Уроженец Копыльщины Григорий Гуринович День Победы встретил на берегу Балтийского моря

Актуально Общество

Рыгор  Мікітавіч Гурыновіч прайшоў вайну шафёрам штаба дывізіі на 1-м і 2-м Беларускіх франтах, сустрэў Дзень Перамогі на беразе Балтыйскага мора.

■ Рыгор Гурыновіч

Баявы шлях франтавіка адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», падзякамі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І.В. Сталіна. За добразычлівыя адносіны, за тое, што ў любую хвіліну мог прыйсці на дапамогу, аднавяскоўцы далі яму мянушку «братачка».

Рыгор нарадзіўся ў мнагадзетнай сялянскай сям’і ў 1911 годзе ў вёсцы Слабада-Кучынка. Яго дзяцінства супала з грамадзянскай і савецка-польскай войнамі. Назаўсёды ў памяці засталося забойства легіянерамі Пілсудскага  першага камсамольца вёскі Якіма Салановіча і здзекі над камунарамі. Атрымліваў пачатковую адукацыю. Вучоба пачыналася толькі з першымі замаразкамі і заканчвалася ранняй вясной. У астатні час прыходзілася дапамагаць бацькам па гаспадарцы.  Усё ж скончыў сямігодку. Служыў у Чырвонай Арміі. Адным з першых уступіў у калгас «Зара свабоды», а затым трапіў на курсы вадзіцеляў у Бабруйск — стаў першым шафёрам вёскі, круціў «баранку» знакамітай паўтаратонкі ГАЗ-АА. Удзельнік савецка-фінскай вайны, але пра яе нічога не расказваў, бо гэта была закрытая тэма.

Пачатак вайны слабажане сустрэлі з хваляваннем. Рыгор як ваенна-абавязаны быў мабілізаваны адным з першых 23 чэрвеня 1941 года. Але паваяваць не ўдалося, нямецкая авіяцыя разбамбіла Слуцкі гарнізон. Тыя, хто засталіся ў жывых і не трапілі ў палон, вярнуліся дамоў. Свой аўтамабіль паспеў разабраць па запчастках і схаваць у Старыцкім лесе. У час акупацыі дапамагаў партызанам харчаваннем і адзеннем.

Пасля вызвалення Беларусі — у дзеючай арміі. Баявое хрышчэнне атрымаў на Брэстчыне на 1-м Беларускім фронце. Пасля першага бою да чырвонаармейцаў падышоў ваенны ў званні палкоўніка.

— Ці ёсць сярод вас вадзіцелі? — спытаў.

— Я, — сціпла адказаў чырвонаармеец Гурыновіч і выйшаў са строю.

Аказалася, што калона ваеннай тэхнікі трапіла пад абстрэл нямецкай артылерыі, загінула шмат вадзіцеляў. Такім чынам Рыгор стаў шафёрам пры 1-м аддзяленні штаба 399-й стралковай Новазыбкаўскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава дывізіі 2-га Беларускага фронту. Мабыць гэты выпадак выратаваў салдату жыццё. Пры вызваленні Польшчы загінуць 25 яго аднавяскоўцаў.

За дысцыплінаванасць, адказнасць радавога Гурыновіча адразу ацаніла камандаванне. Аўтамабіль ГАЗ–М1 («Эмка») заўсёды на хаду, без паломак і аварый. Уважліва кіраваў па бездарожжы, палявых і лясных дарогах, заўважаў кожную ямку, кожны каменьчык. У час налётаў нямецкай авіяцыі ўмела манеўраваў і выводзіў сваю машыну з-пад бамбёжкі і кулямётных чэргаў.  Часта яго адпачынак складаўся з гадзіннага сну тут жа, за рулём, у чаканні выехаць у любую хвіліну. Але на яго твары цяжка было выявіць стомленасць.

Неаднойчы рызыкаваў жыццём, дастаўляючы данясенні да лініі фронту, перавозіў штабныя дакументы, вывозіў параненых, калі неабходна — даставаў свой ППШ і ўступаў у бой як радавы баец. Так было неаднаразова ў раёне Ружан (Польшча), дзе ішлі моцныя баі за авалодваннем Нараўскім плацдармам. На перадавой перад боем сустрэўся з братам жонкі Уладзімірам. Салдаты на вайне цанілі кожны пражыты дзень. Абняліся, пагаварылі, успомнілі родных. Праз некалькі гадзін блізкага яму чалавека не стала — асколкам снарада адарвала галаву.

У студзені 1945 года ў час наступлення 48-й арміі 399-я стралковая дывізія перакрыла фашыстам дарогу на горад Эльбінг, якая вяла ва Усходнюю Прусію. Распачаліся жорсткія баі. У раёне населенага пункта Дойтшэндорф, недалёка ад Гданьскага заліва, гітлераўцы, імкнучыся аднавіць сваё становішча, прарвалі абарону на стыку і пачалі акружаць  распалажэнне каманднага пункта дывізіі. Гурыновіч, рызыкуючы жыццём, пад кулямі і разрывамі мін загрузіў у сваю «Эмку» штабныя дакументы, прарваўся пад абстрэлам праз занесенае снегам поле, бо асноўны шлях перарэзалі нямецкія войскі. За мужнасць і адвагу быў прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі.

Быў у яго жыцці сумны выпадак. Атрымаўшы ліст з дому, даведаўся, што яго жонку Аляксандру Адамаўну пакусаў воўк. Лекаў не было, і яна  згасала на вачах трох дзяцей (дзве дачкі і сын) сямі, чатырох і двух гадоў. Начальнік 1-га аддзялення дывізіі падпалкоўнік Старакожаў заўважыў, што яго падначалены падаўлены сваімі думкамі, вочы напоўнены слязьмі.

— Што здарылася, Гурыновіч? Ты заўсёды такі падцягнуты, бадзёры і ў добрым настроі.

Той адразу расказаў пра свой боль.

— Не бядуй, будуць табе лекі, — запэўніў начальнік.

Камандзір слова стрымаў. Праз некалькі дзён на Капыльшчыну была адпраўлена пасылка — слоік з сухой мядзведжай крывёю (з амерыканскай дапамогі), якая выратавала маладую жанчыну.

Вестку аб  Перамозе разам з сябрамі сустрэлі на беразе заліва Фрышэс-Гаф (г. Тыгенхоф) з небывалай радасцю: стральба ішла з усяго, што магчыма, усе крычалі «Ура!», радаваліся, што вайна скончылася і засталіся жывыя. Нямецкія войскі здаваліся да 12 мая.

Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў родную вёску. Першай справай аднавіў сваю паўтаратонку. Шмат зрабіў для ўздыму народнай гаспадаркі. Перавозіў збожжа, бульбу, буракі, сена. На будаўніцтва новай школы дастаўляў бярвенне з Уздзенскага раёна. Вазіў у Мінск па хлеб землякоў на новым ЗІС–5. Увечары людзі збіраліся каля праўлення калгаса, а затым ехалі ў сталіцу рэспублікі, каб да раніцы заняць чаргу, у якую станавіліся шмат разоў.  Духмяныя караваі куплялі для сябе, родных на цэлы месяц. Суседскія дзеці Коршукі чакалі яго да глыбокай ночы, каб паспытаць лустачку хлеба, бо галодныя былі.

Была ў яго магчымасць паехаць у Мінск. Зваў аднапалчанін, які ўзначальваў аўтапарк у адным з міністэрстваў. Так прыкіпеў да родных мясцін, што нічым не прывабіш —радзіма ёсць радзіма.

Яшчэ нарадзілася трое дзяцей (усіх шэсць). Радаваўся іх поспехам. Выхаваў іх сумленнымі і адказнымі за свае ўчынкі. Дзякуючы бацьку ўсе яны знайшлі месца ў жыцці. Сярод іх — эканаміст, работнікі гандлю і лёгкай прамысловасці, інжынер і дацэнт (кандыдат эканамічных навук). 13 унукаў — гэта  яго радасць і шчасце, сярод якіх Юрый назваў свайго сына Рыгорам у гонар знакамітага дзеда. Святой справай стала для іх усіх у Дзень Перамогі сабрацца і наведаць магілу дарагога  ім чалавека.

■ Сям’я франтавіка Р.М. Гурыновіча, 1957 г.

Аднавяскоўцы паважалі яго за прафесійнае майстэрства, за чалавечнасць і справядлівасць — заўсёды казаў праўду ў вочы. Ніколі не адмаўляў ні ў радасці, ні ў горы, прыходзіў на дапамогу і днём і ноччу: вазіў вяселлі, у ваенкамат прызыўнікоў, школьнікаў на спаборніцтвы, у бальніцу хворых дзяцей і цяжарных жанчын.

Да пенсіі працаваў у родным саўгасе «Крыніца». Мірнае жыццё Рыгора Мікітавіча Гурыновіча адзначана медалямі «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна», «Ветэран працы», знакамі «Ударнік пяцігодкі», «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва» і інш. Яго партрэт заўсёды вісеў на Дошцы гонару. Але галоўная яго ўзнагарода — гэта памяць і павага нашчадкаў, для якіх ён захаваў Радзіму.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *