з палону, падлячыўшыся, ён пайшоў у рэгулярную Чырвоную армію. Пасля працаваў членам рэвалюцыйнага камітэта, загадваў аддзелам народнай асветы.

У далейшым, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, Адам Бабарэка пачаў працаваць выкладчыкам гісторыі беларускай літаратуры ў Рэспубліканскім камуністычным універсітэце імя Леніна і БДУ.

Адначасова Адам Бабарэка быў адным з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а з 1926 года – арганізатарам  беларускага літаратурнага аб’яднання «Узвышша» і галоўным рэдактарам часопіса гэтай жа назвы.

Першыя літаратурныя спробы А. Бабарэкі адносяцца да 1918 года, калі ён, як амаль усе беларускія пісьменнікі і публіцысты, працаваў селькорам. У 1920 годзе яго творы пачалі з’яўляцца на старонках рэспубліканскага друку пад псеўданімамі Якім Каліна, Адам Чырвоны, Адам Гаротны. Яго першыя вершы былі пра новае жыццё і сацыялістычнае будаўніцтва. Яны звярнулі на сябе ўвагу заснавальніка беларускай пралетарскай лірыкі, таксама нашага земляка  Цішкі Гартнага. Апавяданні А. Бабарэкі даносяць атмасферу тагачаснай беларускай вёскі, нагадваюць літаратурна  апрацаваныя ўспаміны з часоў падпольнай барацьбы супраць белапольскай акупацыі. У 1925 годзе выйшла асобная кніжка пісьменніка «Апавяданні».

Усё  часцей у друку пачалі з’яўляцца яго крытычныя артыкулы і даследаванні, якія выявілі веды пісьменніка ў галіне літаратуразнаўства.

Адам Бабарэка быў адным з першых беларускіх крытыкаў, які прыкмеціў арыгінальны, тыпова беларускі сатырычны талент К. Крапівы, высока ацаніў творчасць У. Дубоўкі, П. Труса, прозу К. Чорнага і 3. Бядулі, даў усебаковы аналіз выдатнай коласаўскай паэмы «Сымон-музыка». Яго крытычную праніклівасць высока цаніў Я. Колас. Першым з маладых крытыкаў А. Бабарэка пачаў гаварыць пра неабходнасць вывучэння старажытнай беларускай літаратуры, творчасці Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага.

У 1930 годзе яго незаконна арыштавалі. 10 красавіка 1931 года  асуджаны на пяць гадоў высылкі. У 1937 годзе арыштаваны органамі НКУС і высланы на дзесяць год у лагер, дзе пісьменнік і памірае ў 1939 годзе.

Яго жонка неаднаразова звяртаецца ў пракуратуру СССР з просьбай пераглядзець справу мужа і рэабілітаваць яго пасмяротна. Гэта адбываецца толькі ў 1959 годзе.

Кароткі быў яго век, але не кожны, хто пражыў доўгі, паспеў зрабіць столькі, колькі зрабіў ён.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *