Владимир Бурак из Копыля вспоминает об истории своего рода

Важное Общество

Мая бабуля Суклюта нарадзілася ў вёсцы Пятрылава на Капыльшчыне ў далёкім 1886 годзе. Яе бацька, мой прадзед Дубовік Карней Ігнатавіч, нарадзіўся ў 1856 годзе за 100 гадоў да з’яўлення мяне. У вёсцы дзеда звалі Карпей, а бабулю Суклюта Карпеева, майго бацьку Міша Карпееў, мяне Валодзя Мішы Карпеева або Валодзя Карпееў.

▪ Уладзімір Бурак жыве ў Капылі. У свой час займаў адказныя пасады ў фінансавай сферы

Карпеевымі называлі і трох другіх сыноў бабулі – Юзіка (Іосіфа), Валодзю і Петрыка. Напэўна гэта таму, што сваіх сыноў на дарослае жыццё ставіла мая бабуля – Суклюта Карпеева. Яе муж, мой дзед Бурак Рыгор Антонавіч, у дваццацігадовым узросце быў прызваны ў царскую армію і ваяваў у руска-японскай вайне 1904-1905 гадоў. Па расказах майго бацькі дзед Рыгор на той вайне быў паранены ў жывот, апошнія гады часта хварэў з-за гэтага ранення і памёр у 45 гадоў.

Бабуліным сынам было вельмі мала гадоў: Юзіку – 11, майму бацьку Мішу – 8, Валодзю – 4 і Петрыку толькі 2. Дзеці былі дружныя, дапамагалі адзін аднаму, разам з бабуляй працавалі ў сельскай гаспадарцы. Па словах бацькі, сям’я практычна не галадала, таму што амаль увесь час працавалі. Бабуля займалася хатняй гаспадаркай, а старэйшыя сыны пасвілі жывёлу, за што атрымлівалі ў якасці аплаты муку і зерне. Я і зараз памятаю выпечаны бабуляй у печы хлеб, а на Вялікдзень – пірагі, якія ніколі не чарсцвелі. А ў маім доме захаваліся палотны, вытканыя бабуляй.

▪ Юзік (Іосіф) Бурак служыў на граніцы. Загінуў у першыя дні вайны

Крыху паляпшалася жыццё, раслі дзеці. Але ў сям’ю, як і ва ўсю Беларусь, прыйшла новая бяда – Вялікая Айчынная вайна. У першыя дні загінуў старэйшы сын Юзік, які служыў на граніцы. Перад вызваленнем Беларусі лютавалі немцы і паліцаі. Ведаючы, што ў сям’і двое ўжо дарослых сыноў, якіх карнікі ніяк не маглі злавіць, каб прымусіць ваяваць на сябе, бабулю ўзялі ў заложнікі ў Грэскі гарнізон каля Слуцка. Пратрымаўшы тры дні і тры ночы яе адпусцілі дадому.

Пасля вызвалення Беларусі на вайну пайшлі яшчэ двое бабуліных сыноў – мой бацька Міша і дзядзька Валодзя. Абодва былі паранены пад Варшавай у адным баі. За той бой іх узнагародзілі медалямі «За адвагу». Бацьку, як цяжка параненага (раздроблена костка нагі), адправілі на лячэнне ў шпіталь у Самарканд, а малодшы Валодзя пасля лячэння быў зноў на фронце. Незадоўга да канца вайны дзядзька Валодзя загінуў пры ўзяцці Данцынгскага катла. Бабуля атрымала паведамленне пра яго смерць і пісьмо ад камандзіра часці, дзе ён служыў. Гэта пісьмо з падзякай за сына цяпер захоўваецца ў мяне.

▪ Міхаіл Бурак быў паранены пад Варшавай. Лячыўся ў шпіталі ў Самаркандзе

Доўгі час бабуля не атрымлівала звестак і ад майго бацькі, які знаходзіўся ў шпіталі ў Самаркан-дзе. Перажыўшы шматлікія і цяжкія выпрабаванні, бабуля Суклюта на пяць гадоў страціла мову.

▪ Уладзімір Бурак загінуў пры ўзяцці Данцынгскага катла

I толькі калі ў 1950 годзе нарадзіўся мой старэйшы брат Міша, яна зразумела, што яе род працягваецца. Тады бабуля пачала крыху размаўляць. Але да сваіх апошніх дзён жыцця (пражыла 81 год) яна вельмі мала гаварыла, больш слухала, працавала па гаспадарцы, даглядала ўнукаў. Вялікі ёй дзякуй за гэта.

Уладзімір БУРАК,

г. Капыль



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *