«Слава працы» — источник новостей. Пообщались с жителями Копыльщины и узнали, почему они читают газету

Актуально Общество

Напярэдадні Дня друку мы пагутарылі з чытачамі раённай газеты і высветлілі, як даўно яны чытаюць «Слава працы», чым яна іх прываблівае, што яны ў ёй цэняць больш за ўсё. Не абышлося і без пытання, што б чытачы хацелі змяніць у выданні?

Вольга КАПЦЯЕВА, начальнік штаба Капыльскага РАУС:

– Для мяне раённая газета «Слава працы» – гэта крыніца навін, без якіх немагчыма жыць. Пастаянна выпісваю газету ўжо на працягу 20 гадоў, але чытаць яе пачала яшчэ ў школе. Па родзе службы з газетай даводзіцца сустракацца вельмі часта, таму ў першую чаргу цікавіць крымінальная тэматыка. Звяртаю ўвагу на падзеі горада, раёна, на тое, якія канцэрты, выставы праходзяць, якія цікавыя людзі да нас прыязджаюць. Хацелася б, каб некаторыя старонкі былі больш ілюстраванымі. Думаю, што і ў будучым «Слава працы» будзе жаданым госцем у кожным доме. А яе супрацоўнікам я хачу пажадаць натхнення, творчых ідэй і поспехаў у працы.

Васіль ВАЛНІСТЫ, ветэран педагагічнай працы:

– «Слава працы» выпісваю з той пары, калі пераехаў на Капыльшчыну з Гродзеншчыны – з 1966 года. І не было такога выпадку, каб я калі-небудзь з ёй разлучаўся. Стараюся падпісацца адразу на паўгоддзе. Кожны нумар чытаю вельмі ўважліва, некаторыя матэрыялы нават перачытваю. Калі ўзнікаюць пытанні, тэлефаную ў рэдакцыю. Цікавіць усё: сельская гаспадарка, адукацыя, добраўпарадкаванне, патрыятычная тэматыка, спорт, сад, агарод. Словам, раёнку чытаю ад першай да апошняй старонкі заўжды. У апошні час газета стала больш цікавай, насычанай. Хацелася б, каб у нашай раёнцы часцей з’яўляліся матэрыялы пра знакамітых землякоў. Яны, канешне, сустракаюцца на газетных старонках, але хочацца яшчэ больш такой інфармацыі: як склаўся іх лёс, ці часта бываюць на радзіме і г.д.

Таццяна ПРЫШЧЭПА, галоўны бухгалтар ААТ «Прагрэс 2010»:

– Газету выпісваю з таго часу, калі прыехала ў Пацейкі, а гэта было ў 1989 годзе. Як гэта, жыць у гэтых мясцінах, і не ведаць пра тое, што адбываецца побач?! Як прадстаўніка сельскай гаспадаркі, вядома ж, у першую чаргу цікавіць інфармацыя пра нашу галіну: Дошкі гонару, экспрэс-інфармацыі, зводкі ўпраўлення райсельгасхарчу. З цікавасцю чытаю заметкі пра нашых працаўнікоў. Як маці і жанчына не пакідаю па-за ўвагай кулінарныя парады і справы ў садзе і агародзе. Даведваюся пра тое, калі ў каго дзень нараджэння ці якая-небудзь іншая па-дзея. Мяне радуе, што газета не стаіць на месцы, у ёй з’яўляюцца новыя рубрыкі, калектыў рэдакцыі працуе творча. Хацелася б, каб яна была больш маляўнічай, было больш фотаздымкаў.

Таццяна НАРКЕВІЧ, прадавец кіёска «Белсаюздрук» у Капылі:

– Так сталася, што з газетай «Слава працы» я сустракаюся два разы на тыдзень, кожны раз, калі яе прывозяць на продаж. І гэта ўжо на працягу больш чым 20 гадоў. Таму з яе зместам знаёмлюся абавязкова. Зараз мяне вельмі цікавяць матэрыялы пра тое, як горад рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства і «Дажынак», рэпартажы пра тое, якія знакамітыя людзі да нас прыязджаюць. Люблю пачытаць пра духоўнасць, кулінарныя парады. Звяртаю ўвагу на каляндар. На маю думку, раёнка змяшчае на сваіх старонках цікавыя матэрыялы, у якіх адлюстраваны навіны і галоўныя падзеі з жыцця нашага горада і раёна. Яна карыстаецца вялікім попытам у пакупнікоў. Напрыклад, 65 экзэмпляраў суботняга нумара ў нашым кіёску разыходзяцца без астатку.

Апытваў Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *