Бывший председатель колхоза «Труд» Александр Малявко на днях отмечает свой 80-летний юбилей

Актуально Общество

Былы старшыня калгаса «Праца» Аляксандр Цімафеевіч МАЛЯЎКА, які днямі святкуе 80-годдзе, бярэ ў рукі баян і па хаце рассыпаюцца гукі «вальсочка» так называе сабраныя ў адзін урыўкі з розных музычных кампазіцый. Пад чароўныя гукі ўспамінаецца былое: бацькі, дзяцінства, працоўнае юнацтва. Але больш за ўсё Аляксандр Цімафеевіч памятае тое дзесяцігоддзе, на працягу якога кіраваў калгасам.

Гучыць «вальсочак», а ў вачах Аляксандра Цімафеевіча, якія нібы зазіраюць у мінулую далячынь, паціху з’яўляецца скупая мужчынская сляза. Побач стаіць надзейная жыццёвая сяброўка – жонка Станіслава Антонаўна, і праз яе сціплую ўсмешку свеціцца гонар за мужа.

А ганарыцца Маляўкам ёсць чым. Яны з гонарам прайшлі праз усе выпрабаванні, якія прыгатавала жыццё. Пра іх і не толькі мы размаўляем ва ўтульнай хаце, дзе адчуваецца і рука моцнага гаспадара, і працавітай гаспадыні. У сямейным архіве акрамя цікавых фотаздымкаў захоўваюцца і нумары раёнкі за розныя гады са змешчанымі публікацыямі пра Аляксандра Цімафеевіча.

– Калі надыходзіла пара ўборкі збожжа, мы заўсёды арганізоўвалі свята, – першае, пра што пачаў расказваць былы старшыня: для яго як для сапраўднага сельгасніка зараз надышоў вельмі значны час. – Паперадзе ішла машына з музыкантамі духавога аркестру, затым ехаў я, старшыня, а следам рухаліся камбайны. На полі ўжо чакалі сталы з рознымі прысмакамі. Па даўнейшай беларускай традыцыі старэйшыя жанчыны зажыналі першыя снапы. З віншавальным словам да ўсіх удзельнікаў жніва звяртаўся першы сакратар райкама партыі, а за ім і я. І толькі тады на палеткі выходзілі першыя камбайны, каб намалаціць поўныя бункеры зерня. Пасля чаго мы весела святкавалі зажынкі. Тэхніка заставалася на палях да раніцы. І ўжо з першымі прамянямі сонца камбайнеры садзіліся за штурвалы, каб сабраць увесь ураджай да апошняга зярняткі.

■ Аляксандр Маляўка: па старонках газеты «Слава працы» як падарожжа ў часе

У Аляксандра Маляўкі заўсёды была моцная дысцыпліна, і нават пасля святкавання тых жа зажынак ён быў упэўнены: кожны працаўнік зойме сваё месца і не падвядзе кіраўніка. Старшыню ў калгасе паважалі, а ён, у сваю чаргу, добра разумеў чалавека з яго жаданнямі і праблемамі. І, калі мог, дапамагаў. Бо добра ведаў, што такое голад і жыццёвыя выпрабаванні…

Ужо з самага першага дня свайго жыцця маленькі Саша паказаў моцны характар і надзвычайную волю да перамогі. Пачнём з таго, што нарадзіўся ён другім з братоў-блізнятак вагой ажно… 800 грамаў, пры тым, што старэйшы Лёнька – цэлых 4200! Адбылася гэта значная падзея 8 жніўня 1941 года ў вёсцы Аножкі. Беларускую зямлю ўжо паліла вогнішча Вялікай Айчыннай. І амаль усю вайну матулі з чатырма дзеткамі прыйшлося пражыць у зямлянцы: хаваліся ад немцаў. Тату па ўзросце на фронт не ўзялі, але ў хуткім часе забралі ў Тулу на завод, дзе выраблялі снарады для знакамітых «Кацюш».

Як выжыў маленькі Саша, можна толькі давацца дзіву. Маці пазней расказвала, што за жыццё ён моцна чапляўся сваімі хударлявымі ручкамі і з’ядаў у разы два болей матчынага малака, чым старэйшы Лёня. Так і прайшлі першыя гады дзяцінства: над галавой – яловыя галінкі замест хатняга даху, пад нагамі – родная зямелька ў якасці падлогі. Можа, менавіта такія ўмовы і паўплывалі на фарміраванне характару Аляксандра Маляўкі, для якога заўсёды было галоўным вытрымаць, дабіцца пастаўленай мэты.

Нягледзячы на цяжкія пасляваенныя ўмовы, Саша скончыў тры класы мясцовай пачатковай школы і пайшоў па веды ў Капыль. Бацька змайстраваў з аўтамабільных шын галошы, маці выткала тканіну, каб абкруціць ножкі, ды так з братам і хадзілі ў Капыль. Вучыўся Саша з ахвотай, бо разумеў, каб чаго дасягнуць у жыцці, трэба старацца. Сам жа асвоіў і баян, які аднекуль прынёс бацька. Зараз, ледзьве стрымліваючы скупыя старэчыя слёзы на вачах, Аляксандр Цімафеевіч успамінае і такі выпадак:

– Вучылася з намі дзяўчынка Уля Гулякевіч. Аднойчы яна прынесла ў школу добрую лусту белага хлеба, намазанага – чым бы вы думалі?! – сметанковым маслам! Пачала яго есці на вуліцы, і тут раздаўся званок. Ад нечаканасці хлеб упаў на зямлю і, як заўсёды ў такіх выпадках, маслам у пясок. Дзяўчынка не стала яго падымаць, а хутчэй пабегла на заняткі. Я стаяў і глядзеў на гэты цуд, а потым падняў і пачаў спрабаваць змятаць зярняткі пяску, але ўбачыў, што псуецца масла. Шкада стала! Ды я так разам з пяском і з’еў. Канешне, на урок спазніўся. Настаўнік падумаў, што я хадзіў курыць, і паставіў мяне ў куток.

Але пасля заканчэння школы трэба было дапамагаць сям’і, таму Аляксандр Маляўка пачаў свой працоўны шлях. Дарэчы, ніякай сялянскай работы не цураўся, бо шмат чаму паспеў навучыцца яшчэ ў дзяцінстве, каб атрымаць свой кавалак хлеба. Таму пасля школы працаваў і прычэпшчыкам на ДТ-54, і памочнікам брыгадзіра ў калгасе «Ленінец», і нават загадчыкам клуба ў Аножках.

Больш сур’ёзная праца пачалася з пасады брыгадзіра па нарыхтоўцы буйной рагатай жывёлы ў саўгасе «Цімкавіцкі», куды ўсе гаспадаркі раёна адпраўлялі сваіх кароў ды бычкоў. Менавіта там яго і заўважыла кіраўніцтва раёна, бо з пастаўленымі задачамі спраўляўся добра.

Набываць адукацыю Аляксандр Маляўка пачаў, калі ўжо трывала стаяў на нагах, а ўзрост перайшоў за адзнаку ў 30 гадоў. Пасля выдатнага заканчэння Смілавіцкага сельгастэхнікума загадам па Міністэрстве сельскай гаспадаркі БССР быў пераведзены ў Гродзенскі сельгасінстытут. Добрым тылам стала маладая жонка Станіслава, з якой пазнаёміўся і ажаніўся ў лічаныя дні.

– Аднойчы стаю, размаўляю са знаёмым, – успамінае Аляксандр Цімафеевіч. – Бачу: ідзе па ваду прыгажуня. Пазнаёміліся. А вечарам я прыйшоў да яе на кватэру і кажу: «Выходзь за мяне замуж!» Яна звазіла мяне да бацькоў на Стаўбцоўшчыну на аглядзіны, ды хутка мы і ажаніліся. І амаль паўстагоддзя разам. Выгадавалі дзвюх дачок, радуюць унукі.

Свой прафесійны шлях Маляўка прадоўжыў на пасадзе намесніка старшыні калгаса «Пралетарый», куды накіравалі пасля заканчэння вышэйшай установы адукацыі.

…Дзень, з якога пачалося старшынства, Аляксандр Маляўка добра памятае і сёння. На календары значылася 23 лістапада 1986 года. Восеньскай непагаддзю тагачасны першы намеснік старшыні райвыканкама Яўген Сівец прывёз Маляўку ў Руднае, каб у мясцовым клубе прадставіць сялянам як старшыню калгаса «Праца».

– Першую нараду я правёў на майстэрнях па калена ў брудзе, – цвёрда гаворыць Аляксандр Маляўка. – Уся тэрыторыя больш нагадвала нейкі катлаван, па якім ледзьве соваліся трактары. Потым паехаў паглядзець на палеткі. А там – стаяць падмерзлыя буракі і шапочуць пад ветрам! Надой ад адной каровы зусім малы, ды і наогул усе паказчыкі былі ніжэй, чым хацелася. З трыццаці гаспадарак раёна «Праца» знаходзілася недзе ў самым нізе.

А 1 студзеня скончыліся ўсе кармы для жывёлы. Аднак Маляўка не разгубіўся і прыняў, як цяпер кажуць, нестандартнае рашэнне: 125 калгасных каровак новы старшыня аддаў… насельніцтву. За год кожны з тых, каму пашанцавала, разлічыўся малаком.

■ Ушанаванне памяці загінуўшых у вёсцы В. Прусы: Аляксандр Маляўка і старшыня парткама Мікалай Кульбіцкі

Дзякуючы асабістым сувязям з кіраўнікамі гаспадарак і прадпрыемстваў з суседніх раёнаў Маляўка пачаў здабываць кармы для жывёлы, што засталася ў калгасе. Так паступова вырашаў праблемы, шукаў розныя шляхі, каб зрабіць моцнай давераную яму гаспадарку. І атрымалася. Праз дзесяць гадоў, калі па розных абставінах Аляксандр Цімафеевіч вымушаны быў пакінуць пасаду, калгасныя лічбы значна перавышалі пачатковыя, а «Праца» трывала трымалася ў дзясятцы лепшых гаспадарак раёна. З Яраслаўля прывезлі  і ўстанавілі бульбасарціровачны пункт, дзе за змену перабіралі да 120 тон карняплода. Сталі зарабляць, у гаспадарцы з’явіліся грошы. Адшукалі і сакрэты павышэння надояў малака.

Шмат чаго было зроблена і па-за калгаснымі справамі. Па Рудным праведзены вадаправод і каналізацыя, пабудаваны чыгуначны прыпынак у Канатопах. Адным словам, «Працу» ён паднімаў сваёй працай і працай калгаснікаў.

Асаблівымі кропкамі дзейнасці старшыні Маляўкі стала ўвекавечванне памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы няўрымслівасці Аляксандра Цімафеевіча быў устаноўлены мемарыяльны комплекс у вёсцы Руднае: пяць гранітных пліт з выбітымі на іх імёнамі загінуўшых землякоў. А ў Вялікіх Прусах і Калодзезным штогод ушаноўвалі памяць пра тое, як немцы спалілі вёскі і мясцовых жыхароў. Сучасны галоўны рэдактар Марыя Шэіна прысутнічала на адным з такіх мерапрыемстваў.

Да Маляўкі неаднойчы прыязджалі старшыні розных калгасаў Мінскай вобласці, каб вучыцца, як трэба рабіць. А вучыцца было чаму: Аляксандр Цімафеевіч рэканструіраваў фермы, палажыў асфальт на тых самых майстэрнях, будаваў па малдаўскай тэхналогіі свінарнікі, пастаянна вывучаў новыя шляхі развіцця сельскай гаспадаркі.

Пасля старшынства працаваў на розных пасадах і ў розных гаспадарках: і ў саўгасе «Цімкавіцкі», і ў Капыльскай сельгастэхніцы, але ўсюды быў на вышыні.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *