На парозе аздараўленчай кампаніі

Общество

Традыцыйна напярэдадні летняй аздараўленчай кампаніі ў раёне праходзіць пашыраная нарада з удзелам усіх зацікаўленых структур. Не было выключэння і сёлета. Падчас нарады на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Алай Раеўскай абмеркаваны надзённыя пытанні і праблемы па падрыхтоўцы і правядзенні летніх канікул.

Кожны выступоўца звяртаў увагу на бяспеку дзяцей, фарміраванне здаровага ладу жыцця, занятасць, прадухіленне правапарушэнняў і г. д.

Увогуле, як паведаміла спецыяліст па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Іна Корзун, у адпаведнасці з рашэннем Мінаблвыканкама №522 ад 22 красавіка 2011 г. зацверджаны план аздараўлення на гэта лета. Згодна з ім, будуць ахоплены 1420 навучэнцаў, у тым ліку ў лагерах з дзённым знаходжаннем – 920, а з кругласутачным – 500, сярод якіх 288 вучняў агульнаадукацыйных школ, 38 дзяцей-сірот, што знаходзяцца на сямейных формах устройства, 2 дзяцей-інвалідаў, 172 дзяцей-сірот рэгіянальных школ-інтэрнатаў, 7 дзяцей-сірот Капыльскага СПЛ.

Выдзелена дзяржаўная датацыя са сродкаў сацыяльнага страхавання, каб кошт пуцёўкі зрабіць больш танным, на адно дзіця: у лагер з дзённым знаходжаннем – 130 тыс. рублёў, у профільны (9 дзён) – 135 тыс. рублёў і з кругласутачным знаходжаннем – 310 тыс. рублёў.

Рашэннем Капыльскага райвыканкама №625 ад 16 мая 2011 г. вызначаны аздараўленчыя базы ўстаноў адукацыі, дзе ў летні перыяд будуць працаваць лагеры.

З 3 па 23 чэрвеня на базе 17 школ будуць дзейнічаць аздараўленчыя лагеры з дзённым знаходжаннем (бацькоўская аплата складзе 36 тыс. рублёў для дзяцей 6 – 10 гадоў, 43 тыс. рублёў – 11 – 13 гадоў, 51 тыс. рублёў – 14 – 18 гадоў). Для залічэння дзяцей у такі лагер бацькам неабходна звярнуцца да кіраўніка ўстановы адукацыі, дзе яны вучацца.

Таксама будзе наладжана аздараўленне ў сямі арандаваных лагерах з кругласутачным знаходжаннем. На базе Бучацінскай СШ у лагеры “Орлік” пройдуць дзве змены (па 50 чалавек) з 12 па 29 чэрвеня і з 3 па 20 ліпеня. На базе Грозаўскай СШ у “Пунсовых ветразях” з 14 чэрвеня па 1 ліпеня адпачнуць 59 дзяцей. Для 75 адораных дзяцей і тых, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку па хранічных захворваннях, з 16 чэрвеня па 3 ліпеня ў гімназіі №1 г. Капыля будзе працаваць лагер “Эрудыт”. Па традыцыі спартыўна-патрыятычны лагер “Алімпіец”, што размесціцца ў СШ №3 г. Капыля, прыме з 9 па 26 ліпеня 75 выхаванцаў. Дзве змены – з 13 па 30 чэрвеня (60 чалавек) і з 1 па 18 ліпеня (56 чалавек) – будуць наладжаны ў Капыльскай дапаможнай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот, якія там выхоўваюцца. У лагеры на базе Грозаўскай школы-інтэрната адпачнуць 55 дзяцей-сірот з 1 па 18 чэрвеня. А з 15 па 23 ліпеня для 40 адпачываючых будзе працаваць профільны аздараўленчы лагер (працягласцю 9 дзён) на базе абласной дзіцячай турыстычнай базы ў п. Ратамка.

Для афармлення і атрымання пуцёвак у лагеры з кругласутачным знаходжаннем бацькам неабходна звяртацца ў камісію па аздараўленні па месцы працы з заявай і неабходным пералікам дакументаў. Бацькоўская аплата ў такі лагер уносіцца ў касу прадпрыемства і адразу ж пералічваецца на разліковы рахунак раённага аддзела адукацыі. Для дзяцей 6 – 10 гадоў памер аплаты складае 70 тыс. рублёў, 11 – 13 гадоў – 75 тыс. рублёў, 14 – 18 гадоў – 80 тыс. рублёў.

Трэба спадзявацца, што толькі пры цесным узаемадзеянні ўсіх зацікаўленых структур летняя аздараўленчая кампанія на Капыльшчыне пройдзе на высокім узроўні.

Падрыхтаваў Сяргея КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *