Хлеборобы ОАО «Тимирязевский» ведут активную уборку зерновых

Актуально Экономика

Сёлета жніво пачалося крыху пазней, чым летась, але спецыялісты сцвярджаюць, што ўраджай павінен быць лепшым. Узгадайце, колькі было нараканняў на халодную вясну і перажыванняў, але на выгляд збожжавыя і зернебабовыя пераважна радуюць вока. 

Хлебаробы ААТ «Ціміразеўскі» днямі першымі ў раёне ўжо завяршылі ўборку азімага рапсу і актыўна вядуць жніво на збожжавых палетках.

Калі гаварыць пра азімы рапс, то гэтай культуры ў гаспадарцы надаюць вялікае значэнне, бо яна прыносіць першы асноўны заробак з палёў. І неблагі – адна тона па дзяржзаказе ацэньваецца сёння каля 1000 рублёў.

■ Экіпаж камбайна з ААТ «Ціміразеўскі» ў складзе Аляксандра Майсы (справа) і Сяргея Сямашкі

– Плошча пад рапс у нас займае амаль 600 га, – расказвае дырэктар гаспадаркі Сяргей Галко. – У гэтым годзе ўраджай не вельмі парадаваў: мы атрымалі 1670 т масланасення. Аднак і гэта ўжо добрае падспор’е. Такім чынам выканалі дзяржзаказ, заключылі дагаворы на пастаўку шроту, ды і так вырашылі многія фінансавыя пытанні.

Паспелі ўжо і іншыя культуры. Камбайны працуюць на палетках, на якіх вырошчваюцца яравы ячмень (займае 705 га), азімая пшаніца (1604 га). На думку кіраўніка сельгаспрадпрыемства, уборачныя работы неабходна актывізаваць, бо калі пойдуць дажджы, ёсць пагроза зламаць колас.

Таму ў гаспадарцы стараюцца задзейнічаць увесь камбайнавы парк, які складаецца з 12 адзінак. А для адвозкі збажыны звярнуліся да паслуг прыватных транспартных кампаній.

■ Аператары збожжасушыльнага комплексу Андрэй Шчалкун і Алег Будзько правяраюць якасць масланасення рапсу

Пра вынікі жніва пакуль гаварыць рана. На дадзены момант атрымліваюць каля 30 ц/га.

– Увогуле ж мы разлічваем на дастойны ўраджай, каб не падвесці раён напярэдадні абласных «Дажынак», – падкрэслівае Сяргей Галко. – Мы прыкладалі ўсе намаганні, каб хлебная ніва дала шчодры каравай: палеткі своечасова падкормлівалі, апрацоўвалі. Галоўнае, што нашы працаўнікі вераць у поспех, не палохаюцца цяжкасцей.

І ў гэтым мы сапраўды пераканаліся, сустрэўшыся з некаторымі з іх. Напрыклад, Аляксандр Майса і Сяргей Сямашка працуюць разам не першы сезон, і як вынік – экіпаж нязменна становіцца героем жніва. Дарэчы, у мінулыя гады яны першымі ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў намалацілі тысячу тон збожжа, пераадольвалі яны  і двухтысячны рубеж.

Каля 40 гадоў працуе вадзіцелем у гаспадарцы Анатоль Абрамчык, прыкладна столькі ж і яго вернаму сябру «ГАЗіку». Вось і сёлета крыху падладзіўшы аўтамабіль, Анатоль Мікалаевіч ізноў займаецца адвозкай збажыны.

■ На адвозцы збожжа заняты Анатоль Абрамчык

А вось яе дапрацоўкай ужо не першы год займаюцца аператары збожжасушыльнага комплексу Андрэй Шчалкун і Алег Будзько, якія заўсёды адказна адносяцца да даручанай справы.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *