В ОАО «Преснаки» идет активная уборка рапса

Актуально Экономика

Працаўнікам ААТ «Праснакі» трэба абмалаціць азімы рапс на плошчы 387 гектараў. Усяго ў гаспадарцы, як і на ўсім жніве, на яго ўборцы задзейнічана сем камбайнавых экіпажаў.

На адвозцы задзейнічаюць сем аўтамашын. Кузавы іх герметычна абсталяваны, каб па дарозе зерне не гублялася. Уборка рапсу – своеасаблівы экзамен і для тэхнікі, і для людзей перад масавым пачаткам жніва збожжавых культур.

■ Ход уборкі ўраджаю на рапсавым палетку абмяркоўваюць галоўны аграном ААТ «Праснакі» Ана-толь Карачун (справа) і камбайнер Уладзімір Лазоўскі

– Нягледзячы на ўсе складанасці, якія стварала няўстойлівае надвор’е з моманту сяўбы да дня сённяшняга, мы спадзяёмся атрымаць неблагі ўраджай гэтай алейнай культуры, – адзначае галоўны аграном ААТ «Праснакі» Анатоль Карачун. – Для гэтага была добра падрыхтавана глеба, запраўлена комплексам мінеральных угнаенняў. Мы пасеялі рапс у лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Рапс нядрэнна перазімаваў. На першых гектарах ураджай складае звыш 31 цэнтнера з гектара. Думаем, што да завяршэння паказчык крыху ўзрасце. Тэмп узяты нядрэнны – у дзень рапсавы клін у сярэднім змяншаецца на 25-30 гектараў. Уборка адбываецца пры вільготнасці масланасення ад 16% да 18%.

Тэхніку па звёнах у «Праснаках» не размяркоўваюць – увесь парк накіроўваецца на адну ніву і працуе там, што называецца, да перамогі. І такая арганізацыя працы, лічаць тут, значна больш эфектыўная.

Ураджай дастаўляецца на два збожжасушыльныя комплексы, размешчаныя ў в. Праснакі і аг. Камень. Прычым на другім – магутнае сучаснае абсталяванне. Комплекс быў уведзены ў эксплуатацыю некалькі гадоў таму і ўжо паспеў прадэманстраваць сваю высокую прадукцыйнасць у 100 т у суткі.

Ва ўборачнай задзейнічаны толькі самыя надзейныя механізатары, якія ў кампаніі ўдзельнічаюць не першы сезон. Пры гэтым умовы для іх створаны асаблівыя, бо для вынікаў патрэбныя стымулы. І ў «Праснаках» яны маюцца – пачынаючы ад забеспячэння спецвопраткай, харчаваннем, камфортнымі ўмовамі для працы і адпачынку і заканчваючы дзеючай сістэмай мер заахвочвання. Сярод апошніх і натуральная аплата, і матэрыяльныя бонусы, і розныя каштоўныя падарункі. Так што імкнуцца ёсць да чаго.

Звычайна ў ліку перадавікоў сямейны экіпаж Лазоўскіх. Уладзімір Віктаравіч працуе ў «Праснаках» галоўным інжынерам, але ўжо некалькі гадоў на час уборачнай мяняе від дзейнасці і становіцца актыўным удзельнікам жніва. У гэтым сезоне, як і ў папярэднім, вынікаў на хлебнай ніве ён дасягае ў экіпажы з бацькам Віктарам Уладзіміравічам, які падчас водпуску садзіцца за руль камбайна.

■ Вадзіцелі на адвозцы новага ўраджаю Аляксандр Рабко і Аляксандр Дарашэвіч

Сярод тых, хто заўсёды вызначаецца сваімі поспехамі,  і вадзіцель Аляксандр Рабко. У сельгаспрадпрыемства ён уладкаваўся параўнальна нядаўна, але ўжо зарэкамендаваў сябе выключна са станоўчага боку: паказчыкі, якіх яму ўдаецца дасягаць на адвозцы зерня, служаць прыкладам нават для яго значна больш вопытных калег.

А вось для галоўнага агранома Анатоля Карачуна гэта першая ўборачная ў такой ролі. Тры месяцы ён ужо займае гэту пасаду. Хоць праца па спецыяльнасці крыху напружаная і адказная, але гэта добры шанс для прафесійнага росту, які ён паспяхова спасцігае: вучоба ў Мар’інай Горцы, Гродзенскім аграрным універсітэце, праца загадчыкам склада ў «Праснаках», а цяпер даручана ўзначаліць агранамічную службу.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *